ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

“Калі вы штосьці робіце, рабіце гэта салідна!”

З жыцця Касцёла

А. Юзаф Аўгустын SJНекалькі дзён таму Гродзенскую дыяцэзію наведаў манах езуіт а. Юзаф Аўгустын, вядомы польскі прапаведнік, аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў пра хрысціянскае выхаванне. На працягу некалькіх дзён шаноўны госць праводзіў духоўныя практыкаванні для кандыдатаў да святарства і будучых святароў. Айцец Юзаф таксама ахвотна згадзіўся распавесці нам пра тое, чым з’яўляецца інтымнасць ва ўзаемаадносінах з Езусам Хрыстом, пра сучасныя праблемы ў выхаванні, святарскі цэлібат і некаторыя іншыя рэчы.
- Айцец Юзаф, скажыце, калі ласка, як здарылася, што Вы апынуліся ў Беларусі?
- У Беларусі я ўпершыню. Мяне запрасілі выхавацелі Гродзенскай духоўнай семінарыі, каб я правёў для іх навучэнцаў духоўныя практыкаванні на пачатку новага навучальнага года. Акрамя гэтага, мяне папрасілі правесці рэкалекцыі для святароў дыяцэзіі.

- Калі я чую Вашае імя, то заўсёды ўспамінаю вядомую кнігу, якую я прачытаў у семінарыі – “Выхаванне да чыстасці і святарскага цэлібату”. Але спектр Вашых зацікаўленасцей значна шырэйшы. Чым Вы на дадзены момант займаецеся?
   - Я займаюся, у асноўным, педагагічна-душпастарскай працай і не адчуваю сябе навукоўцам. Мне падабаецца працаваць з людзьмі. Не так даўно я праводзіў сустрэчу на тэму бацькоўства (гэтая група нават мае свой сэрвіс у інтэрнэце – www.tato.net). Я прамаўляў да мужчын, якія з’яўляюцца галавой сям’і. У сваіх прамовах я заклікаў іх, каб яны звярталі сваю ўвагу не на тое, як яны адносяцца да сваіх дзяцей, але на тое, як яны адносяцца да сваіх татаў. Я невыпадкова абраў тэму “Зраненыя ўласным бацькам”, бо яны часцей за ўсё прыгадваюць балючы досвед, які спазналі ад сваіх татаў. Увогуле, мая пісьменніцкая дзейнасць мае душпастарскі, а не навуковы характар. Тэма залежыць ад канкрэтных патрэб людзей, якія хочуць пачуць параду ад святара. Мы павінны ўважліва прыслухоўвацца да людзей, бо яны з’яўляюцца крыніцай нашай мудрасці. Калі мы, святары, прамаўляем слабыя пропаведзі, гэта ўказвае на тое, што мы не размаўляем з людзьмі.
   
   - Вы правялі рэкалекцыі для кандыдатаў да святарства і святароў. На чым Вы засяроджвалі ўвагу ў сваіх канферэнцыях, разважаннях і пропаведзях?
   - “Інтымнасць і вольнасць ва ўзаема­адносінах з Езусам” – гэтай тэмай я жыву і гэтым дзялюся з іншымі. Калі мы не жывём гэтым, то не можам любіць людзей. Розныя скандалы, аб якіх мы чуем са сродкаў масавай інфармацыі, азначаюць, што чалавек не жыве Езусам. Без гэтага людзі пачынаюць пазіраць на іншых як на прадметы, аб’екты сваёй пажадлівасці. Менавіта тады паміж людзьмі зараджаецца гвалт. Інтымнасць ва ўзаемаадносінах з Езусам павінна рэалізавацца ў вольнасці. Гвалт – гэта поўнае супрацьпастаўленне інтымнасці. Напрыклад, адносіны маці да сына як да сваёй уласнасці нараджаюць няволю, і там не можа існаваць інтымнасць. Я хачу прапанаваць святарам перажываць моманты інтымнасці – блізкасці ўзаемаадносін у глыбіні свайго сэрца – разам з Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце.
   
