ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

На Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод святароў – 14 краін

З жыцця Касцёла

Кс. Артур Малафей падчас II Чэмпіянату Беларусі24–28 лютага 2014 года Беларусь прыме VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў.
У краіне падобная падзея адбудзецца ўпершыню, а сталіцай спаборніцтва абраны горад Ліда. Там збяруцца футбалісты з ліку каталіцкага духавенства з Аўстрыі, Польшчы, Харватыі, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Украіны і іншых краін – усяго 14 каманд. Прапанова зрабіць Беларусь краінай-гаспадаром Чэмпіянату паступіла з аргкамітэта Еўрапескага спартыўнага форума, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звярнуўся з ініцыятывай да Міністэрства спорту, дзе ёй не толькі зацікавіліся, але і падтрымалі.
    Ужо некалькі месяцаў працоўныя групы ад дзяр­жаў­нага ведамства і Каталіцкага Касцёла робяць усё, каб ідэю ўвасобіць у жыццё, паведаміў кансультант аддзела гульнявых відаў спорту Міністэрства спорту і турызму Віталій Дзяйкала. “Адзін з галоўных крытэрыяў, чаму мы і наша кіраўніцтва адгукнулася – гэта прэстыж. Мы пастараемся правесці Чэмпіянат на самым высокім узроўні. Прадстаўніцтва краін, вы самі бачыце, вельмі шырокае, таму вельмі прыемна і цікава, што Беларусь будзе прымаць спаборніцства. Мне, як былому футбалісту, самому цікава будзе паглядзець. Вельмі прыемна, хвалююча, але і адказна”, – сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арганізатар.
Упершыню Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў прайшоў у Аўстрыі ў 2005 г. па ініцыятыве каталіцкага Касцёла, потым святары – аматары гэтага віда спорту – аб’ядналіся ў розных краінах і стварылі аргкамітэт. Чэмпіянат ужо прымалі і Польшча, і Венгрыя. У еўрапейскую футбольную хвалю беларускія святары ўліліся не адразу, але ўжо некалькі гадоў яны абавязковыя ўдзельнікі Чэмпіянату. І калі першы раз беларуская каманда нават у паўфінал не выйшла, то год ад году яна падымалася ў турнірнай табліцы.
    Сёння ў краіне існуе чатыры каманды – у кожнай з дыяцэзій. А на VIII Чэмпіянаце, які пройдзе ў Лідзе, сыграе зборная святароў Беларусі па міні-футболе, адзначыў кс. Павел Салабуда, капітан каманды Гродзенскай дыяцэзіі і арганізатар Чэмпіянату Еўропы з боку каталіцкага Касцёла ў Беларусі. “У камандзе беларускіх святароў сыграюць найлепшыя. Мы запрасілі прафесійнага трэнера, які быў з намі ў Лепелі на Чэмпіянаце Беларусі. Ён паглядзеў, хто як гуляе. У зборнай камандзе будзе большасць святароў з Гродзенскай дыяцэзіі, 2 святары з Віцебскай і 2 святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Падрыхтоўка выглядае так: мы збіраемся раз на тыдзень у Лідзе, у Гродна, каб падрыхтавацца, гуляем, трэнер нам дапамагае”, – прызнаўся святар.
    Для правядзення Чэмпі­янату Еўропы ў Лідзе задзей­нічаюць дзве пляцоўкі – спартыўны комплекс “Алім­пія” і Лядовы палац, лёд якога на час спаборніцтва з дапамогай спецыяльнага пакрыцця ператворыцца ў футбольнае поле. Турнір будзе праходзіць 4 дні, палову з якіх адвядуць на малітву і культурную праграму. Ужо вядома, што госці адправяцца паглядзець гістарычныя гарады – Мір, Нясвіж, Навагрудак.
    Усе тонкасці прыёму святароў-спартсменаў бярэ на сябе Лідскі гарвыканкам. Праблем з пустымі трыбунамі, спадзяюцца арганізатары, не будзе – рэкламныя расцяжкі з’явяцца ў Лідзе і нават Мінску, адкрыў сакрэт спадар Віталій Дзяйкала. “Ужо бачна, як загарэліся вочы ў лідчан, калі яны даведаліся, што ў іх горадзе адбудзецца такая падзея. Рэклама, буклеты – усё гэта таксама будзе ў Лідзе. Думаю, не толькі лідчанам, але і ўсім аматарам спорту будзе цікава прыйсці, пабалець за нашу каманду і паглядзець на мерапрыемства такога ўзроўню. Магчыма, з боку каталіцкага Касцёла яшчэ будуць прапанаваны нейкія дабрачынныя акцыі. Усё гэта мы абмяркуем падчас новай сустрэчы арганізацыйнага камітэту”, – сказаў супрацоўнік Мін­спорту. Пакуль плануецца, што ўваход на матчы будзе свабодны. Змагацца святары будуць за Кубак Чэмпіянату, будуць адзначаны прызёры, а магчыма, і асобныя ўдзельнікі ў нейкіх намінацыях. І хаця спартыўны азарт ніхто не адмяняў, але гуляюць у футбол святары, а значыць, толькі перамагчы – для іх не галоўнае, падкрэсліў Віталій Дзяйкала. “Гэта цудоўная магчымасць новых знаёмстваў, радуе, што спорт для іх з’яўляецца злучным звяном для зносін. Усіх запрашаем!”, – сказаў ён.
    Увогуле, узровень замежных каманд, якія ўдзель­ніча­юць у Чэмпіянатах Еўропы па міні-футболе сярод святароў, вельмі высокі. У беларусаў ёсць яшчэ час, каб падрыхтавацца да спаборніцтва і годна выступіць. Але годны і цёплы прыём усім гасцям, якія прыбудуць у Беларусь у лютым – абавязковы. Арганізатары турніру абяцаюць – гэта будзе прыгожая гульня!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.