ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Кс. бп Кашкевіч: Што датычыцца будучыні веры на нашай зямлі – я аптыміст

З жыцця Касцёла

- Ваша Эксцэленцыя, 24 лістапада 2013 года, ва ўрачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету, заканчваецца Год веры, але на самой справе пілігрымка веры кожнага з нас працягваецца далей. Які плён гэтага вялікага года, на Вашу думку, можа сустрэцца або ўжо сустракаецца ў нашай дыяцэзіі?
    - У апостальскім лісце Бенедыкта XVI “Porta Fidei” чытаем, што Святы Айцец, абвяшчаючы Год веры, хацеў, каб ён стаў для ўсіх вернікаў каталіцкага Касцёла стымулам да аўтэнтычнага і новага навяртання да Пана, адзінага Збаўцы свету. Год веры павінен абудзіць у кожным верніку імкненне вызнаваць веру ва ўсёй яе поўні, з адноўленым перакананнем, даверам і надзеяй. Ён павінен таксама мабілізаваць Божы люд нанова адкрыць і абдумаць змест веры – хрысціянскае “Credo”, а таксама даваць верагоднае сведчанне веры сваім штодзённым жыццём.
    Вера з’яўляецца ў першую чаргу ўнутранай рэчаіснасцю, якая нараджаецца з асабістай сустрэчы веруючага чалавека з Езусам Хрыстом. Плён гэтай сустрэчы лягчэй убачыць сам вернік, чым старонні назіральнік. Таму я думаю, што кожны хрысціянін мог бы, ды і павінен, даць на гэтае пытанне свой непаўторны адказ.

    - Ксёндз Біскуп, якія найважнейшыя падзеі з жыцця нашай дыяцэзіі ў мінулым годзе паспрыялі развіццю нашай веры?
    - Разам з цэлым Касцёлам 11 лістапада 2012 г. мы распачалі ў Гродзенскай дыяцэзіі перажыванне Года веры. Увогуле, можна сказаць, што Год веры складаў галоўны кантэкст усіх падзей і душпастарскіх ініцыятыў.
    Перш за ўсё, Год веры гарманічна ўпісваецца ў падрыхтоўку да святкавання 25-гадовага юбілею Гродзенскай дыяцэзіі. У межах гэтай падрыхтоўкі ва ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі адбываюцца святыя Місіі, мэтай якіх з’яўляецца менавіта паглыбленне і ажыўленне веры Божага люду. Я перакананы, што сутнасць, звязаная з Годам веры, знайшла належнае адлюстраванне ў місійных навуках.
    Сярод іншых найбольш значных падзей Года веры я хацеў бы пералічыць перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Будслаўскай у парафіях дыцэзіі, наведванне рэліквій св. Яна Боско і св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, унясенне рэліквій бл. Яна Паўла II у дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях.
    Былі арганізаваны з’езды дыяцэзіяльнай моладзі, працаўнікоў службы аховы здароўя, настаўнікаў і выхавацеляў, дзяцей і міністрантаў, а таксама сустрэчы святароў і манаскіх сёстраў. Усе гэтыя падзеі перажываліся пад знакам Года веры, згодна з указаннямі Апостальскай Сталіцы.
    Хацелася б таксама звярнуць увагу на шматлікія пілігрымкі, арганізаваныя парафіямі, групамі вернікаў ці душпастарствамі не толькі ў санктуарыі ў Тракелях ці Будславе, але і ў Чанстахову, Ліхень, Вільню, Рым ці ў Святую Зямлю. Прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі таксама прынялі ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Я перакананы, што ўсе гэтыя ініцыятывы прыносяць багаты духоўны плён у жыцці вернікаў нашай дыяцэзіі.
    Трэба таксама адзначыць, што ў многіх парафіях дыяцэзіі, згодна з указаннямі Кангрэгацыі навукі веры, прамаўляліся катэхізмовыя казанні, якія павінны былі наблізіць вернікам змест Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, навучанне II Ватыканскага Сабору і Магістэрыя Касцёла.
    З усёй упэўненасцю, Год веры быў таксама адлюстраваны ў катэхезах і фармацыйных сустрэчах святароў з рознымі катэгорыямі вернікаў.
    Вельмі красамоўным знакам з’яўляецца таксама тое, што ў Год веры была пабудавана часовая капліца ў нядаўна заснаванай парафіі бл. Яна Паўла II у Смаргоні, а таксама ўжо было распачата будаўніцтва парафіяльнага касцёла. І хоць гэтая падзея на першы позірк не звязана непасрэдна з Годам веры, яна, бясспрэчна, мабілізуе смаргонскіх парафіян да яшчэ больш актыўнага і ахвярнага ўдзелу ў жыцці парафіяльнай супольнасці ў кантэксце выклікаў і заданняў, якія перад імі стаяць.
   
