ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Хто не перажыве Божага Нараджэння ў сэрцы, той ніколі не сустрэне Бога

Слова рэдактара

  Мы перажываем перыяд Божага Нараджэння – час радасці і супакою для кожнага чалавека. У гэтыя дні людзей напаўняе любоў Божага Дзіцяці. Хтосьці мог бы сказаць, што гэта толькі мае мары, жаданні, вось бы так было! Але мне здаецца, што клімат гэтых свят датычыць самога чалавека, бо калі хтосьці не адчуе нараджэння Езуса ў сваім сэрцы, у сям’і, дома, той можа ніколі не сустрэць Бога, які стаў Чалавекам і прыходзіць да людзей, да кожнага з нас.
    Сёння цяжка не сустрэць Бога. Чалавек, які жыве ў граху, таксама можа зрабіць гэта, абуджаючы голас уласнага сумлення, робячы сваё сэрца месцам сустрэчы з Богам. Калі надыходзіць цемра граху, трэба памятаць, што заўсёды ёсць своеасаблівы “духоўны тунэль”, праз які можна прайсці. “Божае Нараджэнне прыгадвае нам пра тое, што мы – люд, які крочыць у цемры, але які ўбачыў вялікае святло”, – гаварыў Папа падчас Пастэркі ў Ватыканскай базіліцы.
    Божае Дзіця, прыходзячы на зямлю глядзіць на нас, на нашае жыццё. Заглядае ў нашыя вочы з зацікаўленасцю, а таксама з надзеяй, што чалавек памятае аб сэнсе свайго жыцця і хоча жыць паводле Божых падказак. У вачах такой асобы назаўсёды застанецца адлюстраванне Бога. Сёння можна смела сцвердзіць, што ўсведамленне быцця такімі, якімі мы з’яўляемся і кім мы з’яўляемся, нараджаецца ў адносінах з нованароджаным Езусам.
А што самае важнае, у сённяшнім свеце – поўным масак сярод людзей – перад Богам мы маем права і павінны быць сабой. Менавіта з Богам мы можам не прытварацца, паказаць свой сапраўдны твар, зняць маску. У сённяшні час для такога ўчынку, як бы дзіўна гэта не гучала, патрэбна адвага.
    Бог ніколі нас не адкіне, Ён прыходзіць у сэрца кожнага чалавека, які прагне Яго прысутнасці. Калі мы маем такія адносіны да Бога, калі мы сапраўды Яго любім, мы можам не баяцца, што нейкая “маска” ўрасце ў наш твар. А калі мы зазіраем у вочы Бога, што прыходзіць на зямлю, мы можам знайсці там сябе, убачыць сваё жыццё, блізкіх нам людзей. Менавіта ў гэтым заключаецца цуд Божага Нараджэння!
    У гэтыя дні кожны з нас прыходзіць у бэтлеемскую стайню, якая з’яўляецца своеасаблівым “духоўным тунэлем” 2014 года. Наперадзе новы каляндарны год. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі абрала трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да юбілею Фацімскіх аб’яўленняў: 2014 год будзе Годам малітвы, 2015 – Годам навяртання, а 2016 – Годам надзеі. Год малітвы, сустрэчы з Богам, становіцца працягам Года веры. Св. Аўгустын казаў: “Lex orandi – lex credendi”, што азначае: “Як чалавек моліцца, так ён і верыць”. Мы неаднаразова пісалі пра веру на старонках нашай газеты, але кожны раз, гледзячы на людзей, нам адкрываецца чарговая праўда прысутнасці Бога ў іх жыцці. Гэтая праўда моцна звязана з жыццём канкрэтных людзей, з іх праблемамі, вопытам, а таксама з надзеяй і радасцю ў чарговы Новы год. Бласлаўлёны Ян Павел II у адным са сваіх дакументаў заахвочвае нас паглыбляць дух малітвы ў асабістым, сямейным, манаскім ці парафіяльным жыцці: “Таму трэба, каб выхаванне да малітвы стала, пэўным чынам, ключавым элементам усіх душпастарскіх праграм (...). Вельмі пажадана, каб не толькі ў манаскіх супольнасцях, але і ў парафіяльных сем’ях больш стараліся ствараць клімат, прасякнуты малітвай. Трэба таксама з належнай разважлівасцю карыстацца народнымі формамі, але перш за ўсё, выхоўваць да ўдзелу ў літургіі”.
    Давайце паспрабуем нанова стварыць у новым 2014 годзе клімат малітвы: у першую чаргу ў нашых дамах і сем’ях, а потым у месцах працы і святынях.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.