ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

10 ісцін пра жывых і памерлых

На шляху да святасці

Перад намі асаблівыя дні: урачыстасць Усіх Святых і Задушны дзень. Мы зноў пойдзем на могілкі, каб у знак памяці пакласці кветкі і запаліць знічы. Але ці толькі гэтага ад нас чакаюць памерлыя? Урачыстасць Усіх Святых дае нам асаблівы шанс ажывіць сувязь з імі і ажывіць сваю веру.
Магілы і могілкі вучаць, што кожны без выключэння памрэ, але чалавек не перастае існаваць у хвіліну смерці, бо мае ў сабе духоўны элемент, які забяспечвае яму вечнае свядомае існаванне. Каб калісьці і каля нашай магілы нехта затрымаўся і памаліўся, варта пачаць з фарміравання ўласнага стаўлення да памерлых.
   
Душа чалавека несмяротная
    Бессмяротнасць чалавечай душы з’яўляецца вынікам яе духоўнасці. Калі душа з’яўляецца элементам незалежным па сваёй сутнасці ад матэрыі, то яна можа і павінна існаваць самастойна пасля разлучэння з целам. Да таго ж, духу не абавязкова патрэбна цела для свайго існавання і дзейнасці. Душа чалавека не складаецца з матэрыяльных частак, а таму не можа распасціся.

   
"Вернікі, якія наведаюць касцёл ці грамадскую капліцу 1-га або 2-га лістапада, могуць на звычайных умовах атрымаць поўны адпуст, які можа быць ахвяраваны толькі за памерлых. Гэты адпуст можна атрымаць толькі адзін раз на працягу дня. Падчас наведвання святыні трэба памаліцца «Ойча наш» і «Веру ў Бога». Вернікі, якія набожна наведаюць могілкі і хаця б у думках памоляцца за памерлых, атрымліваюць адпуст, які можа быць ахвяраваны за душы, пакутуючыя ў чыстцы; гэты адпуст у дні з 1-га па 8-е лістапада (уключна) з’яўляецца поўным, а ў іншыя дні года – частковым."

    Чалавек – маральная істота, ён валодае пазнаннем дабра і зла, а таксама вольнай воляй, здольнай выбіраць паміж дабром і злом. Сумленне ўказвае яму абавязкі, якія ён павінен выканаць, і забараняе пэўныя ўчынкі, хоць яны і маглі б прынесці яму найбольшую выгаду і прыемнасць. Калі існуюць маральныя правы, выкананне якіх патрабуе шматразова большай ахвяры і намаганняў, дык нельга згадзіцца на тое, каб дабрадзейнасць не атрымала ўзнагароды, а правіннасць не пацягнула за сабой належнага пакарання. Само ўнутранае задавальненне, якое выклікае кожны добры ўчынак, не можа лічыцца дастатковай узнагародай, ні, таксама, згрызоты сумлення, якія непакояць злачынцаў, – дастаткова балючым пакараннем. Божая справядлівасць патрабуе, каб існавала будучае жыццё, дзе кожны добры ўчынак будзе ўзнагароджаны, а кожны дрэнны – пакараны.
    Бессмяротнасць душы апіраецца на той асаблівасці людской натуры, што ўсе мы жадаем шчасця, прычым абсалютнага, якое нельга адшукаць тут, на зямлі. Калі б гэтае прыроджанае імкненне да шчасця ніколі не магло быць натолена, то самым няшчасным з усіх стварэнняў быў бы чалавек, бо ён не мог бы задаволіць сваё самае гарачае жаданне. А таму Божая дабрыня павінна была гарантаваць чалавечай душы вечнае шчасце ў будучым жыцці. Бессмяротнасць душы і пачуццё адказнасці за свае ўчынкі з’яўляюцца для чалавека маральным імпульсам і стымулам, каб жыць сумленна і пазбягаць непрыстойных учынкаў. Усе рэлігіі на зямлі сцвярджалі і сцвярджаюць сваю веру ў бессмяротнасць душы і выражаюць свой сум па нябеснай айчыне. Аб веры ізраільскага народа сведчаць словы Святога Пісання: “І вернецца прах (г.зн. людское цела) у зямлю, чым ён і быў, а дух вернецца да Бога, які даў яго” (Экл 12, 7).
   
