ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Узяць ружанец у рукі

Слова рэдактара

Дзякуючы кожнаму “вітай, Марыя” Касцёл на нашай зямлі сёння адроджаны. Наш народ, які вельмі шануе Маці Божую, прычым, рознымі спосабамі, памятаў у першую чаргу пра Ружанец

   У штодзённым жыцці людзі нешта пытаюцца адзін у аднаго, каб даведацца або зрабіць штосьці. Адны даюць парады другім, і часта гэтыя парады вельмі карысныя і важныя. У духоўным жыцці адбываецца падобным чынам.
    Я сёння таксама хачу даць параду: варта ўзяць у рукі ружанец. Ёсць такія хрысціяне, якія кожны дзень адгаворваюць Ружанец, ёсть такія, што толькі ў кастрычніку ці некалькі разоў на год, ёсць тыя, хто забыўся, што існуе ружанцовая малітва, а многія нават не ўмеюць маліцца Ружанцам.
    Навошта чалавеку патрэбна ружанцовая малітва? Ружанец з’яўляецца жыццём Марыі поруч з Хрыстом. Адгаворваючы гэтую малітву, мы, па прыкладзе Марыі, таксама можам быць поруч са Збаўцам. Праз Ружанец мы глядзім на жыццё Хрыста вачамі Марыі. Ружанцовая малітва вучыць нас дзякаваць, любіць і прасіць прабачэння ў Бога. За кожным “вітай, Марыя” знаходзіцца мноства Божых ласкаў, падрыхтаваных для нас. Ружанец выратаваў многіх і надалей дапамагае чалавеку знайсці сваю дарогу да Жыцця. Гэта менавіта дзякуючы Ружанцу ў Беларусі не знішчылі ўсе касцёлы.
Дзякуючы кожнаму “вітай, Марыя” Касцёл на нашай зямлі сёння адроджаны. Наш народ, які вельмі шануе Маці Божую, прычым, рознымі спосабамі, памятаў у першую чаргу пра Ружанец. Маліліся ў розных месцах: каля крыжоў, у дамах, у пустых касцёлах, часам нават у тых, дзе ўжо не было даху ці сцен. Дзякуючы Ружанцу мы маем моцныя сем’і, выхоўваем будучыя пакаленні ў духу веры.
    Варта таксама памятаць пра вельмі важную для нашай будучыні справу. Сёння Ружанец не можа стаць для нас малітвай толькі старэйшых людзей або вісець на люстэрках у аўтамабілях. Думаю, што гэта чарговы заклік для нашых душпастараў – каб маладыя людзі ўжо цяпер узялі ў рукі ружанцы. Каб у жыццё Ружанцовых колаў пры нашых парафіях уключыць моладзь. Варта таксама праводзіць сямейны Ружанец, дзе спачатку дзеці будуць маліцца з бацькамі, а потым і сваіх дзяцей навучаць гэтай малітве.
    Святыя і бласлаўлёныя даюць нам важныя парады і падказкі на тэму ружанцовай малітвы. Айцец Піо, які штодзённа адгаворваў Ружанец, сказаў: “Любіце Марыю і рабіце ўсё, што можаце, каб людзі Яе любілі. Адгаворвайце ў Яе гонар Ружанец. Рабіце гэта заўсёды...”. Сам Ян Павел II прыпісваў сваё ацаленне заступніцтву Марыі. Кулю, якой быў ранены, ён перадаў як вотум у фацімскі санктуарый. Яна была змешчана ў кароне фігуры Маці Божай у Фаціме.
    Вядома таксама, што сённяшні папа Францішак штодзённа адгаворвае ўсе таямніцы Ружанца, а прыкладам яму стаў Ян Павел II. Кардынал Хорхе Марыа Берголіа прызнаўся ў гэтым пасля смерці Папы-паляка. Італьянскі штомесячнік “30 Giorni” папрасіў яго тады даць сведчанне пра памерлага. У адказ мітрапаліт Буэнас-Айрэса накідаў у самалёце толькі некалькі сказаў. Ён успомніў, як у 1985 годзе, будучы рэктарам семінарыі, ён быў у Рыме і прыняў удзел у ружанцовай малітве ў Ватыкане, якую ўзначаліў Ян Павел II. “Ён стаяў спераду на каленях. Я бачыў яго ззаду і паступова пагружаўся ў малітву”, – напісаў кард. Берголіа. Ён падкрэсліў, што не быў адзін. “Я маліўся сярод Божага люду пад кіраўніцтвам нашага Пастыра. Калі я паглядзеў на Папу, надышла хвіліна рассеянасці. Яго пабожнасць была сведчаннем. Я ўявіў яго сабе як маладога святара, семінарыста, паэта, працаўніка, дзіця ў Вадавіцах у той самай позе, што і цяпер – адгаворваючага малітвы адна за другой”, – прыгадаў сённяшні Папа. Ён прызнаўся, што сведчанне пабожнасці Святога Айца зрабіла на яго вялікае ўражанне. “Я ўсвядоміў сапраўднае значэнне слоў, якія Маці Божая ў Гвадэлупе накіравала да св. Хуана Дыега: «Не бойся, хіба ж Я не твая Маці?». Я зразумеў прысутнасць Марыі ў жыцці Папы. З той хвіліны я штодзённа адгаворваю 15 таямніц Ружанца”, – прызнаўся некалькі гадоў таму кард. Берголіа.
    Сёння, як і да гэтага, Ружанец у першую чаргу дапамагае нам зразумець чаканні, сумненні і надзеі сучаснага свету. Гэта малітва, якая вядзе нас праз Марыю да Хрыста, да Неба. Таму варта ўзяць у рукі ружанец і, калі хтосьці ніколі раней не маліўся на ім, здзейсніць гэта.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.