ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

МЫ ў Годзе веры

На шляху да святасці

Год веры быў часам энтузіязму і дынамікі, які многіх католікаў нанова прывёў да жыцця з Богам24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету, якая з’яўляецца ўкаранаваннем літургічнага года, па ўсім свеце былі адпраўлены св. Імшы на заканчэнне Года веры, абвешчанага Бенедыктам XVI у кастрычніку 2012 года.
Год веры быў дадзены кожнаму з нас, каб мы вызнавалі сваю веру, памнажаючы яе вартасць і прыкладаючы ўсе намаганні, каб ператварыць нашыя сэрцы ў “сапраўдны санктуарый чалавека”. Як людзі веруючыя і памятаючыя словы Езуса, які ў прыпавесці пра таленты перасцерагае нас, каб мы не закопвалі іх, мы хацелі прыняць і выкарыстаць гэты асаблівы час, перажыць яго літургічна і духоўна. Аднак многіх з нас чакалі выклікі штодзённага жыцця: трэба было глыбей паглядзець на сябе, штосьці змяніць, каб паглыбіць сваю веру і ўзмацніць сувязі з Богам.
    Аб Годзе веры як цудоўным Божым дары расказваюць вернікі Гродзенскай дыяцэзіі.

    Ала Буйко, 45 гадоў
    Я старалася даваць сведчанне веры перш за ўсё сваімі ўчынкамі, каб мае блізкія і знаёмыя зразумелі, што Бог любіць усіх нас і знаходзіцца побач з намі. І зусім не мае значэння тое, што мы Яго не бачым, бо мы адчуваем Яго міласэрнасць і падтрымку праз тое, што некаторыя справы нам удаецца вырашыць, што мы і нашыя дзеці здаровыя. Чым больш мы адкрываем свае сэрцы на Бога, з тым большым жаданнем Ён спяшаецца нам на дапамогу. Я ўпэўнена, што проста трэба шчыра хацець Яго сустрэць, і Ён адкажа.
    У сённяшнім свеце шмат скептыкаў, якія лічаць, што Бог – гэта толькі твор людской слабасці, што Ён выдуманы, таму гэты Год веры для ўсіх нас, веруючых людзей, быў добрай нагодай для таго, каб паказаць няверуючым ці тым, хто вагаецца, што Бог існуе. Неаднаразова падчас св. Імшы мы маліліся за тое, каб Бог павялічыў нашу веру, каб кожны, хто шукае Хрыста, знайшоў Яго, паверыў у Яго і ўжо ніколі не пакідаў.
   
    Анастасія Яраш, 27 гадоў
    Я добра памятаю той дзень, калі быў абвешчаны Год веры. Тады падчас св. Імшы мне ў сэрца запалі словы нашага пробашча, які сказаў, што гэты год павінен быць для кожнага часам, каб узмацніць і паглыбіць сваю веру. Вяртаючыся з касцёла дамоў, я абдумала гэта і прыйшла да высновы, што раней я не клапацілася пра сваю веру кожны дзень, хутчэй, “ад свята да свята”, таму я пастанавіла, што пастараюся перажыць гэты год такім чынам, каб Езус быў мною задаволены. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што за гэты год маё жыццё вельмі змянілася. Я навучылася адкрываць сваё сэрца на Бога і людзей, якія мяне акружаюць, я стараюся быць больш адчувальнай да свету і дзяліцца са ўсімі сваёй радасцю, шчасцем, усмешкай на твары. Жыццё з Богам выглядае зусім інакш, у кожную хвіліну дня і ночы я магу даверыцца Яму і поўнасцю аддаць сябе ў Яго рукі.
   
    Яніна Пінюта, 63 гады
    Я пенсіянерка, таму ў мяне шмат вольнага часу, які я прысвячаю Богу, амаль штодзённа я хаджу ў касцёл, дома стараюся маліцца Ружанцам. Я магу пахваліцца, што год веры быў плённым для ўсёй маёй сям’і. Мая дачка выйшла замуж, і я шчаслівая, што маладыя ўзялі шлюб у касцёле, хоць некаторыя знаёмыя казалі, што дастаткова толькі грамадзянскага. Мне вельмі спадабаўся адказ майго зяця, які сказаў, што яны як сям’я хочуць, каб Бог быў з імі заўсёды: на вяселлі, падчас адпачынку, калі яны робяць пакупкі, пры нараджэнні дзяцей, а нават падчас спрэчак. Я лічу, што гэта былі вельмі мудрыя словы, а самым мудрым было рашэнне аб прыняцці сакраманту сужэнства.
    Асабіста я толькі некалькі гадоў назад сапраўды зразумела, якім вялікім з’яўляецца дар веры. Часам сваім жыццём і паводзінамі мы абсалютна яго не заслугоўваем, а Бог дае нам яго бясплатна. У маім жыцці было па-рознаму, я не заўсёды была пабожнай асобай: мы з мужам узялі шлюб у касцёле толькі праз 15 гадоў супольнага жыцця, ахрысцілі дачку, і з таго часу Хрыстос ужо пастаянна жыве ў нашым доме. Я спадзяюся, што Ён прабачыў нам нашыя слабасці, аб гэтым мы з мужам прасілі Яго ў гэты Год веры, а таксама дзякавалі за тое, што Хрыстос разам з намі, што дапамагае ва ўсіх справах, дае нам здароўе.
   