Малітва за памерлых
    Святое Пісанне гаворыць, што малітва за памерлых падабаецца Пану Богу: “(...) святая і дабратворная думка маліцца за памерлых, каб яны былі вызвалены ад грахоў” (параўн. 2 Мак 12, 45).
    Малітва за памерлых з’яўляецца адным з сямі ўчынкаў міласэрнасці адносна душы. У Бога не існуе паняцця часу, які разумеюць як штосьці, што абмяжоўвае. Але людзі, якія існуюць у часе, маюць перад сабой задачу хадатайнічаць перад Богам за іншых. Тое, што хтосьці ў сваім жыцці робіць для іншых, з’яўляецца для Бога цяперашнім. Таму важна маліцца за людзей, якія ўжо даўно памерлі.
    Навошта мы павінны маліцца за іх? З пункту гледжання тэалогіі, гэта вызнанне веры ў еднасць святых, у нашае прызначэнне да вечнага жыцця. З пункту ж гледжання чалавека, гэта выражэнне ўдзячнасці і памяці пра тых, хто яшчэ нядаўна быў з намі. Мы ўжо паціху прыбіраем магілы, купляем свечкі, заказваем хрызантэмы, але перш за ўсё, мы павінны ўсвядоміць сабе праўду, што калі нашыя памерлыя блізкія яшчэ чагосьці і патрабуюць, то ў першую чаргу, нашай малітвы. Давайце з гэтай нагоды прыгледзімся да нашай малітоўнай памяці пра памерлых. Касцёл мае шмат сродкаў і спосабаў, якімі ён заахвочвае нас да такой малітвы.
   
Адпуст, ахвяраваны за памерлых
    Давайце прыгадаем, што гаворыць Касцёл аб адпустах (“Поўны адпуст і частковыя адпусты”, апрац. а. Баніфацый Г. Кнапік OFM; на падставе дакументаў Апостальскай Сталіцы “Indulgentiarum doctrina i Enchiridion indulgentiarum”):
    Адпуст, ці “дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана” (дараваныя падчас св. споведзі, пакута за якія была выканана), можна атрымаць таксама за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу 30-ці хвілін; адгаворванне адной часткі св. Ружанца (пяць дзясяткаў) разам з кімсьці ў любым месцы ці самастойна, але ўжо толькі ў касцёле ці капліцы; адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту на працягу 30-ці хвілін у касцёле ці капліцы, нават калі Пан Езус не выстаўлены ў манстранцыі; малітву Крыжовага шляху ў касцёле, капліцы ці на кальварыі”. Частковы адпуст можна атрымаць таксама за разважанне, рахунак сумлення, акт дасканалага жалю, за пабожнае прамаўленне малітоўных актаў (напр.: “Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус”, “Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі”, “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому”, “Езу, давяраю Табе”), адгаворванне Вяночка да Божай міласэрнасці.
    Умовы атрымання адпусту:
    Яго можа атрымаць кожны, хто вольны ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага (“трэба выключыць на будучыню дабравольнае і свядомае паўтарэнне цяжкіх і лёгкіх грахоў, г.зн нельга згаджацца са сваімі дрэннымі звычкамі і дабравольна трываць у якой-небудзь залежнасці. Адсутнасць такой свабоды выключае магчымасць атрымання поўнага адпусту” – “адпуст нельга атрымаць без шчырай унутранай змены”), хто ў стане ласкі годна прыме Цела Пана, выканае пэўную ўмову, якой Касцёл прыпісвае адпуст (напр. вышэй пададзеныя), а таксама адгаворыць любую малітву ў інтэнцыі Святога Айца.
    Поўны адпуст можна атрымаць толькі адзін раз на працягу дня, а частковых адпустаў можна атрымаць шмат. “Той, хто атрымлівае поўны адпуст, знаходзіцца ў такім стане, як адразу пасля св. хросту. Калі б ён памёр, то адразу ж трапіў бы на неба”, а той, хто ахвяруе поўны адпуст за памерлых, ратуе душу з чыстца. “Таму атрыманне поўных адпустаў – гэта выключна збаўчая практыка, але заўсёды трэба памятаць, што першачарговымі сродкамі асвячэння з’яўляюцца святыя сакраманты. А асаблівую паспяховасць у выратаванні чыстцовых душ Касцёл бачыць у кожнай адпраўленай св. Імшы”.
    “Занядбанне такіх сродкаў, – пісаў бл. а. Станіслаў, – наносіць вялікую шкоду любові бліжняга. Калі б хтосьці забараняў гэтага роду ратунак для чыстцовых душ, то ў яго не было б любові бліжняга, а тым самым – Божай любові”.
   