    - Ваша Эксцэленцыя, як можна дакладна адказаць на заклік Святога Айца? Канкрэтныя прапановы – як перажываць дар веры ў сваім жыцці?
    - Папа Францішак у энцыкліцы “Lumen Fidei” падкрэслівае некаторыя аспекты веры, якія могуць быць каштоўнай падказкай для таго, як штодзённа перажываць гэты вялікі і цудоўны дар.
    Па-першае, Святы Айцец падкрэслівае, што вера мае вымярэнне Касцёла, супольнасці, а таму яна па сваёй прыродзе імкнецца да таго, каб распаўсюджвацца, запрашаць іншых да сваёй радасці. Я лічу, што як хрысціяне, члены каталіцкага Касцёла мы павінны ўвабраць у свае сэрцы гэтыя словы Святога Айца і яшчэ больш удзельнічаць у жыцці Касцёла на ўзроўні сям’і, парафіі, дыяцэзіі. Толькі тады наша вера будзе перажывацца ва ўсёй сваёй поўні. Сёння існуе дастаткова шмат цэнных ініцыятыў і душпастарскіх прапаноў, скіраваных да асобных катэгорый вернікаў. Здаецца, што ўдзел у такога тыпу ініцыятывах дапаможа адчуць і цалкам ацаніць супольнасны характар веры.
    Другім вельмі важным аспектам, які мы можам заўважыць у энцыкліцы “Lumen Fidei”, з’яўляецца выдзяленне ролі сям’і ў перадачы веры праз малітву, слова і асабісты прыклад сумеснай практыкі веры на ўсіх этапах жыцця. Сям’я з’яўляецца першым асяродкам, у якім нараджаецца і развіваецца вера. Хацелася б пажадаць усім нашым сем’ям, каб яны ўсвядомілі адказнасць, якую нясуць перад Богам і Касцёлам за перадачу дару веры, а таксама былі заўсёды моцнымі і вернымі свайму цудоўнаму пакліканню.
    Акрамя гэтага, у энцыкліцы падкрэслена сувязь веры і малітвы, а таксама сакраментальны характар веры. Думаю, што без малітвы і святых сакрамантаў нельга гаварыць пра глыбокае перажыванне веры. Для гэтага абавязкова трэба няспынна паглыбляць жыццё малітвы, а таксама супрацоўнічаць з Божай ласкай, якую мы атрымліваем у святых сакрамантах, каб наша вера развівалася, сталела і прыносіла самы лепшы плён.
   
    - Многія людзі ў Беларусі, хоць і называюць сябе хрысціянамі, маюць дастатковыя цяжкасці ва ўспрыняцці навучання Касцёла. Што трэба рабіць у будучыні, каб хрысціяне ў нашай краіне не страцілі сваёй тоеснасці?
    - Розныя цяжкасці ва ўспрыняцці навучання Касцёла, якія можна заўважыць у католікаў, з’яўляюцца сур’ёзным заданнем для мясцовых Касцёлаў у многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.
    Гэтая праблема выбарачнага стаўлення да веры была асветлена ў энцыкліцы “Lumen Fidei”. Чытаем у ёй: “Улічваючы тое, што вера адна, яна павінна вызнавацца ва ўсёй яе чыстасці і поўні. Менавіта таму, што ўсе праўды веры лучацца ў адно, непрыняцце якой-небудзь з іх, хоць бы нават той з іх, якая можа здавацца менш важнай, прыносіць шкоду цэламу. Кожная эпоха можа прызнаваць пэўныя элементы веры за больш лёгкія або больш цяжкія для прыняцця: таму вельмі важна сачыць, каб перадаваўся ўвесь дэпазіт веры (параўн. 1 Цім 6, 20), каб належным чынам падкрэсліваліся ўсе аспекты вызнання веры. Паколькі адзінства веры з’яўляецца адзінствам Касцёла, адыманне чагосьці ад веры азначае адыманне чагосьці ад праўды камуніі” (LF, 48).
    Усе, чыім заданнем з’яўляецца абвяшчэнне веры, – святары, катэхеты, настаўнікі і выхавацелі, а таксама каталіцкія СМІ – адказны за перадачу зместу веры ва ўсёй яе праўдзе і поўні. А люд верны павінен, у сваю чаргу, праяўляць паслушэнства веры, прытрымліваючыся здаровай, сапраўднай навукі Касцёла. Я лічу, што ўсе, на кім ляжыць адказнасць за абвяшчэнне зместу веры, павінны не спыняцца ў пошуку новых, усё больш эфектыўных спосабаў дабрацца са сваёй навукай да як мага больш шырокага кола слухачоў, а таксама, што вельмі важна, паклапаціцца аб тым, каб гэтая навука была як мага больш верагоднай і пераканаўчай. Нельга таксама забывацца пра значэнне асабістага сведчання веры, якое, як правіла, з’яўляецца значна больш пераканаўчым, чым самыя мудрыя разважанні і найпрыгажэйшыя заклікі.
   
