ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Марыя з Вострай Брамы

На шляху да святасці

Кожны з нас з прыемнасцю ўспамінае розныя мілыя падзеі са свайго жыцця, а таксама побыт у месцах, якія некалі меў магчымасць наведаць. Калі хтосьці калісьці ў сваім жыцці быў у Вільні, але не наведаў адно з найважнейшых месцаў у гэтым горадзе, якім з’яўляецца Вострая Брама, ён шмат страціў. Гэта тое месца, якое застаецца ў сэрцы веруючага чалавека назаўжды. Хіба, не ўдасца растлумачыць, чаму так адбываецца, трэба проста паехаць туды і ўбачыць.
    Цяжка было б палічыць, колькі людзей розных нацыянальнасцей за апошнія стагоддзі стаялі на каленях перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай з рознымі думкамі ў галаве і інтэнцыямі ў сэрцы. На працягу многіх стагоддзяў гэтае месца прываблівае сваёй незвычайнасцю. Так склалася, што Вострая Брама з’яўляецца вельмі важным месцам у гісторыі католікаў трох народаў: польскага, беларускага і літоўскага.
Гісторыя гэтага незвычайнага месца памятае розныя падзеі, аднак у першую чаргу тое, якой пашанай яно было і надалей акружаецца. Колькі людзей з розных куткоў былой Віленскай архідыяцэзіі накіроўваліся ў пілігрымкі ў санктуарый і да цудатворнага абраза Маці Божай, часам пераадольваючы даволі вялікія адлегласці пешшу. Навошта яны туды ішлі? У першую чаргу таму, што моцна верылі ў дапамогу Найсвяцейшай Панны і неслі да Яе ўсе свае жыццёвыя радасці, каб падзякаваць. А таксама ўсе праблемы і цяжкасці, з якімі змагаліся ў штодзённасці. Гэтае месца было для многіх чымсьці падобным на аазіс, куды прыходзілі чэрпаць духоўныя сілы або проста аказацца там, бо сама прысутнасць у гэтым месцы дае многае.
    Санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай асабліва часта наведвалі ў неспакойныя і ваенныя часы, калі чалавек, няўпэўнены ў сваёй будучыні, усё хацеў даверыць у рукі Найсвяцейшай Маці ў гэтым цудоўным абразе. Пацвярджэннем цудадзейнасці і незвычайнасці гэтага месца былі і застаюцца вотумы, якія выражаюць удзячнасць за цуды, учыненыя праз заступніцтва Марыі з Вострай Брамы. У гэтым месцы людзі дзякавалі за ўсё: за аздараўленне, ацаленне блізкай асобы, а таксама за дапамогу ў прыняцці складаных рашэнняў, за навяртанне кагосьці блізкага і г.д.
    Абраз Маці Божай Міласэрнасці ўшаноўваецца і ў нашай дыяцэзіі, большая частка якой некалі належала да Віленскай архідыяцэзіі. Многія людзі надалей ахінаюць пашанай вобраз Найсвяцейшай Маці Вастрабрамскай, таму можна сустрэць шматлікіх пілігрымаў і вернікаў з нашых тэрыторый, якія прыязджаюць да Маці Міласэрнасці, даручаючы Ёй свае патрэбы і просьбы. У многіх дамах і кватэрах можна ўбачыць гэтую цудоўную выяву Марыі.
    Хто хаця б раз у сваім жыцці наведаў Вострую Браму і ўглядаўся ў абліча Маці Божай Міласэрнасці, той заўсёды будзе хацець вярнуцца сюды і адчуць Яе прысутнасць. Не важна, што, можа, нехта сёння не мае магчымасці вярнуцца туды. Яна, будучы нават там, ведае і разумее ўсе людскія патрэбы і цяжкасці. Прасіць Маці Міласэрнасці аб дапамозе можна ў любым месцы, бо Яна – любячая Маці, якая не пакіне сваіх прыхільнікаў і дзяцей, а іх патрэбы занясе да Божага трона. Трэба толькі моцна ў гэта верыць і мець надзею.
    Марыя, Маці Міласэрнасці, маліся за нас!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.