ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Чым з’яўляецца апантанасць і экзарцызм? (2)

На шляху да святасці

Езус выганяе злых духаў (Мц 8, 28-34)Што азначае паняцце “экзарцызм”?
    Тэрмін “экзарцызм” (грэч. exorxismos – “клятва”) азначае літургічны абрад, прызначаны для вызвалення чалавека або рэчы з-пад уплыву шатана пры дапамозе сілы, якую Хрыстос перадаў Касцёлу. Экзарцызм змяшчае ў сабе просьбу да Бога аб вызваленні ад дэманічнай моцы або непасрэдны загад, накіраваны да д’ябла (параўн. Мк 1, 25). Пачынаючы з 1983 года ў Касцёле дзейнічае новы Кодэкс кананічнага права, які змяшчае запіс адносна экзарцызмаў (кан. 1172): “§1 Ніхто не можа законна выконваць экзарцызмы над апан­таным, не атрымаўшы ад мясцовага ардынарыя выразнага спецыяльнага дазволу на гэта”. “§2 Мясцовы ардынарый можа даць такі дазвол толькі прэзбітэру, які вылучаецца набожнасцю, глыбокімі ведамі, разважлівасцю і праведнасцю жыцця”. Існаванне пасады экзарцыста пацвярджаецца лістом папы Карнэлія да Фа­бія, біскупа Антыёхіі (251). У старажытныя часы экзарцызат быў адной з чатырох ступеняў пасвячэння. Паводле Касцёльнай энцыклапедыі (1874 г.), абавязкам экзарцыста падчас эўхарыстычнага служэння была падрыхтоўка месца для людзей, якія прыступаюць да св. Камуніі, а таксама падаванне вады падчас св. Імшы.
Сёння часцей за ўсё выка­рыстоўваецца экзарцызм, які прамаўляюць падчас хросту: “Заклінаю цябе, нячысты дух, у імя Айца† і Сына†, і Духа Святога†, выйдзі і аддаліся ад гэтага слугі Божага. Той самы табе гэта загадвае, пракляты выгнаннік, Які хадзіў па моры і падаў руку тонучаму Пятру. Пракляты сатана, адчуй выданы табе прысуд і ўшануй Бога жывога і сапраўднага, ушануй Езуса Хрыста, Сына Яго, і Духа Святога і аддаліся ад гэтага слугі Божага (імя асобы, якую хрысцяць), бо Бог і Пан наш Езус Хрыстус захацеў яго паклікаць у сваю святую ласку, бласлаўленне і крыніцу святога хросту”. Экзарцызмы сустракаюцца таксама ў формулах асвячэння вады і солі, каб яны былі эфектыўным сродкам барацьбы з нападкамі злога духа. Экзарцызмы з’яўляюцца выразам перакананасці Касцёла ў тым, што хоць сатана і прысутнічае пастаянна ў нашым жыцці, але збаўленне, здзейсненае каштоўнай крывёй Хрыста, ахоплівае ўсіх людзей і ўвесь свет. Яны дапамагаюць чалавеку перамагаць зло і выражаюць пераможную моц Божай ласкі.
    Сапраўдны экзарцызм, т.зв. вялікі або афіцыйны, датычыць апантанасці, право­дзіцца ад імя і пад кантролем Касцёла. Некаторыя багасловы дапускаюць малы, ці просты экзарцызм, праведзены вернікам з мэтай уласнай абароны. Аднак Касцёл вучыць, каб усе экзарцызмы праводзіліся пад наглядам біскупа.
   
    Заканчэнне
    Адзін з варшаўскіх экзар­­цыстаў ксёндз Андрэй Грэфковіч сцвярджае, што існуюць тры ўзроўні ўздзеяння злога духа на чалавека: спакуса, якой падлягаюць усе людзі “пакуль ходзяць па зямлі”, часам пераадольваючы яе, часам ёй паддаючыся; зняволенне, якое можа ўзнікнуць там, дзе мае месца грэх ідала­паклонства (ушанаванне чужых бостваў), што нярэдка можа стаць прычынай захворванняў і ўтрапёнасці; апантанасць, якая з’яўляецца вынікам свядомай або мяркуемай дамовы з д’яблам. Але перш чым да гэтага дой­дзе, чалавек па-рознаму адкрывае сябе на зло (экстрасенсорныя сеансы, “паслугі” па прадказанні будучыні, гараскопы, астрапсіхалогія, хірамантыя, растлумачванне прадказанняў і варажбы, празорлівасць, зварот да медыумаў, выкліканне духаў). Наступнымі этапамі ў гэтым працэсе з’яўляецца згода на дзейнасць д’ябла, запрашэнне яго і дамова з ім.
    Часта вынікам уздзеяння злых духаў на чалавека могуць быць неспакой, неабгрунтаваныя страхі, якія часта не звязаны з нейкай пагрозай, эмацыянальная раздражнёнасць, начныя кашмары ці ўтрапёнасць (прымус рабіць зло, нанясенне сабе шкоды).
    Абмяркоўваючы пытан­не апантанасці, трэба памя­таць аб выразным разме­жа­ванні паміж гэтай з’явай і псіхічным захворваннем. Варта запомніць, што адным з крытэрыяў распазнання апантасці з’яўляецца неэфектыўнасць псіхатропных лекаў, таму што ў такіх выпадках выступае звышнатуральная сіла. Многія людзі, якія звяртаюцца да варшаўскага экзарцыста, сцвярджаючы, што яны апантаныя, насамрэч з’яўляюцца псіхічна хворымі. На думку экзарцыстаў, ні адзін апантаны чалавек не можа прама сказаць аб гэтым. Ён ніколі не скажа слова д’ябал, хутчэй ён будзе гаварыць, што мае праблему, адчувае неспакой, страх. Такія людзі, як правіла, наогул пазбягаюць духавенства. Характэрным для іх з’яўляецца таксама неахвота і пачуццё страху перад сакрамантамі, крыжам і святой вадой.
    Падсумоўваючы гэтыя карот­кія разважанні на тэму апантанасці і экзарцызму, вар­та дадаць, што ў Польшчы кожная дыяцэзія мае свайго святара-экзарцыста, які вызначаецца пабожнасцю, ведамі, разважлівасцю і беззаганнасцю жыцця, які прайшоў адпаведную падрыхтоўку ў Папскім універсітэце “Regina Apostolorum” у Рыме. Варта таксама падзяліцца развагай адносна экзарцызму, які нельга ўспрымаць як антыдот на ўсялякія цяжкасці. Яго выкарыстоўваюць толькі ў самых складаных выпадках завалодання асобай злымі сіламі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.