   - На дадзены момант існуюць розныя тэорыі ў псіхалогіі, што чалавек, які нe вядзе сексуальнае жыццё, асуджаны на розныя псіхалагічныя захворванні і адхіленні. Што Вы можаце пра гэта сказаць?
   - Сапраўды, існуюць такія тэорыі, якія ствараюцца людзьмі, што разглядаюць чалавека спрошчана (рэдукцыянізм). Некаторыя тэорыі разглядаюць чалавека выключна з пазіцыі біялогіі (біялагізм), іншыя – з пункту гледжання сацыялогіі (сацыялагізм) ці псіхалогіі (псіхалагізм). Усе гэтыя тэорыі абмяжоўваюць чалавека да нейкай часткі рэальнасці (дэтэрмінізм). Чалавек – інтэгральная істота. Спрошчаны погляд на чалавека паніжае яго годнасць і фарміруе памылковы вобраз. У кожнага чалавека ніжэйшая сфера павінна быць падпарадкавана вышэйшай. Сфера біялагічных патрэб павінна быць падпарадкавана розуму і духу. Той, хто разглядае чалавека з пазіцый біялагізму, не можа прызнаць цэлібату. Касцёл ніколі не будзе дыскутаваць з людзьмі, якія маюць іншы антрапалагічны светапогляд. Касцёл, напрыклад, ніколі не дамовіцца з гомасексуалістамі.
   
   - На што павінны звяртаць увагу будучыя святары, каб выхаваць сябе да жыцця ў цэлібаце, каб ён не быў ярмом?
   - Гэта вельмі сур’ёзны заклік. У Беларусь таксама даходзяць агульна­цывілізацыйныя тэндэнцыі. Распаўсюджанне інтэрнэту ператварыла свет у вялікую глабальную вёску. Аднак, нягледзячы на гэта, трэба прыняць погляд, які нам прапануе Езус, прыняць яго асабіста. Без веры гэта зрабіць немагчыма. Цэлібат пераўзыходзіць дар натуры. Цэлібат – гэта імкненне да жыцця ў сексуальнай чысціні, якое дае Святы Дух. Важна, каб у сваім імкненні чалавек быў сумленны, шчыры, каб ён трактаваў свае сексуальныя памкненні з пазіцыі навучання Касцёла. Такі чалавек павінен мець універсальную любоў, пераўзыходзіць свой эгаізм і не канцэнтравацца толькі на ўласных патрэбах. Сутнасць цэлібату – духоўнае бацькоўства, а не адрачэнне ад жыцця ў сужэнстве. Святары, для якіх цэлібат не з’яўляецца ярмом, маюць добра развітае духоўнае бацькоўства да іншых людзей, і яны вельмі гэтым задаволены. Для мяне гэта вельмі блізка. Святары павінны адкрываць у сабе здаровую мужчынскую амбіцыю, каб зрабіць штосьці добрае для іншых, згодна з воляй Езуса.
   
   - Сучасны секулярны свет прапануе сваю ідэалогію задавальнення, не ўлічваючы хрысціянскія этычна-маральныя прынцыпы. Што Вы парадзіце звычайным вернікам з Беларусі, а асабліва моладзі, каб не паддавацца ідэалогіі распусты?
    Я б не хацеў ужываць тэрмін “ідэалогія распусты”. Хачу ўжыць іншае паняцце. Чалавек без Бога становіцца пустым і нялюдзкім. У гэтым кантэксце я прыгадваю словы Жана Данілю: “горад, у якім няма Бога, з’яўляецца нялюдзкім”. Заходняя цывілізацыя нялюдзкая, бо яна ставіцца з пагардай да бедных. “Вялікі свет” пагарджае беднымі. Сёння прорва паміж багатымі і беднымі вельмі вялікая. Вось гэта распуста. Слова “распуста” павінна ўжывацца перш за ўсё адносна багацця. Гэта сапраўдная жорсткасць і распуста гэтага свету. Калі хтосьці сквапны да багацця і кар’еры, ён таксама будзе хцівы да сексу. Распуста – браць тое, што я хачу, гвалтам. Варлам Шаламаў, ахвяра сталінскіх рэпрэсій, у адным са сваіх апавяданняў расказвае, што савецкі лагер зламаў яго ганарлівасць. Маладзёнская ганарліваць жадае лепш скрасці, чым папрасіць. Гэта сапраўдная распуста. Каб папрасіць, трэба найперш стаць пакорна перад Богам. Калі чалавек не ўмее прасіць, тады забірае з гвалтам.
   
