ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

“Бо касцёл для чалавека – усё!”

З жыцця Касцёла

80 гадоў для касцёла – гэта не так ужо і шмат”, – думала я, назіраючы, як праносіцца за вакном аўтамабіля дарога, што вядзе ў мястэчка Радунь. Што я ведаю пра Радунь? Ну, здаецца, тое ж, што і ўсе: ведаю пра іешыву (вышэйшая навучальная рэлігійная ўстанова ў яўрэеў), якая была тут заснавана ў 19 стагоддзі рабінам Хафец-Хаімам, ведаю пра тое, што ў Радуні знайшоў сабе прыстанак вольналюбівы цыганскі народ... І вось, цяпер я еду на свята 80-годдзя кансэкрацыі касцёла Маці Божай Ружанцовай. Да пачатку ўрачыстасці яшчэ быў час, але людзі ўжо паступова прыходзілі.
Адклалі свае штодзённыя справы, прыйшлі павіншаваць любімую святыню з Днём нараджэння. А яна гатова была спаткаць сваіх вернікаў. Ля касцёла ўсталёўвалася сцэна, дзе пасля св. Імшы павінен быў адбыцца канцэрт, каля ўвахода можна было набыць розныя рэлігійныя рэчы: абразікі, нацельныя крыжыкі, нават статуэткі вясёлых анёл­каў. А сам касцёл быў па-святочнаму ўпрыгожаны стужкамі і кветкамі. Урачыстасць распачалася з выступлення лідскага ансамбля “Kresowiacy”. Артысты так і сказалі: “Вы пачуеце ў нашым выкананні песні, якія спявалі яшчэ нашыя мамы і бабулі!” І заспявалі! І пра дзяўчыну, што нават у воду скочыць за шэрыя вочы любага Яся, і пра радуньскі кірмаш, і пра хуткаплыннасць жыцця... І вясёлыя спявалі, і сумныя, але ўсё больш пра каханне.
    А затым распачалася ўрачыстая Імша, якую цэлебраваў ксёндз біскуп Казімір Велікаселец. На Імшы таксама прысутнічалі 11 ксяндзоў з розных парафій. Ксёндз Вітольд Лазавіцкі шмат гадоў праслужыў у Сапоцкіне, а з 2011 г. ён пробашч у касцёле Маці Божай Ружанцовай. Менавіта яго намаганнямі св. Імша была вельмі асаблівай: акрамя святароў, прадстаўнікоў мясцовай і гарадской улады на свята прыбыла цэлая дэлегацыя гасцей з Польшчы. Сярод іх аўтар “Гісторыі Радуні”, прадстаўнікі Таварыства дапамогі, Генеральнага консульства РП у Гродне. Але галоўным падарункам жыхарам мястэчка стаў візіт спадарыні Аліны Тэрэсы Мідро, нашчадка ксяндза Станіслава Шчэмірскага – чалавека, які і пабудаваў тут касцёл. Спадарыня Аліна расказала жыхарам пра гісторыю яе сям’і, якая так цесна пераплятаецца з гісторыяй касцёла і мястэчка.
    На пачатку 20 стагоддзя ў Радуні разгарнуліся сур’ёзныя канфлікты паміж вернікамі на прадмет таго, на якой мове весці Імшу. Пытанне было настолькі вострым, што нават ішла гаворка пра пабудову двух касцёлаў: аднаго для палякаў, другога для ліцвінаў. Але ў 1924 годзе ў Радунь быў напраўлены ксёндз Станіслаў Шчэмірскі. Ён і распачаў будаўніцтва касцёла Маці Божай Ружанцовай, будаўніцтва, якое скончылася 7 верасня 1933 года.
    “Ксёндз Станіслаў не хацеў дзяліць тое, што створана Богам. Ён аб’яднаў людзей, паказаўшы ім, дзе ёсць Бог, а не стаў будаваць дзве святыні. Менавіта дзякуючы ксяндзу Станіславу на сённяшняй урачыстасці мы молімся ў АДНЫМ касцёле! – гаварыў у пропаведзі айцец Юзаф Макарчык. – Ксёндз Шчэмірскі тут за 11 гадоў працы зрабіў столькі, колькі не могуць зрабіць за 100-200 год. У 33-м тут ужо была пабудавана цудоўная святыня, але галоўнае тое, што ксёндз аб’яднаў хрысціян, навучыў іх верыць, разам маліцца і жыць у супакоі”.
    Жыццяпіс ксяндза Станіслава Шчэмірскага, гісторыя касцёла, здавалася, закранулі ўсіх прысутных. “Касцёл – гэта агульны дом для ўсіх! – абвяшчаў ксёндз біскуп. – Мы ўсе адчуваем сябе тут як дома. Дзе няма храма – там ёсць грэх. Бо касцёл для чалавека – усё!”
    Пасля выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту і літаніі біскуп асвяціў фігурку Хрыста Валадара, усталяваную каля касцёла спецыяльна з нагоды свята, а таксама памятную табліцу і копію Турынскай плашчаніцы, якая з вялікімі цяжкасцямі з-за мяжы ўсё ж трапіла ў Радунь.
    На заканчэнне св. Імшы госці склалі свае віншаванні жыхарам мястэчка, а асабліва ксяндзу пробашчу Вітольду (яго Дзень нараджэння прыпаў якраз на 7 верасня!), які сардэчна дзякаваў і быў вельмі ўзрушаны.
    Урачыстасць скончылася канцэртам. Людзі стаялі ля касцёла сваёй апякункі Маці Божай Ружанцовай і слухалі мелодыі вясёлых песень, упэўненыя, што касцёл, які надзейна праслужыў 80 гадоў, дачакаецца і 800-годдзя...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.