ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус прыбудуць у нашу дыяцэзію

З жыцця Касцёла

Перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус на Гродзеншчыне распачнецца 6 ліпеня і працягнецца ажно да 4 жніўня. Амаль за месяц вернікі ўсіх куткоў нашай дыяцэзіі змогуць памаліцца пры рэліквіях святой. Аб перэгрынацыі і аб тым, чаму яна павінна навучыць кожнага чалавека, з кармелітам а. Пятром Фраштэнгам размаўляў кс. Павел Салабуда.
- Айцец Пётр, якая мэта перэгры­нацыі? Адкуль з’явілася такая ініцыятыва кармелітаў?
   - Два гады таму падчас размовы з кс. Уладзіславам Завальнюком мы прапанавалі арганізаваць перэгрынацыю рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус у Беларусі. Першапачаткова яна планавалася на 2012 г. Але, паразмаўляўшы з Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, мы прыйшлі да высновы, што ў сувязі з юбілеем 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў, сённяшні Нацыянальны санктуарый Беларусі, для гэтай мэты больш адпавядаў бы 2013 г.
З гэтага моманту пачалася падрыхтоўка да перэгрынацыі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біску­паў у Беларусі накіравала афіцыйнае запрашэнне рэліквій у нашу краіну, якое было перададзена кусташу базілікі св. Тэрэзы ў Лізьё. Тады таксама канферэнцыя біскупаў даручыла кармелітам босым, якія працуюць у Беларусі, уладжванне ўсіх фармальнасцей, звязаных з прыездам рэліквій і правядзеннем перэгрынацыі.
    Маючы вопыт перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ў іншых краінах, мы вельмі хацелі, каб гэтая святая прыехала і ў наш Касцёл на Беларусі. Назіраючы, а нават прымаючы ўдзел у перэгрынацыях, якія праводзіліся ў Польшчы і Літве, мы бачылі вялікія тлумы людзей, якія хацелі асабіста сустрэцца з гэтай святой, вельмі папулярнай ва ўсім свеце. Як вядома, наша краіна з’яўляецца 76-й краінай, дзе госцяць рэліквіі св. Тэрэзы.
   
   - Перэгрынацыя ўжо адбываецца ў Мінска-Магілёўскай архі­дыяцэзіі. Да рэліквій св. Тэрэзы прыходзіць мноства людзей. Ці ёсць ужо нейкі плён і які?
   - Плён, які прыносіць перэгрынацыя ў Беларусі, ужо бачны. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі тысячы людзей сустракаюцца са св. Тэрэзай. Кожны з іх прагне дакрануцца да рэлікварыя і такім чынам адчуць фізічную і духоўную блізкасць са св. Тэрэзай. Я бачыў каля рэлікварыя мам і татаў, моладзь і дзяцей. Усе яны даручалі ёй малыя і вялікія таямніцы сваіх сэрцаў. Напэўна, гэта былі вельмі інтымныя размовы: размовы, якія выклікалі радасць і ўсмешку, але таксама і размовы, якія станавіліся прычынай плачу. Немагчыма, каб хтосьці, хто прытуліўся да св. Тэрэзы, не выйшаў перамененым. Святая перамяняе жыццё кожнага, хто з ёй сустракаецца, і паказвае просты шлях да святасці. Дастаткова толькі кінуцца ў абдымкі Бога Айца, як малое дзіця, не маючы нічога, акрамя даверу. Гэта тыя індывідуальныя, унутраныя плады перэгрынацыі, якія перамяняюць паасобныя сэрцы вернікаў. Але трэба таксама сказаць аб знешніх пладах. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі перэгрынацыя трывае ўжо тры тыдні (рэд.: размова 15.06.2013). У кожнай парафіі, куды дабіраецца аўтакапліца з рэліквіямі, св. Тэрэзу сустракаюць і вітаюць вельмі ўрачыста. Тлумы вернікаў, аркестр, сілавыя структуры практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, якія нясуць рэлікварый, дзеці, якія сыплюць пялёсткі руж, моладзь, якая выражае свае пачуцці ў прыгожым спеве. Рэлікварый вельмі часта нясуць з межаў мясцовасці ці з галоўнай плошчы ў касцёл. Гэта вялікая праца, беручы пад увагу, што рэлікварый разам з рэліквіямі важыць 145 кг. Усё гэта азначае, што назіраецца вялікае ажыўленне ўсіх грамадскіх структур, пачынаючы ад парафіі. Усё гэта патрабуе актыўнага ўдзелу, каб такім чынам прывітаць урачыстасць. Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус ажыўляе наша грамадства, робіць так, што ўсе з вялікай радасцю рыхтуюць урачыстасць. А кульмінацыя падрыхтоўкі, якой з’яўляецца прывітанне і прыняцце ў межах парафіі св. Тэрэзы, узносіць нашыя сэрцы на вышыні, выклікаючы пачуццё чагосьці вялікага і адначасова вельмі лёгкага. Гэта як пясчынка, якую ўзносіць вецер. Яна – св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус – таксама нас так узносіць, каб мы наблізіліся да Езуса. Пэўная манаская сястра, якая распаўсюджвала матэрыялы аб св. Тэрэзе, знаходзячыся побач з ёю на працягу цэлага тыдня, сказала мне пасля: “Дзякуй Вам за рэкалекцыі, якія я перажыла са св. Тэрэзай”. Я хацеў бы ўжо сёння сказаць, што перэгрынацыя з’яўляецца нацыянальнымі рэкалекцыямі. Я не баюся выкарыстаць гэты тэрмін пасля таго, што бачыў на працягу гэтых трох тыдняў, і будучы ўпэўненым, што яшчэ ўбачу ў іншых месцах, іншых дыяцэзіях. Аб іншым плёне і асабістых перажываннях мы, бясспрэчна, пачуем пасля перэгрынацыі. Не адзін з нас напіша сваю гісторыю душы.
   
