ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Бліжэй пазнаёміцца з... сабою!

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Вітаю чытачоў рубрыкі “НА СКРЫЖАВАННІ”. Віншую ўсіх з пачаткам вясны. Жадаю добрага настрою, гармоніі ўнутры сябе і супакою душы. У такім стане часта мы, адважныя і бадзёрыя, натхняемся на добрыя справы. А гэтага ад нас як раз і чакаюць там, высока на нябёсах.
    Што ж, з Богам наперад!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым! Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх” (Ап 3, 15-16).

   Наглядны прыклад кантрасту ў слове Божым: ёсць толькі белае або чорнае. Тое ж самае і з верай. Няма пазіцыі “трошкі веру”. Можна верыць ці не верыць, прамежкавага варыянту не існуе. Трэба ўвогуле адзначыць, што калі выбар па жыцці катэгарычны, гэта падштурхоўвае да варыянту, які больш прыцягвае і, хочацца спадзявацца, больш правільны.
   
   МЭТА МЕСЯЦА: бліжэй пазнаёміцца з сабою

    Якімі б мы не намагаліся быць для бацькоў, сяброў, настаўнікаў, знаёмых, сапраўднымі нас ведае толькі Бог. Нават мы самі можам памыляцца ў сваёй сутнасці, стаміўшыся змяняць маскі на “добры”, “адказны”, “раўнадушны”, “смешны”... Некаторыя з нас так прывыкаюць да гэтай гульні, што забываюца на сваё Я. А калі здараецца, што нехта бачыць нас наскрозь, становіцца няўтульна і нават крыўдна, бо не хочацца прызнаваць сваё сапраўднае аблічча. Таму многім боязна ад думкі пра Божы суд пасля смерці, калі ўся істота апынецца перад Усявышнім.
    Час прыпыніцца і задаць сабе пытанне: “Хто я?”. Люстэрка – спосаб знайсці маўклівага субяседніка, перад якім не будзе сорамна праўдзіва распавесці пра сябе. Навошта? Можа здарыцца так, што дзесьці ў глыбіні душы затаілася сапраўднае Я, якое чакае свайго часу выбрацца на волю.
        
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб узрасла павага да прыроды, з усведамленнем таго, што ўсё стварэнне – гэта Божая справа, якая ўскладвае на чалавека адказнасць

    Бог ствараў свет шэсць дзён не дзеля таго, каб чалавек бяздумна ставіўся да наваколля і толькі карыстаўся ім. Бог надзяліў чалавека розумам, каб той стаў абаронцам свету. Прырода патрабуе беражлівых адносін, бо яе рэсурсы вычарпальныя і яна пакутуе ад кожнай страты.
   
   ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: улада
   Палка на два канцы: або ўладарыце вы, або вамі. Вядома, што больш даспадобы першы варыянт. Але не заўсёды. Існуюць моманты, калі чалавек рады быў бы скінуць кайданы кіраўніцтва і “перадаць эстафету” каму-небудзь іншаму. Уладарыць можна і вамі. У такім выпадку ўладныя паўнамоцтвы, да прыкладу, у начальства, у духоўным жыцці – у Бога.
    Але варта задумацца, ці час над намі валадарыць, ці мы над ім? Лёс уплывае на жыццё, ці жыццё на лёс? Характар уздзейнічае на ўчынкі, ці ўчынкі “выпрацоўваюць” характар? Даволі цікава і важна знайсці адказ на гэтыя пытанні. Такім чынам, чалавек пазнае самога сябе, звяртае ўвагу на свае адносіны да нечага.
   
   СПРАВА МЕСЯЦА: напісаць ліст на свой адрас
    Як? Гэта значыць, самому сабе. Бо ніхто лепш за нас не ведае, якія словы патрэбны менавіта нам менавіта зараз.
     Некаторыя з нас жывуць з крыўдай на сэрцы, злосцю ў душы, штосьці не могуць сабе прабачыць. Варта знайсці патрэбныя словы і “высекчы” іх на паперы. Перачытваючы іх, знойдуцца сілы і жаданне “адпусціць” тое, што трымае. Для некаторых патрэбен аптымістычны заклік у будучыню. На нешта адважыцца замінаюць сумненні і страх. Некалькі бадзёрых радкоў заахвоцяць на подзвігі, якія потым адгукнуцца поспехам. Варта толькі знайсці для сябе час – і ўдзячнасць стралою трапіць у сэрца.
     
   АСОБА МЕСЯЦА: Святы Ян Божы, законнік

    Нарадзіўся св. Ян 8 сакавіка 1495 года ў Партугаліі. Яго лёс склаўся так, што спачатку ён працаваў пастухом у багатага найміта, затым добраахвотна ўступіў у войска, каб удзельнічаць у вайне супраць Францыі. Пасля баёў вярнуўся і ўдзельнічаў у паломніцтве ў Санцьяга (Іспанія). Перажыў навяртанне (у Гранадзе, Іспанія) і вырашыў апекавацца беднымі, хворымі і разумова адсталымі. Заснаваў шпіталь. Не забываўся пра духоўную падтрымку хворым. Яго натхняльнікам быў Ян Авільскі. Прамова гэтага святара абудзіла і падштурхнула Яна да вялікай справы. Ян Божы лічыцца першым у галіне медыцыны, хто пачаў наглядаць за псіхічнахворымі людзьмі.
    Прылічаны да ліку святых у 1690 годзе.
    Святы Ян з’яўляецца апекуном хворых, шпіталяў і санітараў, а таксама кнігагандлёўцаў і друкароў. Дзень яго памяці ў каталіцкім Касцёле – 8 сакавіка.
    Да якіх святых маліцца ў сакавіку?
    Святы Казімір (4 сакавіка), святыя Пэрпэтуя і Феліцыта (7 сакавіка), святы Ян Божы (8 сакавіка), святы Патрык (17 сакавіка), святы Кірыл Ерузалемскі (18 сакавіка), святы Юзаф (19 сакавіка).
   
   песня месяца: мелодыя прыроды

    Так проста: услухацца ў гукі прыроды. Вясна. Прылятаюць першыя птушкі. Чутны павеў ветру. Кроплі сцякаюць па шыбах. Спявае сама прырода! Дастаткова толькі ўслухацца. Звяжам гэты раздзел з інтнэнцыяй месяца: станем бліжэй да свету.
   
   КНІГА МЕСЯЦА:“Даведнік па лабірынтах маладосці”, Юзаф Аўгустын

    Выдавецтва “Pro Christo” прэзентуе новыя выданні, сярод якіх кніга (на рускай мове) “Даведнік па лабірынтах маладосці”. Якраз тое, што нам зараз патрэбна, згодна з тэмай сённяшняй рубрыкі – пошук сябе.
    Прапаную анатацыю выдавецтва да кнігі. “Гэта свайго роду даведнік па важных жыццёвых пытаннях, якія паўстаюць перад маладымі людзьмі ў перыяд сталення. Аўтар – святар, вядомы ў Польшчы і многіх іншых краінах духоўны кіраўнік і пісьменнік, неабыякавы да лёсу маладога пакалення, імкнецца даць юнакам і дзяўчатам духоўныя арыенціры ў пошуках саміх сябе, у змаганні са сваімі страхамі і слабасцямі, у наладжванні сяброўскіх і сямейных адносін, вучыць расстаўляць прыярытэты ў заблытанай сістэме каштоўнасцей сучаснай цывілізацыі” (крыніца: http://pro-christo.catholic.by/by/books.htm).

 

Няхай вам спадарожнічае свет Божай ласкі

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.