Надмагіллі, кветкі і знічы – гэта не ўсё
    Малітва за збаўленых, хоць, можа, яшчэ і не поўнасцю, павінна выражаць нашу веру ў еднасць святых. Шматлікія адлюстраванні гэтай веры глыбока ўкараніліся ў нашу традыцыю, пабожнасць і рэлігійную практыку. Да іх належаць могілкі – месца пахавання памерлых, якія з’яўляюцца сведчаннем іх жыцця і нашай памяці.
    Кожны крыж, надмагілле, пліта – гэта знак, што некалі жыў чалавек, прах якога цяпер знаходзіцца на гэтым месцы. Гэта знак нашых пытанняў, чаканняў, надзеі і заклапочанасці. Нам хацелася б ведаць, што з ім адбываецца ў гэтую хвіліну (наколькі катэгорыі хвіліны, часу, месца ўвогуле характэрны для свету памерлых), кім гэты чалавек быў, як жыў. Можа, ён быў падобны да мяне? Што затым чакае мяне? Можна ўбачыць вялікія і малыя надмагільныя пліты, старыя і новыя, шыкоўныя і сціплыя, калі-нікалі забытыя, разбураныя часам, а часта дагледжаныя і бліскучыя. Гэта не павінна ні пра што сведчыць. Вялікая колькасць кветак і знічаў можа быць выразам сапраўднай любові і ўдзячнасці, а можа вынікаць толькі з заможнасці сям’і ці заглушаемых такім чынам згрызот сумлення. Само надмагілле, напэўна, не павінна выражаць праўды пра жыццё памерлага. Але калі не гаворыць аб гэтым магіла, тады што? Павінна гаварыць нашае жыццё, жыццё тых, якія засталіся, прынялі спадчыну пасля памерлага бацькі, маці... Гаворка не ідзе пра маёмасць, дом ці зямлю. Важней духоўная спадчына: гонар, станоўчыя рысы характару, спосаб быцця, шляхетнасць, сумленнасць, працавітасць... Таму мы вінныя нашым памерлым не толькі мармур, знічы і кветкі на магіле, але ў першую чаргу сведчанне асабістага жыцця: што навука і прыклад, якія мы атрымалі, не прайшлі марна.
   
“Выпамінкі”, ці малітва Касцёла за памерлых
    На свецкіх урачыстасцях, асабліва на тых, дзе ўшаноўваюць памяць палеглых на вайне, праводзіцца т.зв. пераклічка палеглых, зачытваючы іх імёны і ўшаноўваючы іх хвілінай маўчання. Мы, хрысціяне, верым больш у малітву, чым у хвіліну маўчання. У актаве Усіх Святых, а таксама на працягу цэлага года ў многіх касцёлах малітва за памерлых заключаецца ў зачытванні імён і прозвішчаў, а таксама ў супольнай малітве за іх. Гэта не пераклічка памерлых, гэта малітва Касцёла. Безумоўна, можна маліцца за памерлых блізкіх у цішыні свайго дома. Але Бог абяцае нам, што там, дзе двое ці трое моляцца ў Яго імя, там Ён прысутнічае сярод іх (параўн. Мц 18, 20). Выпамінкі – гэта не мая прыватная малітва за памерлых, гэта малітва ўсяго Касцёла. Гэта, канешне, не азначае, што яе правядзенне мы пакідаем ксяндзу, а самі можам сядзець спакойна. Даручаючы душы памерлых выпамінковай малітве, мы павінны старацца прыняць у ёй актыўны ўдзел.
   
Рахунак сумлення над уласным жыццём
    Гэтыя лістападаўскія дні напоўнены роздумам і засяроджаннем над уласным жыццём. Якое яно? Калі мы стаім над магілай блізкай асобы, у нас пралятае думка: “Ці гатовы я адысці? У кожны момант?”. Таму важна спыніцца і зрабіць рахунак сумлення над сваім нетрывалым жыццём. Усвядоміць сабе, куды накіроўваецца гэта нашае жыццё. Усвядоміць, што мы толькі пілігрымы на гэтай зямлі, якія не маюць нічога свайго! Тое, што, як нам здаецца, мы маем, толькі пазычана ў нашага Стварыцеля. Так, як мы чуем у Кнізе Ёва (1, 21): “Голы я выйшаў з улоння маці маёй і голы вярнуся туды. Пан даў, і Пан забраў!”. Няхай гэтыя дні будуць для нас нагодай, каб паразважаць і паставіць сабе пытанні: як я перажываю сваё жыццё? Ці зямныя рэчы не паглынаюць мяне ўсяго цалкам? Ці не засланяюць яны тое, што найважнейшае?
   