   - Наколькі вядома, Вы прымаеце ўдзел у стварэнні праграм выхавання для школы пры Міністэрстве адукацыі РП і, напэўна, ведаеце яе сучасныя праблемы?
   - Так, я прымаў удзел у стварэнні школьных праграм на пачатку 90-х, але свет сапраўды вельмі хутка змяняецца. Сёння прысутнасць святара падчас стварэння педагагічных праграм амаль што немагчымая. На сённяшні дзень існуе вялікае разыходжанне паміж Касцёлам і дзяржавай у многіх натуральных пытаннях. Не так даўно я пісаў сваю рэцэнзію на падручнік Міністэрства адукацыі РП, і гэтая рэцэнзія сустрэла моцны пратэст. Яны адштурхоўваюцца ад пазіцыі, што каталіцкі святар не можа даць “аб’ектыўнай” ацэнкі ў пытаннях сексуальнага выхавання, таму што пункт гледжання каталіцкага Касцёла кардынальна разыходзіцца з іх свецкай і секулярнай пазіцыяй.
   
   - Школа ў Польшчы перажыла вельмі вялікія рэформы і, паводле меркаванняў многіх настаўнікаў, было зроблена шмат памылак, якія негатыўна паўплывалі на яе сучасны выгляд. Перад чым бы Вы хацелі перасцерагчы школьную сістэму адукацыі, зыходзячы з польскага вопыту?
   - Мы не можам навязваць уласныя погляды, але і не можам дазволіць, каб яны навязвалі нашым дзецям ідэі, якія кардынальна разыходзяцца з нашым сумленнем. Няхай школа прапануе такое навучанне адносна сямейнага жыцця, якое адпавядае патрабаванням выхавання дзяцей у адпаведнай рэлігіі. Рэлігійная свабода дазваляе жыць каштоўнасцямі свайго веравызнання. У гэтым заключаецца асноўная праблема Польшчы, якая пад націскам Еўрапейскага Саюза спрабуе навязаць дзецям ідэалогію, спрэчную з маральнымі каштоўнасцямі хрысціянства, іудаізма і іслама. Мы не можам дазволіць, каб на нас з гвалтам накінулі спрэчныя погляды. Менавіта ў гэтым выпадку дзяржава выкарыстоўвае гвалт. “Гендэрная” ідэалогія прапануе бачанне сям’і, якое абсалютна пазбаўлена ўсіх норм і правіл. Можна рабіць усё, што пажадаеш. Гэта жудасна. Мужчына хоча быць жанчынай, і ён не прызнае біялагічных норм. Гэтая дэструктыўная па сутнасці ідэалогія абвінавачвае бацькоў у тым, што яны акрэсліваюць палавую тоеснасць сваіх дзяцей. Кашмар! Не так даўно Міністэрства апублікавала чатыры падручнікі, у якія, на вялікі жаль, упляло менавіта “гендэр”.
   
   - Што б Вы хацелі пажадаць вернікам нашай дыяцэзіі, а асабліва святарам і кандыдатам да святарства?
   - Калі вы штосьці робіце, рабіце гэта салідна! Быць святаром – вялікая справа! Бог запрашае нас, бо давярае нам. Гэтая прыгажосць і велічнасць засноўваецца на даверы, якім нас адорваюць вернікі, адкрываюць перад намі свае сэрцы, так як перад Богам. Мы не можам падмануць іх давер, бо гэта несумленна. На чым, напрыклад, палягае сексуальнае злачынства? На злоўжыванні і выкарыстоўванні даверу. Святарства з’яўляецца велічным толькі тады, калі спалучана з ахвярай, а ахвяра ў сваю чаргу – са змаганнем. Мы павінны быць святарамі не з таго, што гаворым, а з таго, як жывём. За нашымі словамі людзі павінны ўбачыць жыццё. Аддаваць самога сябе за іншых – гэта найцудоўнейшая справа. Кожны святар павінен мець здаровую мужчынскую амбіцыю, каб, калі ён адыдзе з гэтага свету, людзі памяталі пра яго. Менавіта такія святары надоўга запісваюцца ў памяці тых, да каго яны пасланыя.
   
   - Дзякуй за размову!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.