ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Год веры ў касцёле і ў маім жыцці

На шляху да святасці

Малітва пілігрымаў па дарозе ў КапцёўкуДзякуем Табе, Ойча наш, за жыццё і за веру...
Зноў вітаю Вас, дарагія Чытачы “Слова Жыцця”.
    кс. Максім БачарнікаўУ кастрычніку мінулага года папа Бенедыкт XVI абвясціў Год веры ў каталіцкім Касцёле. Мы ўжо знаходзімся на яго рубяжы, таму варта было б затрымацца на хвіліну, каб задумацца – што кожны з нас зрабіў, каб далучыцца да гэтага Года веры? Магчыма, некаторыя з нас нават не засяроджваліся над гэтым.
    Я лічу, што Бенедыкт XVI, абвяшчаючы Год веры, хацеў не столькі звярнуць нашу ўвагу на тое, што свет сёння страшна “вымыты ад Бога”, колькі заахвоціць нас прыгледзецца да сваёй веры – якая яна? Кожны з нас асабіста ў сваім сэрцы павінен быў заўважыць, што ў ёй добра, за што Богу трэба падзякаваць, але і што з ёй яшчэ не так, што трэба выправіць – як на ўзроўні асабістага кантакту з Богам у малітве і рэлігійных практыках, так і на ўзроўні рэлігійных ведаў.
У нашае жыццё веры, у перажыванне Года веры запісваюцца, у першую чаргу, асобныя святы і ўрачыстасці, якія святкуюцца ў літургіі Касцёла. Але не толькі гэта, бо на працягу гэтага года было шмат іншых нагод для таго, каб узбагаціць сваю веру, напрыклад, пілігрымкі ў Марыйныя санктуарыі (Капцёўка, Тракелі, Будслаў), дыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Ваўкавыску ў маі гэтага года ці перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус у нашай дыяцэзіі.
    Аднак, усё яшчэ можна сустрэць людзей, якія, апраўдваючы сваю духоўную ляноту, гавораць, што яны веруючыя, але непрактыкуючыя. “Ксёндз, я ледзьве паспяваю на двух працах, каб зарабіць на жыццё для сваёй сям’і. У мяне ёсць права, каб у нядзелю мець выхадны, паспаць, адпачыць, а вы яшчэ хочаце мяне зацягнуць у касцёл...”. Я шмат разоў быў сведкам такога апраўдання сваёй адсутнасці на нядзельнай святой Імшы. Быць веруючым, але непрактыкуючым падобна да сітуацыі, калі сустракаюцца дзве блізкія сяброўкі і адна пачынае шкадаваць сябе і наракаць на мужа, што ён п’яніца, прыкры, тэрарызуе сям’ю, выносіць з дома ўсё, што можна прадаць, каб купіць водку. Яна просіць сваю сяброўку, каб тая паразмаўляла з яе мужам і заклікала яго ўзяцца за розум. Праз некаторы час сяброўкі сустракаюцца зноў, жонка п’яніцы пытаецца, ці была размова. А тая адказвае: “Але ж твой муж не такі дрэнны, якім ты яго прадстаўляеш. Ён ветлівы, мілы, ён нават сказаў, што ён устрыманы ад алкаголю чалавек, але проста непрактыкуючы”.
    Што Табе найбольш перашкаджае, каб практыкаваць сваю веру, каб удзельнічаць хаця б у нядзельнай святой Імшы? Можа, Ты баішся намаганняў, якія трэба ўкласці ў развіццё духоўнага жыцця, або, можа, у Цябе няма надзеі на тое, што нешта зменіцца, бо, можа, Ты не давяраеш Богу?
    Давайце ўявім сабе, што нам трэба ляцець у Амерыку. Калі б мы не верылі, што самалёт выляціць і прызямліцца шчасліва, ці селі б мы ў яго? Такіх пытанняў можна задаць, безумоўна, шмат. Яны датычацца, у асноўным, веры ў тое, што распачынаемыя намі дзеянні ўдасца давесці да канца, а пастаўленыя мэты – дасягнуць. Без веры цяжка займацца чым заўгодна.
