ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

За 50-годдзе кананізацыі св. Вінцэнта Палоцці дзякавалі ў Воранаве

З жыцця Касцёла

20 красавіка ксяндзы палатыны і сёстры пала­тынкі ў воранаўскай парафіі святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша дзякавалі Богу за 50-годдзе кананізацыі св. Вінцэнта Палоцці. Падчас гэтай урачыстай святой Імшы каля 200 вернікаў прынялі сакрамант канфірмацыі з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Гамілію прамовіў кс. Алег Грыгаровіч SAC – дэлегат правінцыяла ксяндзоў палатынаў у Беларусі. На пачатку святар прапанаваў пытанне: “Навошта патрэбны гэты сакрамант?”. “Прыходзім у касцёл, падчас Імшы біскуп намашчвае лоб, урачыстасць заканчваецца, і... штосьці змянілася? Можа, нехта скажа: нічога, усё засталося так, як і было, – адзначыў кс. Грыгаровіч. – Гэта сакрамант умацавання для хрысціяніна, каб сваім жыццём абвяшчаць свету Хрыста. Знак моцы Святога Духа нагадвае нам, кім мы з’яўляемся, але таксама дапамагае нам зразумець, да чаго Бог кліча нас. Святы Дух дзейнічае праз кожнага з нас, таму кожны, будучы пад Яго ўплывам, дапамагае Касцёлу развівацца”. “Не бойцеся быць прыладамі Святога Духа”, – заахвоціў кс. Грыгаровіч.
Другой нагодай для радасці было 50-годдзе кананізацыі св. Вінцэнта Палоцці – заснавальніка Таварыства Каталіцкага Апостальства (ксяндзы палатыны), Кангэгацыі сясцёр палатынак, а таксама супольнасці свецкіх вернікаў. “Кім быў той чалавек, якога 50 гадоў таму, 20 студзеня 1963 года, папа Ян XXIII абвясціў святым? – працягваў кс. Грыгаровіч. – Вінцэнт Палоцці – рымскі святар. З Рымам было звязана ўсё яго жыццё. Там ён нарадзіўся, там, над Тыбрам, выконваў сваё пастарскае служэнне, там памёр. У рымскім касцёле Santissimo Salvatore in Onda (Святога Збавіцеля на хвалі) знаходзіцца яго магіла, якую заўсёды наведваюць тысячы паломнікаў. Яшчэ пры жыцці пра яго казалі – святы. Яго называлі апосталам Рыма, бо кожны дзень ён ездзіў па вуліцах і плошчах прапаведаваць Бога – Бясконцую Любоў. У той жа час, ён быў містыкам, пагружаным у разважанні пра Бога і жыццё, жыў малітвай і ахвярай”
    З мэтаю ажыццяўлення апостальскага паклікання Божага народа, а таксама дзеля аб’яднання намаганняў у служэнні апостальскай місіі Касцёла, як распавёў святар, Вінцэнт Палоцці заснаваў Таварыства Каталіцкага Апостальства, у склад якога ўваходзяць ксяндзы і браты палатыны, сёстры палатынкі і свецкія супрацоўнікі. Для створанай супольнасці святы Вінцэнт вызначыў задачу паказваць разнастайнасць пакліканняў, абуджаць іх і актывізаваць. Універсальны, цалкам эклезіяльны падыход – гэта неад’емны элемент духоўнасці таварыства.
    Самым вялікім жаданнем святога было тое, каб усе любілі Касцёл і адчувалі адказнасць за яго. Ён хацеў, каб кожны адчуваў сябе апосталам Езуса, пасланым абвяшчаць Валадарства Нябеснае там, куды яго скіраваў Бог, вызначыўшы яму жыццёвае заданне. Таму ідэя стварэння Таварыства Каталіцкага Апостальства грунтуецца на супольнасці апосталаў, сабраных у Вячэрніку, і звязваецца з падзеяй Спаслання Святога Духа. Сіла апостала – Святы Дух і трыванне ў малітве разам з Марыяй, Каралевай апосталаў.
    Вінцэнт Палоцці ніколі не быў пробашчам, але дзякуючы свайму служэнню быў самым вядомым і запатрабаваным святаром у сучасным Рыме. Ён быў спаведнікам Папаў, кардыналаў, манаскіх сясцёр, а таксама апекуном бедных і пакінутых. Быў дбайным пастырам, прапаведнікам і ў той жа час фарматарам і духоўным кіраўніком семінарыстаў і святароў, доктарам філасофіі і тэалогіі.
    Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Вітэк SAC падзякаваў Богу за дар жыцця cв. Вінцэнта Палоцці, а таксама біскупу Аляксандру Кашкевічу за ўдзяленне сакраманту канфірмацыі.
    Гродзенскі ардынарый заах­воціў тых, хто прыняў сакрамант канфірмацыі і атрымаў Святога Духа, шчыра вызнаваць веру, бараніць яе і жыць паводле яе. Усім, хто жыве паводле харызмы св. Вінцэнта Палоцці, іерарх пажадаў быць сапраўднымі апосталамі веры ў сучасным свеце, які вельмі патрабуе Хрыста.
    Палатыны нясуць служэнне на ўсіх кантынентах, у 46 краінах свету, а іх колькасць налічвае каля 2400 чалавек. У Беларусі яны працуюць ва ўсіх дыяцэзіях: у Воранаве, Германішках, Бярозе, Жлобіне, Талачыне, Мінску.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.