    Яўген Саўко, 19 гадоў
    Мае бацькі з дзяцінства стараліся выхоўваць мяне ў веры, мы хадзілі разам у касцёл, маліліся дома. Але аказалася, што мая вера не была такой моцнай, як мне здавалася. У мінулым годзе я паступіў ва ўніверсітэт і тады з жалем адчуў, што мае адносіны з Богам залежаць ад таго, што мяне сустракае ў жыцці. Мае новыя знаёмыя з універсітэта часам смяяліся з мяне, што замест таго, каб пайсці ў кафэ ці ў кіно, я ў нядзелю хадзіў на св. Імшу. Фактычна я пачаў нават трохі саромецца, усё часцей прапускаў набажэнствы, а калі нават хадзіў у касцёл, то хлусіў знаёмым, прыдумваў, што іду ў іншае месца па сваіх справах. Гэта працягвалася некалькі месяцаў... Калі я прыязджаў дадому, мне было сорамна перад бацькамі, я нічога ім не казаў, а вяртаючыся ў горад, зноў пачынаў усё нанава.
    Аднойчы я сустрэў у горадзе сваю знаёмую са школы, з якой некалі разам прыступаў да I св. Камуніі, мы доўга размаўлялі, і тады я расказаў ёй усё, што мучыла мяне ў апошні час. Яна дала мне вельмі добрую параду, сказаўшы: “Ведаеш, часам наша вера падвяргаецца выпрабаванням, проста сумленна працуй над сабой, старанна маліся, і Бог падасць табе сваю руку дапамогі, а я, у сваю чаргу, таксама буду старацца чымсьці табе дапамагчы”. Гэтыя словы падбадзёрылі мяне, я паспавядаўся і зрабіў пастанову – паспрабаваць жыць інакш. У нядзелю я прыйшоў у касцёл і пачуў, што пачынаецца Год веры. Гэта стала для мяне асаблівым знакам, што я іду ў добрым напрамку. Я пачаў сябраваць з іншымі хлопцамі з універсітэта, якія ніяк не каментавалі таго, што я веруючы, што хаджу ў касцёл, бо яны самі некалькі разоў на год прыходзілі ў святыню, каталіцкую ці праваслаўную. Я заўважыў, што ў мяне палепшыўся настрой, я быў задаволены сабой. Таму я лічу Год веры той кропкай адліку, калі я ўсвядоміў сабе, што без веры мой унутраны свет марнее.
   
    Марына Н., 38 гадоў
    Якім для мяне быў Год веры? Парадаксальна, але гэта быў час, калі я навучылася прабачаць.
    Два гады таму я рассталася з мужам, які пакінуў мяне з-за іншай жанчыны. Я вельмі балюча перажывала гэта, бо засталася адна з дзіцём, і ніяк не магла прабачыць здраду. За два гэтыя гады ўва мне назбіралася шмат нянавісці і злосці.
    Я стала жыць у сваёй мамы, а яна, бачачы, як я мучаюся, наколькі я зломлена, сказала, што трэба шукаць выратавання ў касцёле, што Хрыстос мяне ўратуе. Я пачала часцей хадзіць на св. Імшу, а аднойчы знайшла ў інтэрнэце тэкст малітвы прабачэння. Я малілася ёю на працягу 30-ці дзён і Бог пачуў мяне. Я сама не здольна была прабачыць, а Езус дапамог мне. Я поўнасцю вызвалілася ад негатыўных эмоцый, а потым пачула патрэбу малітвы за тых, хто мяне пакрыўдзіў. Цяпер, молячыся за чалавека, які мяне пакрыўдзіў, я дакладна ведаю, што прабачыла.
    Дык якім для мяне быў Год веры? Адным з найважнейшых у маім жыцці, бо я зразумела мастацтва прабачэння і ўзмацніла сваю сувязь з Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.