ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Панядзелак, 20 жніўня 2018 года

Наступны нумар газеты чытайце з 9 верасня

«Каб атрымаць доступ да сэрца Езуса, трэба давяраць Яму»
/ Папа Францішак /

Радасць ва ўсёй дыяцэзіі

З жыцця Касцёла

Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяляе вернікам бласлаўленне

Біскупскае пасвячэнне кс. прэлата Юзафа Станеўскага
1 лютага ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага, прызначанага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Галоўным пасвячаючым быў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, асістуючымі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Біскупскае пасвячэнне адбылося падчас св. Імшы а 12-й гадзіне.
Намінацыя дапаможнага біскупа з’яўляецца важнай падзеяй для ўсяго каталіцкага Касцёла, а непасрэдна для Касцёла Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі, – сказаў, звяртаючыся да ўсіх прысутных, біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Гэта знак таго, што наш Касцёл становіцца больш сталым, што перад ім адкрываюцца новыя гарызонты і новыя заданні”. Гродзенскі ардынарый заклікаў прысутных падтрымаць біскупа намінанта сваімі малітвамі.
Абрад пасвячэння рас­пачаўся пасля прачытання Евангелля, калі прадстаўнік прэзбітэрыя Гродзенскай дыяцэзіі кс. Станіслаў Лабан звярнуўся да пасвячаючага з просьбай удзяліць кс. Юзафу Станеўскаму біскупскае пасвячэнне.
    Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаў­дыа Гуджэроці зачытаў намінацыйную булу Святога Айца Францішка: “Вялебны брат Аляксандр Кашкевіч, які годна кіруе Гродзенскім Касцёлам лацінскага абраду, з прычыны шматлікіх мерапрыемстваў і праектаў пастарскай дзейнасці хацеў мець дапаможнага біскупа, а менавіта памочніка ў ажыццяўленні паслугі навучання, асвячэння і кіравання. Таму Мы, пастаўленыя на катэдры святога Пятра, лічым, што просьба гэтага кіраўніка павінна быць выслухана, – гаворыцца ў буле. – Таксама і ты, дарагі сын, сын і святар узгаданай дыяцэзіі, які так самааддана служыў у справе пакліканняў, дэманструючы неабходны розум, дар сэрца і разуменне становішча спраў мясцовага Касцёла, цалкам адпавядай выкананню гэтай паслугі. Такім чынам, Нашай Найвышэйшай апостальскай уладай Мы прызначаем цябе дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, а таксама абвяшчаем тытулярным біскупам Табаікарскім з усімі біскупскімі паўнамоцтвамі і абавязкамі, а таксама рознымі пашанамі ў адпаведнасці з дзеючым правам”.
    Пасля прачытання дакумента, які пацвярджае прызначэнне, уся сабраная супольнасць адказала: “Дзякуем Пану Богу”.
    У гаміліі Яго Эксцэленцыя ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў, між іншым, пра важнасць гэтай гістарычнай падзеі для горада Гродна, для Гродзенскай дыяцэзіі і для ўсяго каталіцкага Касцёла ў Беларусі. “Новапасвечаны біскуп далучыцца да кола наступнікаў Апосталаў, якія – узмоцненыя Святым Духам і асвечаныя Яго святлом – з’яўляюцца абвеснікамі Добрай Навіны, пастырамі вернага люду, сведкамі Уваскрослага Пана”, – сказаў іерарх.
    Гаворачы пра прызначэнне папам Францішкам для Касцёла на Гродзеншчыне новага біскупа, кс. бп Аляксандр заўважыў: “Святы Айцец, намінуючы біскупа Юзафа, сына Гродзенскай зямлі, прагне даць нашаму мясцоваму Касцёлу добрага пастыра, які ведае сваю аўчарню, яе клопаты і патрэбы, ведае, чым яна жыве, чаго прагне і чакае”.
    Кажучы пра біскупскую паслугу, пастыр сказаў: “Паслуга біскупа ў святле веры – гэта штосьці большае, чым толькі кіраванне. [...] Паслуга біскупа з’яўляецца ўдзелам у пастарскай місіі Езуса Хрыста, адпраўляецца ад Яго імя, яснее Яго бляскам і фарміруецца паводле Яго прыкладу. Таму мы верым, што сам Хрыстос як Добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу”.
    Іерарх звярнуў увагу на асаблівасці абвяшчэння біскупам Евангелля: “Слова, якое ён перадае, ужо не з’яўляецца словам прыватнай асобы, гэта ўжо слова пастыра, які ўзмацняе братоў у веры і вядзе іх за сабой да Хрыста”. Тут жа ён нагадаў аб неабходнасці і важнасці асабістага сведчання любові да Збаўцы. Прыпамінаючы, што дэвізам сваёй пастарскай паслугі біскуп Юзаф абраў загаловак апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, біскуп Аляксандр адзначыў: “Сённяшні свет, настолькі скажоны грахом, роспаччу, бяздушнасцю, эгаізмам і нянавісцю, патрабуе радасці Евангелля, абвяшчаемага з запалам і энтузіязмам, патрабуе паслання аб збаўчай любові Бога, якая ахінае кожнага чалавека, незалежна ад яго слабасцей і падзенняў”. У сваім казанні кс. біскуп прыгадаў таксама словы папы Францішка: “Першай матывацыяй да евангелізацыі з’яўляецца любоў Езуса, якую мы прынялі, адчуванне таго, што Ён нас збавіў, і гэта скланяе нас яшчэ больш Яго любіць. [...] Што ж гэта за любоў, якая не адчувае патрэбы гаварыць пра любімую асобу, паказваць яе, старацца, каб іншыя з ёй пазнаёміліся?” (EG, 264).
