ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 17 студзеня 2018 года
«Не забудзем падзякаваць Богу
за ўсё дабро, якое атрымалі»
/ Папа Францішак /

Рэпля

Парафіі і святыні

РэпляДэканат Ваўкавыск
У XVII ст. Рэпля належала вядомаму роду Сцыпіёнаў, пасля – Валовічам, у XVIII ст. яна перайшла да роду Масальскіх, пазней – да Глазераў. Першы касцёл быў заснаваны тут у 1632 г. гродзенскім падкаморыем Сцыпіёнам. Новы драўляны касцёл пад тытулам св. Ганны, маці Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваў у 1730 г. князь Міхал Масальскі, кашталян віленскі і польны гетман ВКЛ. У святыні было тры алтары: галоўны – св. Ганны; левы бакавы – двух’ярусны алтар з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі ў сярэбранай шаце ў цэнтры і з абразом Маці Божай Чанстахоўскай у другім ярусе; правы бакавы – св. Антонія Падуанскага з абразом св. Міхала Арханёла наверсе. Да таго ж, у 1783 г. генерал Ксаверый Масальскі ўзнёс тут яшчэ і капліцу.
    У 1850 г. старажытная свя­тыня была адноўлена: гэта быў прамавугольны ў плане драўляны дзвюхвежавы касцёл, памерамі 29 на 17 локцяў (каля 18,5 на 11 м), унутры якога размяшчалася пяць алтароў.
Напрыканцы ХIХ ст. стала відавочна, што старажытная святыня ўжо не можа змясціць усіх сваіх вернікаў. Архітэктар Плотнікаў у 1900 г. склаў праект дзвюхвежавай неагатычнай святыні з цэглы, але праект не задаволіў парафіян, бо касцёл прызналі замалым (арыгінал першапачатковага праекта і сёння захоўваецца ў парафіяльным архіве). Дойлід перарабіў праект, памеры касцёла былі павялічаны, і ў 1902 г. пачалося будаўніцтва новай велічнай святыні. 15 верасня быў урачыста закладзены і асвечаны вуглавы камень.
    Будаўніцтва святыні вялося дзякуючы ахвярнасці парафіян і намаганням кс. Уладзіслава Лаўрыновіча. У 1908 г. будаўніцтва новага мураванага касцёла завяршылася. Стары касцёл быў арыентаваны алтаром на поўдзень, а новы пабудавалі перад усходнім фасадам старога і арыентавалі алтаром на ўсход. Новы касцёл быў кансэкраваны пад новым тытулам – Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас I Сусветнай вайны касцёл быў пашкоджаны, але ў міжваенны час яго аднавілі.
    Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі – гэта трохнававая дзвюхвежавая базілікападобная святыня, прамавугольная ў плане і безапсідная, з дзвюма сакрыстыямі, якія вырашаны трансептам пры прамавугольным прэзбітэрыі. Тарцы ўсіх фасадаў пазначаны высокімі неагатычнымі шматзубчатымі шчытамі. Галоўны фасад фланкаваны дзвюма чацверыковымі чатырох’яруснымі вежамі-званіцамі пад стромкімі гранёнымі спічакамі. Сцены па перыметры ўзмоцнены ступеньчатымі контрфорсамі, аб’ёмы перакрыты сістэмай двух- і аднасхільных бляшаных дахаў. Інтэр’ер касцёла, падзелены чатырма парамі апор на тры навы і перакрыты сістэмай крыжастых скляпенняў на спічастых падпружных арках, упрыгожваюць тры алтары. Галоўны алтар створаны ў 1990-я гг., у яго цэнтры змешчана велічнае разьбяное Укрыжаванне, злева знаходзіцца абраз св. Фаўстыны, справа – Езуса Міласэрнага. Бакавыя алтары, разьбяныя і неагатычныя, створаны на пачатку ХХ ст.: у левым алтары змешчаны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі з абразом св. Юзафа наверсе, а ў правым – абраз св. Антонія (яго манаграма змешчана ў верхняй частцы алтарнай нішы), наверсе – абраз Езуса, які нясе крыж. Цікавасць выклікаюць таксама разьбяныя неагатычныя амбон і канфесіяналы. Падлога выкладзена керамічнымі пліткамі. Над нартэксам зроблены арганныя хоры, на якіх і цяпер размяшчаецца дзеючы старажытны барокавы арган.
    Касцёльны ўчастак абнесены агароджай з бутавага каменю, галоўны ўваход пазначаны трохпралётнай брамай з вонкавай чырвонай цэглы. У паўднёвую лінію агароджы ўмуравана двухпакаёвая неагатычная костніца з чырвонай цэглы і буту.
    Да рэплеўскай парафіі (заўсёды ўваходзіла ў Ваўкавыскі дэканат, за выключэннем міжваеннага часу, калі знаходзілася ў складзе Луннаўскага) належала капліца ў Цярэшках і мураваная святыня на мясцовых парафіяльных могілках, а таксама філіяльны касцёл у Вярэйках (да 1864 г., з 1921 г. – самастойная парафія). Пры касцёле дзейнічалі парафіяльная школа і шпіталь. У 1939 г. колькасць вернікаў парафіі перавышала 4200.
    Капліца на могілках з’яўлялася пахавальняй роду Гласераў-Залютыньскіх, якія мелі сядзібу ў суседняй в. Духаўляны. У ХIХ ст. была пабудавана неагатычная ратонда з бутавага каменю, круглая ў плане, перакрытая паўсферычным скляпеннем, з крыптай унізе. На пачатку ХХ ст. да алтарнай сцяны капліцы з чырвонай вонкавай цэглы дабудавалі крыты сход у крыпту, бакавыя сцены якога таксама мелі нішы для пахаванняў. Капліца была абнесена бутава-цаглянай агароджай.
    У гады савецкай улады капліца была разрабавана і пакінута ў руінным стане, яе адраджэнне пачалося толькі ў 1990-я гг. Пакуль што праведзены толькі кансервацыйныя працы – над ратондай адноўлены бетонны спічак 1930-х гг., заменены дах, устаўлены вокны.
    Статус помніка архітэктуры святыня атрымала толькі ў 1990-я гады.
    Многія вёскі Ваўкавыскага дэканата маюць крыжы-ахоўнікі ў выглядзе мураванага помніка з крыжам і надпісам “Ад голаду, агню і вайны захавай нас, Езу” (ці падобным да яго). У рэплеўскай парафіі такія крыжы стаяць у в. Дулеўцы і Альхова.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  349

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.