ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Беларусі патрэбна малітва

Слова рэдактара

  Хтосьці слушна можа сказаць, што яна патрэбна кожнаму. Канешне, бо толькі малітва дапамагае чалавеку знайсці сапраўдны вобраз Бога. Але сённяшняя рэчаіснасць, на жаль, накіроўвае чалавека на іншы шлях, на якім ён не заўсёды памятае пра сваю сутнасць. Чалавек малітвы – гэта хтосьці, хто ведае пра Бога і жадае для сябе і сваіх блізкіх дабрыні і любові. Такі чалавек разумее сапраўдны сэнс шчасця і можа ісці правільнай жыццёвай дарогай, нават тады, калі ўсе ідуць у супрацьлеглым накірунку. А ў якім накірунку крочыць сучасная Беларусь?
    Наша краіна, ідучы ў будучыню, павінна перш за ўсё памятаць аб сваіх хрысціянскіх традыцыях. Наша замля заўсёды была напоўнена малітвай, нават тады, калі гэтая малітва была ціхай і ўтоенай, калі людзі маліліся ў замкнутых святынях. Нашыя продкі на каленях прынеслі нам гэты дар малітвы. Сёння мы атрымліваем эстафету веры, эстафету малітоўнага настрою нашых дзядоў і прадзедаў. Ужо таксама дастаткова шмат пазітыўных момантаў, якія датычаць малітоўнай сустрэчы людзей сённяшняй эпохі з Богам. Ёсць і цяжкасці – спакусы, якія адцягваюць маладога чалавека ад Бога. Але з Божай дапамогай іх заўсёды можна пераадолець.
Калісьці ад пэўнай асобы я пачуў, што малітве трэба навучыцца. І гаворка была не пра запамінанне пацёрак, але пра тое, што малады чалавек, так як ён вучыцца матэматыцы ці хіміі ў школе, павінен вучыцца і малітве. Можна з гэтым згадзіцца, але трэба дадаць, што заўсёды, калі мы хочам слухаць Бога і жыць паводле Яго запаведзей, мы знаходзімся ў школе малітвы. Тады, калі чалавек так робіць, ён вучыцца маліцца, размаўляць з Богам.
   Беларусь крочыць у такім накірунку, у якім крочаць людзі, што маюць выбар: жыць паводле запаведзей і памятаць аб хрысціянскіх традыцыях або “ствараць” тое, што не мае сэнсу ў будучыні.
    Важна таксама прыгадаць, што малітва – гэта дар і гонар для чалавека. Менавіта дзякуючы самому Пану мы можам сустрэцца з Ім, а гэтую сустрэчу мы называем малітвай. Езус Хрыстус прапануе чалавеку сустракацца і сябраваць з Сабой, а чалавек толькі прымае Божае запрашэнне. І хоць мы не абавязаны, мы, усё ж, хочам, бо Ён нас любіць, разлічвае на нас, мы не можам Яго падвесці, Ён нас чакае і сам зрабіў нас здольнымі да сустрэчы з Сабой. Хрыстос запрашае сёння і Беларусь, каб яна была хрысціянскай краінай, каб усе жыхары памяталі пра Крыж, назаўсёды ўкапаны ў зямлю азёр і лясоў, у зямлю, дзе жывуць адкрытыя людзі, якія заслугоўваюць шчасця.
    Бягучы год у Касцёле Беларусі абвешчаны Годам малітвы, таму наша краіна можа стаць яе паслом. Найлепшы прыклад заўсёды свой. У Гродне ў новым мікрараёне, дзе я кожную нядзелю малюся з вернікамі – а гэта як старэйшыя, так і малодшыя людзі, дзеці і моладзь – св. Імша адпраўляецца на вуліцы, бо ў нас няма нават капліцы. А там надвор’е такое, якое ўжо ёсць. Аднойчы я кажу вернікам: “Сёння вельмі холадна, моцны вецер і снег, а вы прыходзіце на малітву. Як гэта?”. Адна асоба падышла да мяне пасля Імшы і сказала, што гэта наша супольная малітва, што яна вельмі важная ў жыцці ўсіх, хто сюды прыходзіць. І тады я ў чарговы раз усвядоміў, што ніхто і нішто не можа забраць гэты дар з сэрца чалавека. Наша прыгожая краіна становіцца вялікім Касцёлам малітвы. Хочацца пажадаць кожнаму, каб гэтая эстафета веры і малітвы была перададзена далей, і няхай кожны з нас, са свайго боку, прыкладзе ўсе магчымыя намаганні, каб гэты вялікі заклік – “Божа, заўсёды апекуйся Беларуссю” – заўжды быў на вуснах жыхароў нашай краіны.
    Я вырашыў напісаць на гэтую тэму, памятаючы словы папы Францішка: “Без малітвы мы губляемся ў жыцці”. Без малітвы Беларусь і кожны чалавек можа згубіцца, а ніхто з нас гэтага не хоча. Таму давайце нястомна маліцца, як сказаў Папа, “каб з Ім [Богам] змагацца супраць зла”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.