    - Ці сённяшняе пакаленне перадасць дар веры наступнаму пакаленню людзей, так як гэта зрабілі нашы продкі на нашай зямлі? Калі так, то як?
    - Дар веры, які мы атрымалі ад папярэдніх пакаленняў, што жылі на нашай зямлі, з’яўляецца, бясспрэчна, бясцэннай спадчынай, але таксама і патрабуючай спадчынай. У пэўным сэнсе мы ўсе нясём за яе адказнасць.
    Што ж датычыцца будучыні веры на нашай зямлі – я аптыміст. Тыя цудоўныя зярняты хрысціянскай веры, засеяныя ў сэрцах сучасных вызнаўцаў Хрыста, акропленыя крывёй мучанікаў і слязамі тых, хто цярпеў за веру, прынясуць шчодры плён.
    Будучыняй Касцёла на нашай зямлі, як і ўвогуле Паўсюднага Касцёла, з’яў­ляецца моладзь. Цешыцца сэрца, гледзячы на такую колькасць маладых людзей, якія ўсведамляюць перажываемую веру, якія прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных душпастарскіх акцыях, сустрэчах, пілігрымках, рэкалекцыях, якія займаюцца валанцёрствам... Адносна будучыні гэтай моладзі і іх веры мы можам быць спакойнымі.
    Найважнейшае ж заданне – дайсці з радасным пасланнем хрысціянскай веры да тых, хто па розных прычынах з’яўляецца абыякавым, для каго Добрая Навіна яшчэ не дайшла, хто не хоча адкрыць Хрысту дзверы ўласных сэрцаў.
    У Пасланні на сёлетнія Сусветныя дні моладзі Бенедыкт XVI заахвочваў маладых людзей быць місіянерамі новай евангелізацыі, далучацца да абвяшчэння Добрай Навіны ў першую чаргу ў сваім асяроддзі, праз слова і сведчанне. Я лічу, што гэтыя словы Святога Айца можна аднесці не толькі да моладзі, новая евангелізацыя з’яўляецца заданнем кожнага хрысціяніна.
   
    - Ваша Эксцэленцыя, як сёння трэба адказваць на заклік Хрыста, каб даваць сведчанне веры?
    - У сённяшні час сведчанне веры патрабуе ад хрысціяніна немалой адвагі. Хоць веруючыя людзі і не пераследуюцца за веру, не заўсёды лёгка прызнацца да Хрыста, нялёгка жыць паводле Евангелля і навукі Касцёла, нялёгка абараняць веру і хрысціянскія каштоўнасці, калі ў кантэксце плюралізму светапоглядаў і секулярызацыі, якая ўвесь час пашыраецца, грамадству прапануюцца розныя прыклады і сістэмы каштоўнасцей, і яно паддаецца розным уплывам, не заўсёды пазітыўным.
    У такой сітуацыі тым больш каштоўным з’яўляецца сведчанне хрысціян, якія паказваюць прыгажосць веры, якую яны перажываюць, і радасць штодзённага крочання за Хрыстом. Гэтае сведчанне хрысціянскага жыцця будзе прымаць розныя формы ў залежнасці ад асабістага стану хрысціяніна, ад яго ўзросту, прафесіі, паклікання, рыс асобы і г.д. Вельмі важна, каб яно было верагодным і аўтэнтычным.
    І давайце не будзем забывацца пра тое, што вера – гэта, у першую чаргу, ласка, Божы дар. Святы Дух спадарожнічае нашым людскім намаганням і імкненням, дадаючы ім моцы і паспяховасці, таму давайце старанна маліцца і, нягледзячы на чалавечую абмежаванасць, недасканаласць і слабасць, быць адважнымі сведкамі Хрыста.
   
    - Дзякуй за размову!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.