ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Аб Папе

Пастырскае Слова


   Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч
    У касцёльнага карабля з’явіўся мудры і дас­ведчаны капітан, у каманды ёсць адпаведная навіга­цыйная карта – вучэнне Касцёла, і надзейныя маякі – евангельскія запаведзі і хрысціянскія каштоўнасці. Беларускія католікі сваімі малітвамі будуць заўсёды падтрымліваць Вашу Святасць, просячы ў Бога духоўных і фізічных сіл для паспяховага выканання ўскладзенай на Вас вельмі адказнай місіі. Мы таксама молімся з надзеяй аб Вашым пастарскім візіце ў Беларусь, які ўмацуе нас у веры.
   


   
   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч
    Наш Папа ў сваёй першай прамове звярнуўся да сабраных на плошчы святога Пятра з просьбай аб малітве, падчас чаго запанавала краса­моўнае засяроджанне. Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану, трываем на малітве ў інтэнцыі нашага папы Францішка, які распачынае свой Пантыфікат. Святы Айцец разлічвае на нашу малітоўную падтрымку, каб ён мог плённа выконваць паслугу св. Пятра ў Касцёле – “умацоўваць братоў у веры”. З’яднаемся ўсе ў адной малітве даручэння Пану Богу і Найсвяцейшай Маці Святога Айца Францішка.

   
   Кс. бп Антоні Дзям’янка
    Няхай удзел шматлікіх вернікаў у набажэнствах будзе найлепшым доказам таго, што мы таксама будзем прымаць вучэнне Касцёла ў справах веры, якое стане абвяшчаць папа Францішак, і будзем прытрымлівацца нормаў маралі, якую прадстаўляе Касцёл у нашым штодзённым жыцці. Заахвочваю таксама, каб сваімі малітвамі мы спадарожнічалі новаабранаму Папу падчас інаўгурацыі Пантыфікату, гэта значыць, у момант уступлення яго на Пасад Вярхоўнага Пантыфіка.
   

   
   Кс. прэлат Францішак Кісель
    Апостальскі адмі­ністратар sede vacante ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі.
    Напэўна, Бог пасылае нам Пастара, які марыць пра Касцёл больш просты і ўбогі, пра Касцёл, у якім слабейшыя дзеці адчуваюць не пагарду з боку іншых, а могуць атрымаць дапамогу, пра Касцёл, які менш асуджае грэшны свет, а перш за ўсё, дае надзею, сілу і суцяшэнне. Думаю, што кожны з нас – і святары, і сёстры, і вернікі – з радасцю прыме гэтае пасланне і зробіць усё дзеля таго, каб жыць у такім Касцёле.

   А. Казімір Жыліс, езуіт:
    Калі я даведаўся, што новы Папа з’яў­ляецца езуітам і абраў імя Францішак, я вельмі ўсцешыўся. Мне адразу кінулася ў вочы прастата Папы, вельмі просты крыж, вельмі простае ўбранне без пелярыны. Я быў здзіўлены, бо гэта ж Папа Рымскі. Мне вельмі спадабалася, што ён езуіт старой традыцыі. Чалавек, які не дапусціць знішчальнай для Касцёла дэмакратызацыі. Новы Папа поўны энергіі да дзейнасці, да абвяшчэння сваёй постаццю Хрыста. Просты чалавек для простага люду. Гэта будзе Папа простых людзей, так як св. Францішак быў з простым чалавекам, вёў простае жыццё, думаю, што такім будзе гэты Папа езуіт Францішак. Не выпадкова ж у наш час ён выбраў менавіта гэтае імя. Ужо ўсе ведаюць, што будучы кардыналам, ён жыў у вельмі сціплых умовах, ездзіў грамадскім транспартам, сам гатаваў ежу, ахвотна кантактаваў з беднымі, так як св. Францішак з Асізі. Ён ніколі не будзе маўчаць, ніколі не будзе паводзіць сябе дыпламатычна, ён скажа, што добра, а што грэх, і гэта мяне вельмі цешыць. Я не ведаю яго асабіста, мы ніколі не сустракаліся. Але мяне вельмі цешыць тое, што ён з’яўляецца першым Папам з супольнасці езуітаў. Часам у гэтую супольнасць украдваліся спакусы лібералізму, але гэты Папа не будзе ліберальны, будзе справядлівы і добрасумленны. Для нас, езуітаў, гэта таксама навука, якую дае сам Папа – зварот да традыцыі, да навукі Хрыста, а не толькі мадэрнізацыя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.