ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Ці будуць збаўлены неахрышчаныя?

Задай пытанне

У Святым Пісанні мы можам прачытаць такі фрагмент: “Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны” (Мк 16, 16). Сярод многіх хрысціян узнікае пытанне, ці той, хто не ахрышчаны, атрымае збаўленне пасля смерці?
Адказваючы на гэтае пытанне, памятаем пра тое, што трэба пазбягаць абсалютнага прыгавору на асуджэнне ўсіх, хто не належыць да супольнасці каталіцкага Касцёла і не прыняў сакраманту хросту. Але адначасова не трэба ігнараваць гэты сакрамант і жыццё ў веры ў супольнасці Касцёла як дарогу, якая вядзе да сапраўднага збаўлення.
Бог настолькі добры і міласэрны, што Ён прагне збаўлення кожнага чалавека. І ўсё ж такі, не трэба ігнараваць словы Хрыста, праз якія Ён указаў веру ў Яго і прыняцце хросту як неабходную ўмову дасягнення збаўлення. Каталіцкі Касцёл павучае, што хрост з’яўляецца абавязковым для ўсіх, хто чуў праўду аб Езусе і Яго Евангеллі. Без прыняцця гэтага сакраманту нельга казаць пра якуюсьці сувязь з Хрыстом. Таму трэба сказаць, што хрост з’яўляецца абавязковай умовай збаўлення для тых, хто чуў пра яго і мог яго прыняць.
А што датычыцца выз­наўцаў іншых рэлігій, якія не з’яўляюцца хрысціянамі і не чулі нічога пра Езуса Хрыста і пра хрост? У Дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле Ватыканскага Сабору можна прачытаць такі сказ: “Божы Провід не адмаўляе таксама неабходнай для збаўлення дапамогі тым, хто без уласнай віны ўвогуле не дайшоў яшчэ да выразнага пазнання Бога, але спрабуе, не без Божай ласкі, весці добрасумленнае жыццё. Бо тое, што знаходзіцца ў іх з дабра і праўды, Касцёл тлумачыць як падрыхтоўку да Евангелля і як дадзенае ім Тым, які асвячае кожнага чалавека, каб канчаткова авалодаў жыццём” (КК 16). А таму, калі неахрышчаны чалавек стараецца жыць згодна са сваім сумленнем, калі ён не ўсведамляе сабе важнасці прыняцця сакраманту святога хросту, у выпадку, калі ён не чуў пра яго, то можна з упэўненасцю меркаваць, што такі чалавек можа атрымаць збаўленне. Што ж датычыць чалавека, які чуў Евангелле Хрыста і праўду аб святым хросце, але свядома і дабравольна не хоча яго прымаць, то такі чалавек даручаецца Божай справядлівасці. Ён атрымае тое, што заслужыў.
Святы хрост адкрывае чалавеку магчымасць быць побач з Хрыстом. Але таксама трэба памятаць, што прыняцце гэтага сакраманту і быццё хрысціянінам абавязваюць нас жыць згодна з гэтым сакрамантам і навучаннем Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.