ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Казка пра ноты

Дзіцячы куточак

“Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, Езус спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
    Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх»”.
    (Мк 9, 33-35)
Жыў-быў хлопчык Віця. Як і многія яго аднагодкі, ён хацеў стаць самым моцным і самым спрытным, таму вельмі любіў урокі фізічнай культуры. Мама Віці паважала інтарэсы хлопчыка, але вельмі хацела, каб яе сын быў усебакова развітым. Таму хлопчык хадзіў на ўрокі рэлігіі і займаўся ў музычнай школе. Там яго вучылі чытаць ноты, спяваць у хоры, іграць на скрыпцы.
    Вучыўся Віця з вялікай неахвотай, таму мама часта хадзіла з ім на канцэрты, каб ён палюбіў музыку.
    Аднойчы яны з мамай сядзелі вельмі блізка да сцэны і слухалі санату для скрыпкі. Скрыпач іграў, заплюшчыўшы вочы, і здавалася, што перад ім праплываюць нейкія дзіўныя карціны. Усе замерлі, слухаючы выдатную мелодыю... Усе, акрамя Віці. Яму было сумна, музыка наганяла на яго сон, і ён пачаў драмаць...
Але зусім нечакана ён убачыў свой нотны сшытак. Ноты, нібы ластаўкі на тэлеграфных правадах, сядзелі на лінейках нотнага сшытка. І кожная спявала на свой лад: “До-о! Рэ-э! Мі-і! Ля-а!”. Іх галасы злучыліся ў прыгожую далікатную мелодыю і перанеслі Віцю на лясную палянку, дзе раслі сінія званочкі і жоўта-белыя рамонкі. Віці адразу ж захацелася бегаць па палянцы і збіраць духмяныя лясныя суніцы, што хаваліся тут і там у траве. Затым у гуках мелодыі Віця пачуў шум вады. Ён пабег на гэты гук і ўбачыў вадаспад – сапраўдны вадаспад, а не пластмасавыя горкі ў аквапарку. На беразе ляжала гумовая лодка. Віця сеў у яе, адплыў ад берага і пачаў грэбці вёсламі. Гэта была захапляльная прыгода, ад якой сэрца забілася ў грудзях, а свет навокал стаў вельмі яркім і звонкім.
    Але раптам нота “ля” падскочыла, сапхнула ноту “до” з яе лінейкі і пачала спяваць ва ўвесь голас:
    – Ля-ля-ля!!!
    Толькі замест далікатнага “ля-ля-ля” загучала: “Я! Я!! Я!!!”
    Лес тут жа знік, вадаспад высах, а хлопчык засумаваў, яму стала не па сабе. Ён успомніў, як аднойчы ў хоры ён спрабаваў спяваць гучней за ўсіх і сапсаваў усю песню.
    – Атрымліваецца, калі перакрычыш і пераможаш усіх, гэта яшчэ не значыць, што ты самы-самы...
    Нота “ля” таксама зразумела, што гэта з-за яе ўсё не так. Хуценька вярнуўшыся на сваё месца, яна сціпла заспявала сваю партыю. І вось, ізноў радасна зашумеў лес, вадаспад зазвінеў звонкімі кроплямі, і Віці стала прыемна на душы.
    Канцэрт скончыўся, і мама разбудзіла сына, які драмаў у крэсле з летуценнай усмешкай.
    – Мама, – спытаў Віця, – скажы, як мне стаць самым-самым?
    – Для гэтага трэба прыслухоўвацца да іншых, сынок. Нават калі спяваеш сольную партыю, нават калі іграеш першую скрыпку. Заўсёды памятай, што ты робіш гэта для ўсіх, і тады ў цябе ўсё атрымаецца як трэба. Тады ты і будзеш самым-самым.
    “Вось чаму скрыпач так выдатна іграў”, – падумаў Віця і ўпершыню парадаваўся таму, што мама аддала яго ў музычную школу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.