“Спяшаймася любіць людзей – яны так хутка адыходзяць...”
    Прыгожыя словы, сказаныя паэтам кс. Янам Твардоўскім, але ці маюць яны сэнс у сённяшні час? Сучасныя людзі ў пагоні за грашыма забываюцца па-сапраўднаму жыць, кахаць, многія людзі ставяць працу на першае месца. З іншага ж боку тэма мінучасці чалавечага жыцця вельмі важная. Часта пасля смерці блізкага чалавека застаецца толькі пара ботаў і цэлае мноства ўспамінаў, а разам з тым мы адчуваем смутак і боль, што раней сваімі ўчынкамі мы не паказалі блізкаму чалавеку, як моцна мы яго любім. Гэта вельмі позна да нас даходзіць, і толькі тады мы шкадуем, што столькі слоў не было сказана, а асоба, да якой яны былі адрасаваны, ужо не пачуе іх. Мы хочам прыязнасці, шчасця, але, на жаль, гэтага няма ў нашым штодзённым жыцці, толькі калі мы кагосьці страчваем, мы разумеем, што на самой справе важна, асабліва калі гэта датычыцца самай блізкай асобы. “Мы любім увесь час замала і заўсёды запозна”, але ўжо сёння кожны з нас можа гэта змяніць.
   
Памяць пра памерлых на працягу ўсяго года
    Часцей за ўсё на працягу 364 дзён у год людзі займаюцца сваімі справамі, не памятаючы пра гадавіны ці Імяніны памерлых блізкіх, а 1 лістапада, як па дотыку чарадзейскай палачкі, яны прыгадваюць пра памерлых. Цэлымі сем’ямі выходзяць на могілкі, прыносяць незлічоную колькасць знічаў і кветак. Гэта цудоўна. Толькі ці не крыецца пад гэтымі знешнімі формамі ўшанавання памяці, такімі як знічы, кветкі і наведванне магіл, больш руціны, чым успаміну? Ці з’яўляецца прысутнасць на могілках у гэты важны дзень выражэннем патрэбы сэрца, знакам веры ў вечнае жыццё, або, можа, толькі звычкай: у гэты дзень трэба ісці на могілкі, бо не ісці – нядобра. Ці заменяць малітву прыгожы помнік, пастаўлены памерлым блізкім, мноства кветак і знічаў? Памяць мае не адно імя. Памяць пра памерлых адрознівае чалавека ад жывёлы. Гэта знак, што чалавек здольны да вернасці, удзячнасці, прыняцця на сябе абавязку перадачы спадчыны веры, традыцый і правіл наступнаму пакаленню. Як гэтая памяць пра памерлых выражаецца ў наш час? Як доўга яна трывае? Ці не заключаецца яна толькі ў тым, што раз на год трэба наведаць могілкі, запаліць некалькі свечак на магілах і нават памаліцца? Бо каб запаліць свечку на магіле, не трэба чакаць 1-га лістапада. Чаму б не зрабіць гэтага кожны дзень або так часта, як часта мы сустракаліся з гэтай асобай пры жыцці? Як часта пахаванню спадарожнічаюць слёзы і жаласлівыя перакананні: “Мы ніколі цябе не забудзем! Мы будзем заўсёды памятаць пра цябе!”. Заўсёды будзем памятаць? Ніколі не забудзем? Гэта адважныя і абавязваючыя словы! Мінае год пасля пахавання, і ўжо няма каму з вялікай сям’і запісаць Імшу за памерлую маму ці бабулю, а кветкі з пахавання неаднойчы ляжаць на магіле да Усіх Святых.
    Бясспрэчна, ёсць пахвальныя выключэнні – людзі, якія на самой справе памятаюць, звычайна на працягу ўсяго года без нагоды прыносяць кветкі і запальваюць знічы, у задуменнасці кленчаць каля магілы. Такія асобы заслугоўваюць павагі і прызнання.
   
Езус ёсць Уваскрасенне і Жыццё
    “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25). Гэтыя словы прамовіў Езус падчас сустрэчы ў Бэтаніі з Мартай, сястрой памерлага Лазара. Так Ён хацеў напоўніць сэрца жанчыны бадзёрасцю і надзеяй, пераконваючы, што праз веру ў Яго душа Лазара стане бессмяротнай, хоць цела і памрэ.
    Езус самога сябе назваў жыццём і ўваскрасеннем, бо гэта дзякуючы Яго ахвяры, якую Ён склаў на крыжы, стала магчымым адкупленне людскіх грахоў і ўваскрасенне да новага жыцця з Айцом у небе. Яго мука і смерць далі ўсяму чалавецтву вечнае жыццё, таму Яго самога можна назваць Жыццём. Для хрысціян гэта фундамент веры і жыццёвы арыенцір. Хрысціяне вераць, што смерць не з’яўляецца этапам, які ўвенчвае жыццё. Смерць цела – гэта толькі пачатак, а не канец. Што праўда, заканчваецца перыяд жыцця, дадзенага на зямлі, але распачынаецца сапраўднае жыццё ў Садзе Айца ў небе. Таму таксама для веруючых у Бога дні, калі мы ўспамінаем памерлых, з’яўляюцца такімі незвычайна важнымі днямі літургічнага календара. Яны з’яўляюцца напамінам і ўмацаваннем у веры, што сапраўднае Жыццё яшчэ наперадзе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.