ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Навучыцца бачыць шляхі выйсця!

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Рада чарговай сустрэчы з Вамі на старонках “Слова Жыцця”. Колькі ўжо за плячыма, а колькі яшчэ, хочацца спадзявацца, наперадзе. Ад Вас, дарагія Чытачы, залежыць тое, наколькі рубрыка можа быць цікавай і блізкай Вам. Выказвайцеся. Чакаю заўваг і пажаданняў.
    А пакуль прапаную здзейсніць падарожжа па лабірынтах цяжкасцей і пашукаць некалькі варыянтаў выйсця. Паспрабуем разам заўважыць непрыкметнае. Карысна адпачнём, паслухаем добрую музыку і праглядзім відэаролік пра цуды на гістарычных футбольных матчах. Зацікавіла? Тады наперад, з Богам.

   ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6а).

    Іншымі словамі, Усявышні з’яўляецца для ўсіх нас і шляхам, і правадыром, і канчатковай мэтай. Ён паўсюль з усімі – такая ісціна.
   
   МЭТА МЕСЯЦА: навучыцца бачыць шляхі выйсця

   Як дапаможа ў жыцці! Часам, не заўважыўшы нейкага варыянта выхаду з сітуацыі, прыйдзецца пашкадаваць, бо праца ўжо зроблена, але не зусім так, як хацелася б. Каб “прадбачыць” рэзультат, патрэбна інтуіцыя, вопыт і развагі. Калі з разважаннямі сёння ў нас усё ў парадку (амаль кожны лічыць сябе філосафам), інтуіцыя сякая-такая прысутнічае, то наконт вопыту – вялікі прабел. А каб навучыцца бачыць сітуацыю ў праекцыі, з вопытам патрэбна лічыцца абавязкова. Няхай і чужым. Бо інакш не пазбегнуць памылак.
        
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб адказныя за правасуддзе заўсёды кіраваліся цэласнасцю і сумленнем

    Тыя, хто мае права вяршыць на зямлі суд, маюць вялікую ўладу. Вельмі важна, каб яны разумелі ўсю адказнасць сваёй працы і заўсёды памяталі аб гэтым: працавалі дзеля справядлівасці і згодна з сумленнем.
   
    ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: карысць
    З дзяцінства бацькі кажуць, што патрэбна спажываць карысную ежу, займацца карыснай справай, чытаць карысныя кніжкі. Ды і пачуць, мабыць, неаднаразова прыходзілася: “Табе гэта не на карысць”. З часам мы вучымся адрозніваць карыснае ад пустога або, нават, шкоднага. Але што гэта такое, карысць? І навошта ўсё рабіць з карысцю?
    Капнуўшы глыбока, я прыйшла да выніку, што карысць – гэта бонус да рэзультата. Рабіць з карысцю – значыць дадаткова нешта атрымліваць з працы або, хаця б, не губляць. А што на гэты конт думаеце Вы? Разважаем у маі, каб прастымуляваць сябе жыць правільна, з карысцю.
   
    СПРАВА МЕСЯЦА: карысна адпачыць
    Адпачынак – гэта заўсёды свята. Якім бы стомленым не быў чалавек, калі Вы скажаце яму пра адпачынак, ён не схавае сваёй радасці. Фізічна або духоўна стаміўшыся, аднавіць сілы проста неабходна. А што, калі, як кажуць, “забіць двух зайцоў”? Калі кніга, то з трапнымі думкамі, якія потым можна выкарыстаць, калі канцэрт, то дабрачынны, калі інтэрнэт, то дзеля самаразвіцця.
    Застаецца толькі пытанне: каму на карысць – сабе, іншым або ўсім разам? У любым выпадку задаволеным застанецца хоць адзін бок, а гэта ўжо добра. Калі іншыя – можаш цешыцца: Твая справа набыла характар міласэрнасці. Калі сам – так трываць і далей, жыццё не ідзе марна.
     
    АСОБА МЕСЯЦА: святы Бернардзін Сіенскі

    Нарадзіўся 8 верасня 1380 г. у Італіі. Паходзіў з дваранскай сям’і. У 6 гадоў застаўся сіратой. Пасля яго выхоўвала цётка. Атрымаўшы базавую адукацыю, Бернардзін пачынае сваё служэнне ў шпіталях. Працаваў у Сіене. Калі ў 1400 г. там распачалася чума, ён і яшчэ 12 хлопцаў на працягу 4 месяцаў, рызыкуючы сваім жыццём, дапамагалі хворым палегчыць пакуты. Пасля даглядаў сваю хворую цётку. Калі яе не стала, засяродзіўся на пасце і малітве. Падчас адной з малітваў Бернардзін убачыў пакутуючага на крыжы Хрыста. Затым ён вырашыў раздаць сваю маёмасць бедным і ўступіў у ордэн францысканцаў, маючы 22 гады, пасля ў манастыр францысканцаў-абсервантаў.
    8 верасня 1404 г. атрымаў сан святара, але яшчэ доўгі час вёў адасобленае жыццё. І толькі ў 1416 г. Бернардзін пачаў вандраваць і прапаведаваць. Ён абышоў, мабыць, усю Італію. Прамовы зрабілі яго вядомым і паважаным чалавекам. У 1427 г. так здарылася, што Бернардзіну прыйшлося адказаць перад рымскім судом па справе абвінавачвання ў ерасі. Суд апраўдаў святара. У той самы год Бернардзіну было прапанавана стаць біскупам Сіенскім, але ён адмовіўся і працягваў прапаведаваць. Адмовіўся ён пасля і ад сану біскупа Феррарскага, біскупа Урбіна.
    Памёр 20 мая 1444 г. Быў кананізаваны праз 6 гадоў. Рымска-каталіцкі Касцёл успамінае св. Бернардзіна ў дзень яго смерці, 20 мая. З’яўляецца заступнікам усёй рэкламнай дзейнасці, масавых камунікацый і PR.
    Да якіх святых маліцца ў маі?
    Св. Станіслаў (8 мая), св. Бернардзін Сіенскі (20 мая).

    ВІДЭАРОЛІК МЕСЯЦА: “Кака распавядае пра сваё жыццё і веру ў Бога”

    Кака, Лусіо, Эвола, Сенна, Дамора, Леграталье... Што аб’ядноўвае ўсіх гэтых вядомых футбалістаў? Яны вераць у Бога.
    У відэароліку легендарныя футбалісты распавядаюць пра сапраўдныя цуды, якія адбываліся падчас гістарычных матчаў і не толькі. Відэа можна знайсці і праглядзець у нашай суполцы па адрасе http://vk.com/na_skruzhavanni.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Думкі пра Бога”, Darkness ft. Dante

   Песня ў стылі рэп. Маладыя хлопцы разважаюць пра сучасны свет, у якім бачылі “шмат зла, але мала дабра”, зайздрасць, рабоў грошай (“яны сляпыя на сваім шляху”, бо згубілі Бога). Яны не маўчаць, бо “душа баліць ад гэтых зайздросных асоб”. Супакойвае только адно, што ўсё гэта не назаўсёды. Наперад вядуць думкі пра Бога і родных.

 

Не забывайцеся пра суполку http://vk.com/na_skruzhavanni, дзе можна падзяліцца думкамі і спланаваць разам наступны нумар рубрыкі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.