ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Біскуп Алег Буткевіч прыняў пасвячэнне ў Віцебскай катэдры

З жыцця Касцёла

Кс. бп Алег Буткевіч – ардынарый Віцебскай дыяцэзіі

Біскуп Алег Буткевіч 18 студзеня ў Віцебскай катэдры прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдыа Гуджэроці. Дапаможнымі пасвячаючымі на ўрачыстасці былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На свяце прысутнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і дзяржаўнай улады. З віншавальным пасланнем ад біскупа Віцебскага Дзмітрыя на ўрачыстасць прыбылі прадстаўнікі праваслаўнай Царквы.
Папская була
    Як вядома, само абвяш­чэнне біскупа намі­нанта адбы­лося 29 лістапада ў віцебскай катэдры. Тады гэтае рашэнне папы Францішка абвясціў Апостальскі нунцый Клаўдыа Гуджэроці. 18 студзеня падчас урачыстасці біскупскіх пасвячэнняў была зачытана Папская була – спецыяльны дакумент на лацінскай мове. Пераклад булы на беларускую мову зачытаў ксёндз прэлат Францішак Кісель. Папа ў буле напісаў, што біскуп Алег Буткевіч “хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю [катэдрай Віцебскага Касцёла] кіраваць”. Абрад пасвячэння ў біску-пы надзвычай прыгожы і красамоўны ў сваіх літургічных жэстах і словах. А калі ўявіць сабе, што адбываецца ён раз на дзесяцігоддзі, то становіцца зразумела, чаму, нягледзячы на зімовую сцюжу, так шмат вернікаў сабралася ў катэдральным касцёле Віцебска.

    Ці хочаш?
    Любы сакрамант у Касцёле павінен прымацца свабодна і свядома, тым больш – сакрамант пасвячэнняў. Таму адбыўся дыялог біскупа намінанта Алега Буткевіча з галоўным пасвячаючым арцыбіскупам Клаўдыа Гуджэ­році: “Ці хочаш верна і няспынна абвяшчаць Евангелле Хрыста?” – “Хачу”, – адказваў кандыдат у біскупы. “Ці хочаш будаваць Цела Хрыста, гэта значыць Касцёл, і быць у еднасці з усімі біскупамі пад кіраўніцтвам наступніка св. Пятра Апостала?” – “Хачу!” – гучала ў адказ. “Ці хочаш як добры пастыр шукаць заблуканых авечак, быць міласэрным да ўбогіх, і непарушным захаваць скарб веры?”. На ўсе пастаўленыя пытанні біскуп-намінант Алег Буткевіч цвёрда і моцна адказаў “так”.
   
    Дапамога праз стагоддзі
    Паводле старажытнага звычаю, у самыя адказныя моманты ў жыцці Касцёла вернікі звяртаюцца па дапамогу да нябесных заступнікаў. Гэтая дапамога дзейсная і рэальная, таму што збаў­леныя вернікі ўтвараюць Нябесны Касцёл, які таксама з’яўляецца Містычным Целам Хрыста, а значыць непарыўна звязаны з усімі тымі, хто яшчэ ідзе зямной дарогай да збаўлення. Біскупы, святары і простыя вернікі, спяваючы разам Літанію да Усіх Святых, маліліся за свайго новага біскупа. Сярод шматлікіх пералічаных імён прагучала і імя далёкага папярэдніка біскупа Алега – святога мучаніка арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, які загінуў за веру ў Віцебску ў 1623 годзе.
   
    Ускладанне рук і намашчэнне
    Самы непасрэдны момант, калі кандыдат становіцца біскупам – гэта момант ускладання рук. Гэты жэст паходзіць ад саміх Апосталаў, якія такім чынам у малітве праз дзеянне Святога Духа перадавалі сваю апостальскую ўладу наступнікам. У Віцебскай катэдры жэстам ускладання рук арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, а за ім і астатнія біскупы, перадалі біскупу Алегу апостальскую ўладу. Абрад пасвячэння працягнуўся спецыяльнай малітвай. Адметна тое, што падчас яе над новапасвечаным біскупам дыяканы трымалі разгорнутую кнігу Святога Евангелля. Такім чынам нібы яшчэ раз прыпамінаючы ўсім, што галоўны абавязак біскупа – гэта абвяшчэнне Добрай Навіны пра збаўленне ў Езусе Хрысце.
    У сакраманце прэзбітэрскіх і біскупскіх пасвячэнняў ужы­ваецца святы алей Хрыз­ма. Адрозненне ў тым, што прэзбітарам намашчаюцца толькі рукі. Біскупу намашчаюць лоб, як бы падкрэсліваючы, што гэты выбраны з’яўляецца галавой мясцовага Касцёла. Пасля намашчэння арцыбіскуп Клаў­дыа ўручыў біскупу Алегу кнігу Святога Евангелля, кажучы: “Прымі Евангелле і абвяшчай Божае слова з усёй цярплівасцю і ўменнем”.
   
