ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Як падрыхтавацца да сустрэчы Хрыста?

Задай пытанне

Менш чым праз месяц, 25 снежня, вялікая колькасць хрысціян будзе адзначаць узнёслае свята Божага Нараджэння. Як вядома, у Рымска-каталіцкім Касцёле гэтай урачыстасці папярэднічае перыяд, які называецца Адвэнтам. Звернем увагу на гэты час падрыхтоўкі да сустрэчы Хрыста. Падобна да іншых літургічных перыядаў, Адвэнт у сучаснай форме сфарміраваўся паступова. Калі ў другой палове IV ст. была ўстаноўлена адзіная дата адзначэння нараджэння Хрыста, пачынае акрэслівацца перыяд падрыхтоўкі да гэтага свята. У тым, як мы цяпер перажываем гэты час, можна заўважыць спалучэнне дзвюх традыцый: гальскай і рымскай. У старажытнай Галіі Адвэнт меў аскетычны і пакаянны характар. У V ст. на гэтых землях у дні ад 11 лістапада да 25 снежня пасцілі ў панядзелак, сераду і пятніцу. У Рыме ж у другой палове VI ст. Адвэнт быў часам радаснай падрыхтоўкі да свята Хрыстовага Нараджэння без захавання пакаянных практык.
У нашыя дні Адвэнт не з’яў­ляецца постам перад святам Божага Нараджэння, як лічаць некаторыя. Пад часам посту ў “народным” значэнні прынята разумець тое, што ў Рымска-каталіцкім Касцёле называюць пакаяльнымі днямі або перыядамі. Такімі днямі і перыядамі сумеснага пакаяння з’яўляюцца ўсе пятніцы года і Вялікі пост, але не Адвэнт. У Адвэнце ў літургіі прысутнічаюць некаторыя рысы стрыманасці, якія паходзяць з гальскай традыцыі. Фіялетавы колер вопраткі духавенства, адсутнасць у літургіі гімна “Хвала на вышынях...” і іншыя моманты натхняюць нас да рэфлексіі і пакаяння. Пры гэтым, пад уплывам даўнейшых прадпісанняў, візантыйскага абраду і ўласнай пабожнасці, у Беларусі захавалася традыцыя накладаць на сябе абмежаванні ў гэтыя дні. Вернікі робяць пастановы, якія могуць мець характар добраахвотна выбранага абмежавання ў нейкай сферы. Гэтак жа, як і на працягу ўсяго года, абавязковым з’яўляецца ўстрыманне ад мяса ў пятніцу для тых, хто дасягнуў чатырнаццацігадовага ўзросту, калі на пятніцу не прыпадае касцёльная ўрачыстасць.
    У пачатку IX ст. перажыванне Адвэнту становіцца не толькі часам падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння, узнікае іншая тэматыка такіх дзён – гэты час становіцца асаблівым чаканнем паўторнага прыйсця Хрыста. Такім чынам, гэты перыяд у сучаснасці дзеліцца на дзве часткі: у дні ад пачатку Адвэнту да 16 снежня мы скіроўваем свае думкі на чаканне другога прыйсця Збаўцы ў канцы часоў, а з 17 да 24 снежня адбываецца непасрэдная падрыхтоўка да ўспаміну першага прыходу Хрыста на зямлю, што святкуецца 25 снежня. Еднасць дзвюх частак Адвэнту праяўляецца, між іншым, чытаннем у літургіі ўрыўкаў з кнігі прарока Ісаі, у якіх прадстаўлена туга па чаканым Збаўцы. У дні першай часткі Адвэнту адбываюцца рараты – святая Імша, у якой вернікі ўдзельнічаюць з запаленымі свечкамі, збіраючыся пераважна раніцай і аддаючы пашану Панне Марыі – нібы ранішняй зорцы на шляху да Хрыста.
    Вернікі ў Адвэнце не толькі бяруць пастановы – пазбягаць таго, што ў іх жыцці не служыць любові, і пашыраць тое, што яе ўмацоўвае, – але і прыступаюць да споведзі ў гэтыя дні, звычайна ў час рэкалекцый. Рэкалекцыямі называюць дні духоўнай падрыхтоўкі і разважання, калі абвяшчаюцца адпаведныя казанні і канферэнцыі і прымаецца ўдзел у супольных малітвах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.