ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Канікулы ад школы, але не ад Пана Бога

На шляху да святасці

Кс. Максім  Бачарнікаў SCJДарагія Чытачы, я зноў вітаю Вас на старонках газеты “Слова Жыцця”. Гэты артыкул я хачу скіраваць, у першую чаргу, да тых чытачоў, якія хочуць забыцца пра школу і з нецярпеннем чакаюць заслужаных канікул. Магчыма, яны тут знойдуць для сябе некалькі добрых парад, як падчас канікул не забыцца пра Пана Бога, пра малітву і нядзельную св. Імшу.
Калі не так даўно я пра­цаваў у парафіі і навучаў дзяцей і моладзь, то вельмі часта сус­тракаўся з пытаннем: “Ці на канікулах таксама трэба хадзіць у касцёл?” Я лічу, што такое пытанне дзяцей абгрунтавана, бо калі на канікулах не трэба хадзіць у школу, то, можа, і ад касцёла на некалькі месяцаў можна адпачыць?
Пачнём з таго, што Бог сам прыдумаў адпачынак: Кніга Быцця гаворыць, што Бог адпачыў пасля стварэння свету на сёмы дзень, а таксама ў Евангеллі паводле св. Марка Пан Езус заклікае Апосталаў да адпачынку: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Такім чынам, Бог сам заахвочвае нас да аднаўлення сіл, да адпачынку. Ён хоча, каб мы, адпачыўшы, з новымі сіламі браліся за працу. Хоча, каб мы пазнавалі прыгажосць створанага Ім свету, каб мы ў коле сям’і, у групе сяброў усё лепш пазнавалі адзін аднаго, ахвотней дапамагалі адзін аднаму, каб нам было лягчэй потым жыць.
    Канікулы – гэта час, каб адчуць сябе вольным і падзякаваць за гэта Богу. Мы можам пазнаць прыгажосць свету, можам пазнаць грэх. Можам навучыцца радавацца, дапамагаючы іншым, але можам і набыць вопыт дрэннага абыходжання з людзьмі. Ад нас канчаткова залежыць, ці выкарыстаем мы гэты час канікул так, каб ён на самой справе пайшоў нам на карысць.
    Канікулы ў нас атаясамлі­ваюцца з тым, што можна рабіць усё, на што мы маем ахвоту. А калі б мы мелі ахвоту на нешта нядобрае? Тут перад намі паўстае задача: у тое, чаго мы хочам, трэба ўкласці розум і фантазію. Калі капрызнае дзіця хоча з’есці пірожнае за паўгадзіны да прыгатавання абеду, то гэта трохі перашкодзіць яму адчуць смак нават любімых страў. А таму мы зробім усё, каб гэтаму дзіцяці выбіць з галавы падобныя думкі. Падобным чынам і з нашымі капрызнымі жаданнямі. Іх трэба сабе растлумачваць, падпарадкоўваць і фарміраваць.
    Так, на канікулах мы не ходзім у школу, у нас няма столькі абавязкаў як падчас школьнага года. Але падумай, у Цябе, напэўна, ёсць нейкае хобі, нейкая зацікаўленасць, што дапамагае Табе адкрываць у сабе новыя таленты. Любіш ездзіць на веласіпедзе? Падчас школы на гэта не было часу, таму цяпер ёсць шанс, каб сабраць яшчэ некалькі такіх аматараў, як Ты, і вырушыць на агляд прыгожых ваколіц.
    Любіш рабіць здымкі? Надышоў для гэтага час. Выкарыстай канікулы, вучыся назіральнасці, сфатаграфуй цікава размешчаныя хмары, вясёлку пасля дажджу, усмешку немаўляці або паважны, прыгожы твар бабулі (памятай: каб фатаграфаваць людзей, трэба мець іх згоду). Потым, ужо на працягу года, можаш зрабіць выставу сваіх здымкаў, хаця б ва ўласным пакоі.
    Цябе і іншых раздражняе тое, што Ты часта аб нечым забываешся? Што Ты не пунктуальны? Што не заўважаеш чаканняў людзей, якія Цябе акружаюць? Падумай, як над гэтым папрацаваць на гэтых канікулах. Ты станеш шчаслівейшы, калі ўбачыш на свае вочы, што тое, што Табе да гэтага часу перашкаджала, удасца змяніць. Можа, не адразу, але крок за крокам.
    Канікулы – гэта не час, каб нічога не рабіць, гэта час для святкавання адпачынку. А адпачынак – гэта час, праведзены з сям’ёй, з блізкімі. Святкаванне адпачынку – гэта радасць, якая вынікае з Божай прыязнасці. Мы па-людску можам гэта зразумець, калі нехта вельмі блізкі прыязджае пасля доўгай адсутнасці, і тады кожная хвіліна здаецца асаблівай, непаўторнай і святочнай. Можа, Ты выкарыстаеш канікулы, каб навучыцца святкаваць.
    Я чуў, што адзін фран­цішканін, які працуе ў пэў­най парафіі, ужываў шмат параўнанняў з жывёльнага свету. Між іншым ён сказаў, што пасля святой Камуніі мы можам паводзіць сябе як мама кенгуру, якая нядаўна нарадзіла патомства. Ніхто не павінен ведаць, што яна носіць у сваёй сумцы дзіця. А яна няспынна памятае пра яго, у нейкай ступені жыве для яго. Мы таксама на канікулах павінны памятаць, што з’яўляемся дзецьмі Пана Бога. Трэба сабе прыгадваць гэта, паўтараць, аж пакуль гэта не стане відавочнай прычынай для радасці, пачуцця бяспекі, душэўнага супакою.
    Канікулы ад Бога? Давайце ўявім сабе, што нашыя бацькі пакінулі нас дома, а самі паехалі на два тыдні на адпачынак. Ці не будзем мы да іх або яны да нас штодзённа званіць, каб быць упэўненымі, што іх дзеці спраўляюцца з усім і ім нічога не пагражае?
    Чалавек, які забываецца пра Бога на канікулах, падобны да астранаўта, які ляціць на іншую планету, але не мае сувязі з камандным пунктам на Зямлі. Ці можа ён быць упэўнены, што не згубіцца ў касмічнай прасторы і шчасліва вернецца да любімых людзей?
    Канікулы скончацца, а святкаванне застанецца ў Тваім сэрцы, як жыццёвая пастава. Ну, і жадаю, каб Цябе неаднойчы хтосьці спытаў: адкуль у Цябе такі душэўны супакой, адкуль у Цябе столькі цярплівасці ці калі Ты гэтаму навучыўся? Тады Ты скажаш, што навучыўся гэтаму на канікулах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.