ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Слова для Жыцця (54)

Слова для Жыцця

Папа Францішак І

Калі чалавек думае толькі пра самога сябе і пра свае інтарэсы і ставіць сябе ў цэнтры, калі ён дае сябе захапіць ідалам панавання і ўлады, калі ён ставіць сябе на месца Бога, тады ён псуе ўсе адносіны, знішчае ўсё; і адчыняе дзверы насіллю, абыякавасці, канфлікту. Менавіта гэта нам паказвае фрагмент з Кнігі Быцця, які расказвае пра грэх людской істоты: чалавек уваходзіць у канфлікт з самім сабой, разумее, што ён голы, і хаваецца, бо адчувае страх (Быц 3, 10), ён баіцца Божага позірку, абвінавачвае жанчыну, тую, якая з’яўляецца целам ад яго цела (в. 12), разбурае гармонію са створаным светам, даходзіць да таго, што падымае руку на брата, каб забіць яго. Ці можна сказаць, што ад гармоніі мы пераходзім да “дысгармоніі”? Не, “дысгармоніі” не існуе: альбо ёсць гармонія, альбо мы трапляем у бязладдзе, дзе пануе насілле, сутыкненні, канфлікт, страх...

    Менавіта гэтае бязладдзе пануе, калі Бог заклікае да сумлення чалавека: “Дзе Абэль, брат твой?”. А Каін адказвае: “Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго?” (Быц 4, 9). Да нас таксама накіравана гэтае пытанне, і нам таксама было б добра задаць яго сабе: Хіба я вартаўнік брата свайго? Так, ты вартаўнік свайго брата! Быць людзьмі значыць быць вартаўнікамі адзін для аднаго! Калі ж разбураецца гармонія, адбываецца метамарфоза: брат, якога трэба ахоўваць і любіць, становіцца праціўнікам і трэба з ім змагацца, знішчыць яго. Колькі ж насілля адбываецца ў гэты момант, колькі канфліктаў, колькі войнаў адзначыліся ў нашай гісторыі! Дастаткова паглядзець на пакуты столькіх братоў і сясцёр. Гэта не пытанне кан’юнктуры, але такая праўда: мы становімся прычынай таго, што ў кожнай форме насілля і ў кожнай вайне адраджаецца Каін. Усе мы! І сёння мы таксама працягваем гісторыю змагання з тым, хто з’яўляецца нашым братам. Таксама сёння мы дазваляем, каб намі кіравалі ідалы эгаізму, нашых зацікаўленняў; і такі падыход трывае: мы ўдасканалілі зброю, нашыя сумленні заснулі, мы прывялі свае аргументы, каб апраўдацца. Нібы гэта нармальная справа, мы далей сеем знішчэнне, боль і смерць! Насілле і вайна нясуць толькі смерць, гавораць аб смерці! Насілле і вайна гавораць на мове смерці! Пасля хаосу патопу дождж перастаў ісці. З’явілася вясёлка, а галубіца прынесла аліўкавую галінку. Таксама і сёння я думаю аб тым аліўкавым дрэве, якое прадстаўнікі розных рэлігій пасадзілі ў Буэнас-Айрэсе на Пляза-дэ-Маё ў 2000-м годзе, молячыся, каб больш ніколі не было хаосу, молячыся, каб больш ніколі не было вайны, молячыся аб міры.
Фрагмент разважанняў падчас малітоўнага чування аб міры, паводле Radio Vaticano

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.