   - Чаму, на Вашу думку, св. Тэрэза хоча навучыць католікаў у Беларусі?
   - Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус усім нам паказвае дарогу да святасці, незалежна ад таго, Беларусь гэта ці іншая краіна. Усюды, дзе яна з’яўляецца, на ўсіх кантынентах і ва ўсіх краінах яна пакідае сябе ў людскіх сэрцах. Вопыт паказвае, што сустрэча з ёй – гэта вялікае асабістае і грамадскае перажыванне. А гэта азначае, што сустрэча з ёй можа накіраваць чалавека толькі ў адным напрамку: у напрамку Бога, які з’яўляецца Айцом усіх без выключэння. Таму і св. Тэрэза сустракаецца з усімі. Прыходзяць як католікі, так і праваслаўныя, і пратэстанты. У адной мясцовасці прыйшла жанчына, якая лічыла сябе няверуючай. Яе сустрэча са св. Тэрэзай выклікала плач, слёзы. Я магу толькі здагадвацца, што гэта былі слёзы перамянення. Я ведаю аб адным такім выпадку. Але я перакананы, што іх было і будзе яшчэ шмат. Нават калі мы не даведаемся аб іх, гэта будзе маленькі сакрэт св. Тэрэзы.
    Я сёння ўяўляю сабе Беларусь, а ў ёй мноства людзей вакол рэлікварыя, як маленькія пясчынкі адна каля другой. Лёгкі павеў ветру, якім з’яўляецца сустрэча са св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езус, з лёгкасцю ўзнімае гэтае мноства. Яна і яе любоў узнімае кожнага з нас, каб у абдымках Бога Айца знайсці сваё месца.
    Напрыканцы ад імя братоў кармелітаў босых я хацеў бы падзякаваць усім, хто дапамагае ў тым, каб як мага большая колькасць людзей магла сустрэцца са св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езус. Гэта вялікі гонар – прымаць яе ў нашай краіне. Яшчэ большы гонар – прымаць яе ў нашых касцёлах. Нашыя вернікі патрабуюць гэтай сустрэчы. Яны хочуць сустрэцца са св. Тэрэзай, якую, як сказаў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, ведаюць з дзяцінства. У многіх з нас яе абраз – малы ці вялікі, чорна-белы ці каляровы – вісеў над ложкам. Мы бачылі яго, калі клаліся спаць і калі ўставалі. Цяпер яна, св. Тэрэза з гэтага абраза, знаходзіцца сярод нас. Ці можа быць нешта прыгажэйшае за такую сустрэчу?! 
   - Дзякуй за размову.


   

Праграма перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус па Гродзенскай дыяцэзіі (06.07 – 04.08.2013 г.)
    06.07Войстам, прыбыццё рэліквій у 18.00
    07-08.07Смаргонь, прыбыццё рэліквій у 07.30
    08-10.07Ашмяны, прыбыццё рэліквій у 18.30
    10-12.07Іўе
    12.07Навагрудак, прыбыццё рэліквій у 18.30
    12-13.07Бярозаўка, прыбыццё рэліквій у 21.00
    13-14.07Гудагай, прыбыццё рэліквій у 17.30
    14-15.07Астравец, прыбыццё рэліквій у 15.00
    15.07Гервяты, прыбыццё рэліквій у 10.00. Рэліквіі прабудуць да 13.00
    15.07Кемелішкі, прыбыццё рэліквій у 14.00. Рэліквіі прабудуць да 16.30
    15-16.07Варняны, прыбыццё рэліквій у 17.00. Рэліквіі прабудуць да 07.00
    16.07Міхалішкі, прыбыццё рэліквій у 08.00. Рэліквіі прабудуць да 11.30
    16.07Жукойні Жэлядзскія, прыбыццё рэліквій у 12.30
    16-18.07Дзятлава, прыбыццё рэліквій у 18.00
    18-20.07Ліда (парафія св. Сям’і), прыбыццё рэліквій у 18.30
    20-21.07Вярэйкі, прыбыццё рэліквій у 18.00
    21.07Воранава (парафія св. Юды Тадэвуша), прыбыццё рэліквій у 10.00
    21.07Радунь, прыбыццё рэліквій у 14.30
    22.07Забалаць
    22-24.07Астрына, прыбыццё рэліквій у 17.00
    24-25.07Масты, прыбыццё рэліквій у 18.00
    25-27.07Слонім (парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі), прыбыццё рэліквій у 17.00. Рэліквіі прабудуць да 12.00
    27-28.07Івянец (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія – моладзевае чуванне), прыбыццё рэліквій у 15.30. Рэліквіі прабудуць да 12.30.
    28-30.07Ваўкавыск (парафія св. Вацлава), прыбыццё рэліквій у 16.00
    30-31.07Вялікая Бераставіца, прыбыццё рэліквій у 18.30
    31.07-02.08Гродна-Захад (Вішнявец, парафія Божай Міласэрнасці)
    02-03.08Сапоцкін, прыбыццё рэліквій у 18.30
    03-04.08Гродна-Усход (катэдра), прыбыццё рэліквій у 18.30. Рэліквіі прабудуць да 14.00

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.