ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Войстам

Парафіі і святыні

Дэканат Смаргонь
Касцёл, першапачаткова асвечаный пад тытулам святога Юрыя, быў заснаваны тут у 1440 г. Напачатку ХХ ст. у парафіяльным архіве яшчэ захоўваўся арыгінальны дакумент 1444 г., у якім панна Соф’я Бутвіловіч запісала на мясцовы касцёл аднаго свайго халопа з Іжы з абавязкам адпраўляць адну св. Імшу на год. Аднак, галоўным фундатарам войстамскай плябаніі лічыўся Стэфан Андрушкавіч-Ядоўгавіч, які, не маючы нашчадкаў, у 1491 г. надзяліў касцёл зямлёю, халопамі і вёскамі. Потым фундуш памножылі Адам Андрушкавіч, Анджэй Ядоўгавіч, Мацей Андрушка. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
    Войстамская парафія належала да Свірскага дэканата, з 1930-х гг. – да Вілейскага. У XVI ст., як і многія іншыя каталіцкія святыні Смаргоншчыны, касцёл св. Юрыя быў ператвораны ў кальвінскі збор, па інш. звестках – толькі страціў на карысць рэфарматараў частку зямельных уладанняў. Але з другой паловы XVII ст. у Войстаме зноў адзначаецца дзеючы касцёл.
Старажытная святыня была знішчана падчас “нашэсця Масквы” ў 1654-1661 гг. Адбудаваў храм тагачасны плябан Барталамей Панасевіч, і ў 1674 г. новазбудаваны касцёл быў кансэкраваны біскупам Мікалаем Слупскім, суфраганам віленскім, цяпер ужо пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У XVIII ст. тут дзейнічала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках. З 1776 г. Войстам стаў маёмасцю браслаўскага старосты Ігнацыя Буржымоўскага, які ў 1787 г. збудаваў тут капліцу, але пазней святыня не ўзгадваецца. Апошні драўляны храм, узведзены ў цэнтры мястэчка намаганнямі кс. Яна Твардоўскага ў 1744-1745 гг., – гэта была дзвюхвежавая трохнававая базіліка з трансептам, інтэр’ер якой упрыгожвалі 10 алтароў. Трох’ярусныя чацверыковыя вежы ўвенчваліся барокавымі купаламі, уваход на касцёльную тэрыторыю, абгароджаную бутавым мурам, пазначала трох’ярусная магутная брама-званіца. Кансэкраваў святыню ў 1851 г. віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі. Пры касцёле дзейнічалі школка для дзяцей і шпіталь, як прытулак для старых.
    Драўляны касцёл згарэў падчас Першай сусветнай вайны. Функцыю парафіяльнай святыні ўзяла на сябе часовая драўляная капліца, пастаўленая ў заходняй частцы касцёльнага ўчастка, а ў 1927 г. пачалі ўзводзіць велічны касцёл ў стылі мадэрн з вонкавай цэглы на высокім цокалі з бутавага каменю. Але хуткае будаўніцтва было не пад сілу невялікай парафіі, а потым Другая сусветная вайна і наступныя за ёй дзесяцігоддзі атэізму так і не далі завяршыць пачатае. Толькі ў 1980-я гг., калі святыню вярнулі парафіянам, будаўніцтва прадоўжылася. Аднак храм атрымаўся не такі, якім ён быў задуманы архітэктарамі. Галоўны фасад так і не скончаны і, хутчэй, нагадвае часовае рашэнне. У дадатак, у 1991 г. у святыні адбыўся пажар, які знішчыў завяршэнне галоўнага фасада – дзвюх’ярусную шатровую вежачку, фланкаваную рызалітамі са ступеньчатымі атыкамі. Сёння касцёл уяўляе сабою выцягнуты прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы, аддзелены ад пяціграннага прэсбітэрыя трансептам са ступеньчатымі франтонамі на тарцах. Прэсбітэрый фланкаваны дзвюма сакрыстыямі на ўзроўні цокаля. Кампазіцыя перакрыта двухсхільнымі бляшанымі дахамі з вальмамі і над галоўным фасадам і, традыцыйна, над прэсбітэрыем; завершана трох’яруснай вежачкай-сігнатуркай над сярэдзінай даха і вялікім крыжом над вальмам галоўнага фасада. Зальны інтэр’ер дастаткова шырокі, амаль 18 м, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках, якія нясуць магутныя пілоны, з распалубкамі над арачнымі вокнамі. У касцёле 3 алтары: галоўны з абразом Найсвяцейшай Тройцы ў глыбокай нішы, і два бакавых – св. Ганны і св. Казіміра. У 2003 г. зроблены новы пасаборны алтар.
    З XIX ст. у войстамскай парафіі былі вядомы драўляныя капліцы ў Гануце, Груздзеніцы і Рускім Сяле (усе тры сёння на тэрыторыі Вілейскага р-на Мінскай вобл.), а таксама ў панскім двары (дзейнічала ў 1788 г.) і на мясцовых могілках. Апошняя была пабудавана з дрэва ў 1809 г. намаганнямі тагачаснага пробашча Антонія Стэфана Грынеўскага, адноўлена ў 1890 г. Могілкавая капліца не захавалася, але сярод старажытных надмагілляў вылучаецца пахавальня сям’і Ходзькаў-Свяцецкіх, убудаваная ў паўночна-ўсходні вугал бутавай агароджы парафіяльных могілак. Збудаванне ўяўляе сабою прызменны аб’ём з бетону, разлічаны на тры пахаванні, з бетонным крыжам, які ляжыць ў верхняй плоскасці. За цэнтральнаю плітою спачывае Ігнацый Ходзька (+1861), за левай – Станіслава Свяцецкая, народжаная Ходзька (+1858), за правай – Леон Свяцецкі, які памёр у 1907 г., калі, верагодна, і быў пабудаваны фамільны склеп. Сярод надмагільных помнікаў таксама звяртае на сябе ўвагу каплічка над магілай сям’і Занеўскіх-Міхалінскіх, пабудаваная з бутавага каменю пад высокім карункавым крыжам.
    Вылучаецца Войстамская парафія і мноствам прыдарожных каплічак, якія і да сённяшняга дня ўпрыгожваюць і вёскі Рускае Село, Ярэмічы (абедзве ў Вілейскім р-не) і вёску Мілуці, і хутары Шчані (раней Халопцы) і Родзевічы (Вілейскі р-н). Ёсць падобнае збудаванне і ў самім Войстаме, пры павароце на могілкі – квадратны ў сячэнні “слупок” з бутавага каменю пад чатырохсхільным дахам з крыжам, у нішах на гранях усталяваныя фігуркі Маці Божай і Пана Езуса.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.