    “Сёння Хрыстос даручае Табе цяжкую і адказную задачу абвяшчэння Яго Евангелля і пытаецца ў Цябе, як некалі тройчы спытаў Пятра: «Ці любіш ты Мяне?» (параўн. Ян 21, 15–17), – звярнуўся да біскупа намінанта пастыр дыяцэзіі. – Неаднойчы на розных этапах жыцця Ты даваў Яму адказ: як хрысціянін, як святар, як рэктар нашай духоўнай семінарыі. Тваім адказам была старанная служба, вернае і самаадданае выкананне абавязкаў у духу веры, любові і адказнасці за Касцёл. З сённяшняга дня Ты будзеш служыць нашай дыяцэзіі як яе дапаможны біскуп, як правадыр Божага люду па дарогах веры, як слуга еднасці нашай дыяцэзіяльнай супольнасці”. Затым кс. бп Аляксандр нагадаў пра багатую духоўную, культурную і рэлігійную спадчыну Гродзеншчыны і заклікаў “клапаціцца пра гэтую спадчыну, спрыяць яе захаванню і памнажэнню, каб мець затым магчымасць перадаць яе наступным пакаленням”.
    “Як пастыра, з люду ўзятага і для люду прызна-чанага”, – звярнуўся галоўны пасвячаючы да намінанта, – “Бог паслаў Цябе да нашага люду, які прагне адчуць – дзякуючы Тваёй паслузе – радасць Евангелля і моц сакраментальнай ласкі”.
    Іерарх зачытаў словы папы Францішка з “Evangelii gaudium”: “Біскуп павінен заўсёды спрыяць місійнай камуніі ў сваім дыяцэзіяльным касцёле, імкнучыся да ідэалу першых хрысціянскіх супольнасцей, у якіх вернікаў ажыўлялі адно сэрца і адзін дух [...]. Таму часам ён павінен стаць наперадзе, каб указаць дарогу і падтрымаць надзею людзей, іншым разам павінен стаць сярод усіх са сваёй міласэрнасцю, а ў пэўных абставінах ён павінен ісці за людам, каб дапамагчы тым, хто застаўся ззаду, бо ён – пастыр сваёй аўчарні...” (EG, 31). Напрыканцы свайго слова, пры ўсім мностве заданняў і адказнасці, якія лягуць на плечы новага біскупа, біскуп Ардынарый падказаў яму шукаць суцяшэння ў словах умілаванага Пана да апостала Паўла: “Табе хопіць маёй ласкі” (2 Кар 12, 9).
    Працяг абраду пасвячэння адбыўся пасля гаміліі. Біскуп намінант склаў абяцанне, у якім абавязаўся захоўваць веру і выконваць свой абавязак. Затым прагучала Літанія да Усіх Святых. Падчас спеву біскуп ляжаў ніцма. Гэта выражэнне пакорнасці і поўнага даверу сябе Богу. Галоўны пасвячаючы і іншыя іерархі па чарзе ўсклалі рукі на галаву біскупа намінанта. Гродзенскі ардынарый прамовіў малітву пасвячэння, пасля чаго выбраны ўжо з’яўляецца біскупам. Намашчэнне чала азначае ўдзел біскупа ў святарстве Хрыста. Новаму іерарху былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа – абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія адзнакі: персцень, мітра і пастарал. Персцень – сімвал вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу – Святы Касцёл. Мітра сімвалізуе святасць, якой біскуп павінен адзначацца сярод людзей. Пастарал (ахвяраваны выкладчыкамі, выхавацелямі і алюмнамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне) – сімвал пастарскай улады і адначасова напамін біскупу, што ён не валадар аўчарні, але яе правадыр на шляху да збаўлення.
    Кс. біскуп Аляксандр запрасіў новапасвечанага біскупа Юзафа заняць першае месца сярод іншых канцэлебрантаў. Разам са сваім біскупам ардынарыем і верным людам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф увайшоў у новы этап сваёй службы Богу і людзям.
    Абрад пасвячэння завяр­шыўся пацалункам супакою, які ўдзялілі пасвечанаму ўсе прысутныя біскупы. Пацалунак, які новапасвечаны біскуп атрымлівае ад галоўнага пасвячаючага, а таксама ад усіх астатніх біскупаў, з’яўляецца быццам пячаткай, што зацвярджае яго прыняцце ў Калегію Біскупаў.
    Шмат гасцей прыбыло на ўрачыстасць пасвячэння дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юзафа Станеўскага. Усе біскупы Беларусі, абп Клаўдыа Гуджэроці – Апостальскі нунцый у нашай краіне, бп Гінтарас Сагрушас – біскуп Віленскі, прадстаўнікі гарадскіх і абласных улад, дыпламатычнага корпусу, духавенства, кансэкраваныя асобы, а таксама шмат вернікаў. Ва ўрачыстай св. Імшы ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, а духавенства Беларускай праваслаўнай Царквы, на чале з а. Аляксандрам Хомбакам, перадало віншаванні ад архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Ад імя лютэранскай супольнасці з новымі біскупамі павіншаваў каталіцкі Касцёл у Беларусі пастар Уладзімір Татарнікаў. Біскупа Юзафа павіншавалі таксама прадстаўнікі прэзбітэрыя, манаскіх супольнасцей і вернікаў дыяцэзіі.
    Напрыканцы ўрачыстасці новы біскуп прайшоў па святыні і ўдзяліў прысутным сваё першае біскупскае бласлаўленне.
    1 лютага 2014 года біскуп Юзаф Станеўскі распачаў сваё служэнне ў якасці дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  134

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.