ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Што такое святыя сакраманты і навошта яны нам патрэбны

На шляху да святасці

Слова “сакрамант” паходзіць ад лацінскага “sacra­mentum”. Ён узяты з тэалогіі Рымскага права, дзе “sacramentum” азначала пэўную грашовую суму, складзеную ў святым месцы тымі, хто вядзе спрэчку ў судзе. Хто прайграваў, той аддаваў грошы на патрэбы святыні. Другім значэннем гэтага слова з’яўляецца салдацкая прысяга на вайсковым сцягу. З гэтай нагоды адбывалася цырымонія ў гонар падземных бостваў. Трэцяе значэнне – прысвячэнне сябе ваенным справам, якія спалучаліся з містэрыямі ў гонар бога Бахуса. Айцы Касцёла пад словам “сакрамант” разумелі ўтоеную ісціну, таямніцу і хрысціянскія абрады.
    З IV стагоддзя тэрмін “sacramentum” азначае абрад, устаноўлены Хрыстом, разам з усім тым, што Хрыстос з ім звязаў. У такім значэнні св. Цыпрыян (+258) называе Эўха­рыстыю таямніцай му­кі Пана і нашага збаўлення. Сакраманты з’яўляюцца сапраўднымі лутургічнымі актамі, хаця разам з культавым значэннем у свядомасці вернікаў замацавалася тое, што яны з’яўляюцца бачнымі знакамі ласкі, якую яны азначаюць і выконваюць. Усе сакраманты скіраваны да Эўхарыстыі, з якой мы чэрпаем Божае жыццё больш за ўсё.
Вяршыняй сакраменталь­насці з’яўляюцца сем свя­тых сакрамантаў: хрост, кан­фірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне, намашчэнне хворых, пасвячэнне і сужэнства. У каталіцкай тра­дыцыі і рэлігіі яны ўспрымаюцца як сімвалічны знак перадачы Божай ласкі. Праз прыняцце ці кантакт з сакрамантамі мы маем магчымасць атрымліваць Божыя дары і прымаць поўны ўдзел у духоўным жыцці. У традыцыі каталіцызму ў даўнія часы налічвалася больш сакрамантаў, аднак вядомыя рэлігійныя мысліцелі стараліся ўпарадкаваць праблемы, якія датычацца дадзенага пытання. Лічба сямі сакрамантаў упершыню афіцыйна з’явілася ў 1208 г. у вызнанні веры. Праз некалькі гадоў гэтая лічба была зацверджана на Ліёнскім Саборы.
    Сем сакрамантаў паў­сюд­на дзеляцца на дзве гру­пы: сакраманты, якія паўтараюцца – тыя, якія мы можам прымаць шматразова (святая Камунія, пакаянне, намашчэнне хворых і, пад пэўнымі ўмо­вамі, сужэнства), а таксама сакраманты, якія не паўтараюцца – тыя, якія чалавек перажывае толькі адзін раз у жыцці (хрост, канфірмацыя і пасвячэнне). Сакраманты прымаюцца веруючай асобай у прысутнасці святара.
    Хрост – гэта першы сакрамант, якім чалавечая душа адорваецца звычайна ў хуткім часе пасля нараджэння. Тады бацькі даюць нам імя, а святар, паліваючы галаву асвечанай вадой, сімвалічна ачышчае нас ад першароднага граху. Канфірмацыя звычайна прымаецца ва ўзросце 14 гадоў, яе галоўная мэта – перадача Святога Духа і ўзмацненне ў веры і ў жыцці паводле рэлігійных правіл. Эўхарыстыя, якая інакш называецца святой Камуніяй, – гэта ласка, якой мы можам цешыцца шматразова. Яна заснавана на з’яднанні з Хрыстом праз прыняцце Яго Цела і Крыві ў постаці аплаткі. Гэта таксама напамін апошняй вячэры Езуса з Апосталамі, якую мы ўспамінаем у Вялікі чацвер. Сакрамант пакаяння і паяднання з’яўляецца ўмовай адпушчэння грахоў: вызнаючы свае памылкі перад святаром, а таксама шчыра шкадуючы і абяцаючы выправіцца, мы зноў можам атрымаць Божую ласку. Гэты сакрамант незвычайна важны, таму што ён дазваляе нам вярнуцца ў супольнасць Касцёла. Пасвячэнне заключаецца ў перадачы ўлады ўдзялення сакрамантаў іншым. Святары, дзякуючы пасвячэнню, могуць удзяляць сакраманты вернікам, таму яны нястомна спадарожнічаюць веруючым людзям у іх духоўным жыцці. А сужэнства ў сваю чаргу – гэта паяднанне жанчыны і мужчыны, саюз любові, які сімвалічна азначае сувязь Хрыста з Касцёлам. Мэтай святых сакрамантаў з’яўляецца асвячэнне чалавека, ушанаванне Бога. Значэнне апошняй мэты часта паменшана ў свядомасці прымаючых сакраманты, прычым, часам несвядома. Паглыбленне прыязнасці з Богам у сакрамантах, а таксама напаўненне Яго любоўю жыцця – гэта найлепшы спосаб удзелу ў Божай дабрыні. Мэта сакрамантаў таксама заключаецца ў будаванні Містычнага Цела Хрыста – Касцёла.
    Як вядома, святыя сакраманты адлюстроўваюць жыццё хрыс­ціяніна і з’яўляюцца галоўнай дарогай, якая вядзе да збаў­лення. У чарговых нумарах газеты мы пастараемся падрабязна іх абмеркаваць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.