ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Адвэнт як час чування

На шляху да святасці

Адвэнт – гэта чаканне. Адвэнт – гэта прыход. Чарговы раз мы ўваходзім у гэты асаблівы час. Каго мы чакаем? Хто павінен прыйсці? Гэта Бог нанова хоча ўвайсці ў нашае жыццё. Для таго, каб пераканаць нас, што Ён жыве і дзейнічае. Для таго, каб абвясціць нам сваю хвалу. Для таго, каб аб’явіць сваю моц...
“Чалавека мы пазнаём па яго чаканні: нашу маральную і духоўную «вялікасць» можна мераць тым, чаго мы чакаем, на што спадзяёмся”
-- Бенедыкт XVI
На рынку старога ня­мец­кага горада Трыр побач стаяць дзве касцёльныя вежы. Ніжэй званіцы на кожнай з іх віднеецца лацінскі надпіс. Першы гучыць: “Чувайце і маліцеся”, а другі заканчвае цытату: “Бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”. Званы, якія адбіваюць гадзіны, што нястомна праходзяць, нагадваюць нам пра мінучасць жыцця і неабходнасць чування.
    Дарагія Чытачы “Слова Жыцця”! ЧУВАННЕ – гэта адна з галоўных тэм перыяду Адвэнту. Прарок Ісая заклікае: “Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!”. Апостал Пётр у сваім Пасланні піша, што Дзень Пана прыйдзе, як злодзей, таму трэба заўсёды быць гатовым да Яго прыходу. А Касцёл звяртае нашу ўвагу на постаць Яна Хрысціцеля – таго, хто павінен падрыхтаваць дарогу Пану. Чуванне. Што ж гэта такое?
Сёння гэтае слова асацы­іруецца з уключэннем сучаснай праграмы, напрыклад, у мабільным тэлефоне, які на час невыкарыстання гасіць экран, не звоніць, не выконвае ніякага працэсу, а толькі чакае ўказанняў карыстальніка. Чуванне камп’ютара заключаецца ў тым, што ён працуе на запаволеных абаротах, але ў ім настроена праграма, якая ў кожную хвіліну вяртае сістэму да поўнай гатоўнасці. Пральную машыну новага пакалення, якая мае функцыю “чуванне”, можна запраграмаваць так, каб яна пачала праць, напр. а 5-й раніцы. Рэжым машын можна прагназаваць, запланаваць і настроіць на пажаданы эфект. Чалавек жа не з’яўляецца машынай і чувае па-рознаму, нават калі робіць гэта вельмі свядома. Ці мы самі можам запраграмаваць сябе духоўна на чуванне самай лепшай якасці? Як гэта зрабіць? Найважнейшае пытанне – навошта нам, людзям, чуванне, асабліва тое, пра якое гавораць біблійныя чытанні падчас Адвэнту?
    Нядаўна я прачытаў разважанні, у якіх аўтар пералічвае чатыры тыпы чування.
    Першае з іх – нервовае чуванне. Яно заключаецца ў тым, што, калі мы чакаем госця ці нейкую важную падзею, мы адразу пачынаем нарвавацца. Мы непакоімся з-за таго, што нас спаткае, так моцна, што не можам ні на чым засяродзіцца. А таму чуваем нервова, у напружанні і стрэсе чакаючы таго, што павінна непазбежна надысці. Нервовае чуванне сустракаецца ў многіх хрысціян. Яны нібы ўключаны ў літургічны час у Касцёле праз практыку сваёй веры, ведаюць, калі будуць Святы, калі Адвэнт і што гэта такое, але ў рэзультаце не могуць засяродзіцца на сваім духоўным жыцці, а толькі нервова мітусяцца паміж шопінгам, беганнем на рараты, на працу, у школу, на рэкалекцыі, па падарункі і да т.п.
    Другі тып чування – гэта абыякавае чуванне. Гэта стаўленне тыпу: неяк будзе, усё вырашыцца ў адпаведную хвіліну, няма ніякай спешкі, усё зробіцца ў свой час. Такое чуванне прыводзіць у выніку да ігнаравання значэння ўрачыстасці ў нашых сем’ях. Духоўна такое чуванне не ўносіць у нашае жыццё нічога, акрамя паглыблення пасіўнасці і апатыі. Яно безумоўна не дапаможа нам адкрыць вартасці чакання Бога. Абыякавасць як плён духу – такое гэта чуванне.
    Трэці тып чування – рацы­янальнае чуванне. Яно заключаецца ў тым, што ў нас усё запланавана і падрыхтавана, але толькі ў галаве. Мы не бярэмся за працу, за дзеянні. Ды, акрамя таго, нічога не змяняецца. Мы далей сядзім у нашай штодзённай паставе “нічога не раблення” з нашай духоўнасцю або “такой сабе дзейнасці” ў межах фармацыі, адно толькі, што напагатове. Што б ні здарылася – мы падрыхтаваныя. Нам не страшныя выклікі. Сапраўднага чування тут няма ні на грош. Такая рацыянальнасць нашага мыслення дае часам падманлівае пачуццё ўлады над самім сабою. Нашыя слабасці знаходзяцца пад кантролем, няма чаго над імі працаваць. Нашыя адмоўныя якасці не з’яўляюцца пагрозай для нашых дзеянняў. Той, хто прыйдзе да нас, не будзе нават ведаць, што ўсё, што мы дэманструем, мы робім толькі для таго, каб паказаць, як цудоўна мы падрыхтаваны да Свят. Важны эфект, а не тое, ці на самой справе і па-сапраўднаму мы чакалі самага важнага. Мы ладзім Дзень нараджэння Юбіляру, якога забываемся запрасіць на ўрачыстасць. Рацыянальнае чуванне вядзе нас да таго, што мы забываемся пра Бога, а часам таксама і пра іншага чалавека.
    І ўрэшце спакойнае чуванне. Мы ўсё адпаведна плануем загадзя, салідна рыхтуем, а пачынаем з духоўнай падрыхтоўкі. Калі мы засяродзімся на тым, што ў гэтых Святах самае важнае, кожная вігілія і ўсе ўрачыстасці адбудуцца спакойна. Калі прыйдзе час, мы спакойна чакаем не толькі сваю сям’ю і ўрачыстасць, але таксама галоўнага госця – Бога. У нас ёсць яшчэ 5-10 хвілін на тое, каб прысесці, суцішыцца. Не бегаць паміж адным заданнем, якое яшчэ трэба зрабіць, і другім, яшчэ гэта, яшчэ тое. Нашыя думкі не пранізвае неспакой, што “я нечага яшчэ не зрабіў”. Мы ведаем, што ўжо ўсё гатова для доўгачаканай хвіліны. Мы спакойныя і падрыхтаваныя.
    Менавіта такога чування я жадаю ўсім Вам!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.