ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Прыгожая і жывая супольнасць Касцёла ў Жалудку

З жыцця Касцёла

У суботні марыйны дзень 27 красавіка духоўнай сталіцай нашай дыяцэзіі стаў Жалудок. З нагоды 160-годдзя мясцовай святыні пад тытулам Унебаўзяцця НПМ духоўныя асобы і вернікі з Ватыкана, Мінска, Гродна, Рыгі і Масквы прыбылі на жалудоцкую зямлю на парафіяльную ўрачыстасць.
Усе дарогі ў гэты дзень вялі ва ўсцелены квет­камі, аздоблены сцягамі і напоўнены цеплынёй сэрцаў мясцовых жыхароў Жалудок. Усё гэта для Хрыста, які ўжо на працягу 160-ці гадоў жыве ў цудоўнай парафіяльнай святыні. Для чалавека 160 гадоў – гэта вельмі вялікі перыяд, а для святыні – вельмі малы, але гэта адпаведная хвіліна, каб супольна сабрацца і падзякаваць Богу за цуд святыні, якая ў гэтым мястэчку перажыла, напэўна, як сумныя і цяжкія, так і радасныя і добрыя хвіліны. Менавіта ў гэты дзень мясцовая парафіяльная супольнасць з вялікай радасцю дзякавала Богу за дар святыні, якая адзначала 160-годдзе свайго існавання. Для вернікаў гэта месца сустрэчы з Хрыстом, жывым і прысутным у сакрамантах і табернакулюме.
Традыцыя была захавана, таму што ўрачыстасць узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі. 10 гадоў таму ім быў кс. абп Іван Юрковіч, а ў гэтым годзе прадстаўніком папы Францішка быў Апостальскі нунцый кс. абп Клаўдыа Гуджэроці, які, па прыкладзе Папы, у гэты дзень хацеў кожнага прывітаць, абняць і, як ён сам сказаў, “перажыць радасць з людзьмі, якія моляцца”. І менавіта такую радасць можна было заўважыць на твары кс. аб-па Гуджэроці і ўсіх, хто сабраўся ў гэтай святыні.
    На супольнай малітве пры­сутнічаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч і кс. абп Пётр Мальчук з Украіны. Маліліся таксама ксяндзы з дэканата і аднакурснікі ксяндза пробашча, выпускніка семінарыі ў Рызе. Яны прыбылі з Украіны, Расіі і Беларусі. У гэты цудоўны дзень на ўрачыстасць прыбыло так шмат вернікаў, што іх не змясціў касцёл.
    Цырымонія прывітання гасцей была цёплай і радаснай. Пробашч, Парафіяльная рада, а таксама моладзь і дзеці віталі ў сваёй святыні пастыраў Касцёла, святароў і ўсіх прысутных. Супольную Эўхарыстыю ўзначаліў кс. абп Клаўдыа Гуджэроці, які таксама звярнуўся да вернікаў з Божым словам. Казнадзей падкрэсліў багатую гісторыю святыні, фундатараў, а таксама людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Заўважыў, што сцены гэтай святыні за 160 гадоў перажылі багатую гісторыю. Арцыпастыр захапляўся прыгожай архітэктурай і выглядам касцёла, але “нашмат прыгажэйшымі з’яўляюцца людзі, якія складаюць жывую святыню”, – зазначыў казнадзей, гаворачы пра пробашча кс. Яна, “які з’яўляецца чалавекам вельмі сімпатычным, вясёлым і які ўмее дзяліцца сваёй радасцю з іншымі”, а таксама пра вернікаў, якія некалі маліліся пры замкнутых дзвярах, а сёння моляцца пры алтары. “Нягледзячы на цяжкія моманты, – працягваў Апостальскі нунцый, – ніхто і нішто не змагло знішчыць любоў да Хрыста ў сэрцах людзей”.
    Прысутным вернікам казнадзей спрабаваў данесці незвычайную гісторыю гэтай святыні, калі людзі плацілі сваёй крывёю за веру, за Хрыста, а ў першую чаргу, ён хацеў усвядоміць усім, што “мець свой касцёл, гэта значыць мець сваю годнасць і твар”. У гаміліі арцыбіскупа было дастаткова таксама пытанняў, на якія сёння павінны адказаць усе вернікі. Нунцый цікавіўся, ці ў сённяшні час чалавек вядзе хрысціянскае жыццё, ці з’яўляецца сведкам веры ў Бога. Казнадзей заахвоціў да такога жыцця ўсіх прысутных, прасіў дзяцей і моладзь не забывацца пра Бога, не адкладваць важныя рэчы на заўтра і клапаціцца пра сваё духоўнае развіццё, а бацькоў заклікаў дапамагаць сваім дзецям і няспынна перадаваць ім каштоўны скарб веры. На заканчэнне гаміліі ксёндз арцыбіскуп прасіў не забывацца пра тое, што кожны з нас з’яўляецца Целам Хрыста і часткай жывога Касцёла, такога прыгожага, як, напрыклад, у Жалудку. “Касцёл – гэта не арганізацыя, а Цела Хрыста”, – падкрэсліў казнадзей, прыгадваючы словы папы Францішка.
    У гэты дзень было таксама шмат падзяк. У першую чаргу, вернікі дзякавалі Богу за дар святыні праз супольную малітву і прыняцце св. Камуніі. Ксёндз пробашч выказаў словы падзякі ўсім за прысутнасць і малітву, парафіяне дзякавалі пробашчу за яго паслугу, прысутныя на св. Імшы прадстаўнікі праваслаўнай Царквы таксама дзяліліся радасцю ад супольнай малітвы ў гэтым цудоўным касцёле, а кс. бп Аляксандр падзякаваў усім вернікам і пажадаў надалей клапаціцца аб гэтым скарбе веры. Пастыр дыяцэзіі таксама прыгадаў, што кс. пробашч Ян Рэйшаль у гэтым годзе перажывае 21-ю гадавіну сваіх святарскіх пасвячэнняў, і папрасіў маліцца ў інтэнцыі цудоўнага духоўнага кіраўніка супольнасці ў Жалудку, які ўкладвае шмат намаганняў у парафіяльнае жыццё мясцовай супольнасці.
    Пасля ўдзеленага нунцыем апостальскага бласлаўлення ўсе накіраваліся на прыкасцёльны падворак, дзе з нагоды 160-годдзя касцёла была асвечана мясцовая Галгота, якая прадстаўляе момант укрыжавання Хрыста. Ксёндз арцыбіскуп асвяціў крыж і фігуры Маці Божай і апостала Яна. Перажываючы парафіяльныя місіі, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты, а таксама ўрачыстасць 160-годдзя касцёла, вернікі жалудоцкай парафіі перажылі свае дні веры, праз якія адчулі духоўнае аднаўленне і прысутнасць Хрыста ў поўным радасці і Божага бласлаўлення жыцці.
    Перажываючы падобныя ўрачыстасці, варта задумацца над тым, што мы перададзім нашым спадкаемцам, г.зн. наступнаму пакаленню. Задумацца над тым, ці з’яўляемся мы сёння жывым Хрыстовым Касцёлам, які павінен быць актыўным, прыгожым і Божым. Сёння мы павінны актыўна ўключыцца ў духоўнае жыццё сваёй парафіяльнай супольнасці, клапаціцца пра Касцёл, які можа стаць цэнтрам нашага штодзённага жыцця, і адчуць, што мы з’яўляемся жывой часткай паўсюднага Касцёла і яго апосталамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.