    Гэтым нашым самалётам з’яўляецца наша зямное жыццё, якое павінна нас прывесці да іншага, лепшага і вечнага жыцця. Вера і давер Богу дазваляюць нам у нейкай ступені спакойна перажыць гэты “палёт”, але, каб так было, трэба ўкласці ў яго намаганні – намаганні, каб добра перажыць гэтае жыццё, між іншым прыступаючы да сакрамантаў і здзяйсняючы добрыя ўчынкі. На жаль, многія з нас забываюцца, што калісьці самалёт нашага жыцця прызямліцца... Калісьці мы станем перад Богам, які спытаецца ў нас пра нашу веру, пра тое, як мы аб ёй клапаціліся, пра тое, ці жылі мы з надзеяй на сваё ўваскрасенне і радасць на небе, або, хутчэй, толькі засяроджваліся на цяжкасцях свайго “палёту”, свайго жыцця...
    Многія з нас не раз перажывалі нейкі больш ці менш сур’ёзны крызіс. Хтосьці страціў працу і яму не хапала сродкаў на жыццё, хтосьці перажыў аварыю, хтосьці сур’ёзна захварэў, хтосьці страціў самага блізкага чалавека, у кагосьці развалілася сям’я, яшчэ хтосьці трапіў у залежнасць, а камусьці дзеці нарабілі столькі праблем, што ён пачаў упадаць у роспач. У такія моманты мы задаём сабе пытанне аб сэнсе зямнога жыцця. Столькі нягод, працы, самапрысвячэння, недаспаных начэй – і навошта ўсё гэта? Які сэнс мае зямное жыццё? Якая яго мэта? Калі прыняць, што няма ўваскрасення і вечнага жыцця, а гэта значыць, вечнай радасці, то адказ просты – нашае жыццё не мае сэнсу, а яго мэтай з’яўляецца магіла, пра якую будуць памятаць максімум некаторыя блізкія...
    У той жа час прыгажосць хрысціянства заключаецца менавіта ў тым, што наш Бог – гэта Бог жывых, а смерць – гэта не крайнасць, не канец, а пачатак шчасця. Канешне ж, для тых, хто ў гэта верыць і робіць у зямным жыцці дабро. Не абавязкова гаворка ідзе пра тое, каб паддаваць сябе пакутам, як гэта рабілі хрысціяне першых стагоддзяў Касцёла, але пра тое, каб умець гэтыя пакуты раскласці на доўгія гады, поўныя праблем, часам паражэнняў і расчараванняў. Гэта нейкі парадокс, што да аднаразовых ахвяр і прысвячэнняў мы гатовыя, а доўгачасовае змаганне з цяжкасцямі прыносіць нам непрыемнасці.
    Рабіць дабро – значыць проста выконваць абавязкі свайго становішча. Я маці ці бацька – значыць я клапачуся пра выхаванне дзяцей, я працаўнік – значыць памятаю пра стараннасць і добрасумленнасць, я вучань – значыць я выконваю заданні і рыхтуюся да заняткаў. Можна было б сказаць: як жа гэта проста! Але мы ведаем, што на практыцы ўсё не так ужо і проста, часам гэта становіцца крыжам, які вельмі цяжка несці. Але хоць нам і цяжка, усё-такі варта несці гэты крыж, бо ў канцы дарогі ёсць нешта большае, чым цёмная магіла – жыццё ў святле, таму што наш Бог – Бог жывых. І гэта Ён прыйдзе праз хвіліну на алтар, каб накарміць нас сваім жывым Целам і напаіць сваёй жывою Кроўю. Хто верыць у гэта, можа не толькі сказаць пра сябе, што ён шчаслівы, але, перш за ўсё, з усмешкай на вуснах ісці праз жыццё да свайго ўваскрасення...
    Таму не будзь сумным у сваёй штодзённасці, а свае цяжкасці пераадольвай з надзеяй. Памятай – няма іншай дарогі, акрамя гэтай, каб добра і па-божаму перажыць сваё жыццё з глыбокай верай, пра якую Ты павінен клапаціцца не ад часу да часу ці некалькі разоў на год або толькі ў Год веры, але і пасля яго, кожны дзень.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.