    Персцень, мітра і пастарал
    Кожны біскуп адрозніваецца знешне ад святароў біскупскімі адзнакамі. Таму біскуп Алег атрымаў ад Нунцыя персцень на безыменны палец правай рукі, які з’яўляецца знакам вернасці біскупа і яго ўлады ў Касцёле. Крыху пазней на знак пашаны і паслухмянасці свайму пастыру ўсе святары Віцебскай дыяцэзіі, схіліўшы калені, пацалавалі персцень біскупа Алега. Мітра – гэта галаўны ўбор, які носяць біскупы падчас св. Імшы, і які павінен нагадваць ім і ўсім вернікам пра бляск святасці, а таксама пра неўвядальны вянок хвалы, які падрыхтаваў Езус Хрыстус кожнаму верніку. Апрача мітры біскуп Алег атрымаў ад Нунцыя пастарал – посах, які сімвалізуе пастарскую ўладу і азначае, што пастыр павінен быць чуйным і сцерагчы свой статак ад драпежнікаў. Пасля ўручэння адзнак біскуп Алег атрымаў ад кожнага прысутнага біскупа пацалунак супакою, як знак еднасці ўсіх біскупаў каталіцкага Касцёла.
   
    Мама і Беларусь
    Такі ж знак супакою біскуп крыху пазней перадаў і сваім бацькам, якія з дзвюма роднымі сёстрамі біскупа Алега прысутнічалі на свяце. На выключную ролю бацькоў у выхаванні будучага біскупа звярнуў увагу і арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці ў гаміліі. Ён сказаў, што мама – гэта як беларуская зямля. Яна дала свайму сыну жыццё, малако, мову і культуру. Ён таксама запэўніў, што біскуп Алег не застанецца адзін. З ім будзе ўвесь Віцебскі Касцёл: святары і вернікі.
   
    Любіце Касцёл!
    Біскуп Алег у заключным слове сказаў прысутным: “Любіце Касцёл! Любіце Касцёл, які нават бывае недасканалы. Яго моц залежыць ад нашай веры. А вера будуецца малітвай, таму маліцеся, браты і сёстры! Маліцеся, каб вера вашых сем’яў, вера дзяцей і моладзі была моцная. Прашу вас за наш Касцёл тут, у Беларусі, тут, у Віцебску”.
    Словы новага біскупа Віцебскага Алега Буткевіча сталі сугучнымі з бласлаўленнем папы Францішка ў намінацыйнай буле. Святы Айцец зазначыў: “Супакой Хрыста няхай будзе заўсёды з табою і з віцебскай дыяцэзіяльнай супольнасцю ў дарагой нам Беларусі”. Калі Беларусь дарагая Папе аргентынцу, які ніколі не быў на Зямлі пад белымі крыламі, то тым больш яна павінна быць дарагой кожнаму, хто на ёй нарадзіўся і жыве. Кожнаму верніку, кожнаму католіку. Перад біскупам Алегам стаіць адказная і няпростая місія – кіраванне дыяцэзіяльнай супольнасцю Віцебскага Кас­цёла. Як ён сам з удзячнасцю зазначыў, шмат ужо зроблена яго папярэднікам біскупам Уладзіславам Блінам. Аднак, будучыня нікому не вядома, яна любіць падкідваць розныя выклікі і сюрпрызы. Так, як адзначыў арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, усім вернікам Віцебшчыны неабходна з’яднацца вакол свайго новага біскупа, каб пад яго апостальскім кіраўніцтвам ісці дарогай збаўлення.
    Біскуп Алег у сваім гербе пажадаў змясціць выяву Маці Божай Браслаўскай. Няхай яна апекуецца ўсёй дыяцэзіяй, новым маладым біскупам і кожным вернікам. Тады кожны зможа атрымаць неўвядальны вянок хвалы ў Валадарстве Нябесным. Няхай так станецца, бо такая воля Бога.
 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.