ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Час несці Хрыста людзям

З жыцця Касцёла

Час Вялікага посту – гэта час для добрых учынкаў, час, каб несці Хрыста тым, хто патрабуе, каб працягнуць руку, час на добрае слова, на духоўную падтрымку. Як шмат мы можам зрабіць у штодзённым жыцці. Аб чарговым добрым учынку і ўдзеле католікаў у добрай справе мы даведаліся ў размове з ксяндзом Юрыем Санько, дырэктарам Місіі “Чыстае сэрца”.
Ксёндз Юрый, Місія дзейнічае на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Якія мэты Місіі? Моладзевая Місія “Чыстае сэрца” – гэта маладая каталіцкая дабрачынная арганізацыя. Яна была створана 1 лістапада 2011 г. і з’яўляецца адным з аддзелаў курыі Мінска-Магілёўскай архідыя­цэзіі, што і абумовіла тэрыторыю дзейнасці Місіі. Нашай асноўнай мэтай з’яўляецца дабрачынная сацыяльная дзейнасць сярод найбольш патрабуючых. Мы працуем з людзьмі, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Мы не зважаем на іх рэлігійныя погляды, але праз наша служэнне мы хочам паказаць, што Касцёл у дабрачыннасці адкрыты для ўсіх.
    Вядома, мэт шмат, але мы стараемся развівацца паступова, таму станоўча вывучаем праблемы і тое, як мы можам іх вырашыць ці, хаця б, дапамагчы ў вырашэнні. Зазначу яшчэ раз, што мы маладая арганізацыя, таму шмат чаму яшчэ трэба вучыцца, каб наша паслуга прыносіла добры плён.

    Ці ёсць нейкі план тых акцый, у якіх удзельнічае Місія “Чыстае сэрца”? Акрэсліце, калі ласка, тое, што было, ці тое, што будзе. Як дзейнічае Місія?
    На сённяшні дзень мы накрэслілі для сябе два напрамкі нашай дзейнасці: дзеці-сіроты і дзеці, якія знаходзяцца ў інтэрнатах, а таксама моладзь, якая знаходзіцца на ўліку ў міліцыі. З дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія знаходзяцца ў інтэрнатах, мы ўжо другі год запар вясной праводзім вялікі фестываль “Таленты чыстых сэрцаў”, які збірае дзетак з усёй Міскай вобласці, а гэта каля 20 дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. З падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў міліцыі, мы працуем пакуль што толькі ў Мінску, арганізоўваючы для іх спартыўныя мерапрыемствы. Сёлета, у канцы студзеня, была праведзена лыжная гонка “Старт чыстых сэрцаў”, што сабрала каля 150 юнакоў і дзяўчат, якіх лічаць “цяжкай” моладдзю. Праз свае мерапрыемствы мы ўсім паказваем, што гэта проста дзеці, якім неабходна прысвяціць час і сваю ўвагу. Восенню мы таксама праводзім для іх спаборніцтвы па міні-футболе і валейболе. Пасля Божага Нараджэння “Чыстыя сэрцы” наведваюць дамы-інтэрнаты з падарункамі. І гэта толькі некаторыя праекты, якія нам удалося рэалізаваць у першы год нашага існавання, пра кожны з іх можна распавядаць вельмі доўга. Я спадзяюся, што гэтыя праекты будуць мець свой працяг і рэалізоўвацца кожны год.   
   Вядома, што на гэтым служэнні мы не будзем спыняцца, а плануем і далей развіваць нашу працу і дапамагаць іншым.
   
    Як функцыянуе Місія? Хто яе ахвяравальнікі? Ці шмат у Вас валанцёраў?
    Мы жывём у няпросты час, але ёсць людзі, якія знаходзяцца ў больш складанай сітуацыі, і мы павінны іх заўважаць. Мы дзейнічаем выключна дзякуючы ахвяраванням людзей, нашых католікаў, якія, я лічу, маюць сапраўды чыстыя сэрцы і ўмеюць спачуваць іншым. Распачынаючы кожную справу, мы молімся і кажам: “Калі гэта Божая справа і нясе светлыя мэты, то і сродкі знойдуцца!” Мы нястомна шукаем партнёраў для нашых праектаў і будзем удзячныя за кожную дапамогу. Чым больш нам удасца знайсці партнёраў і сяброў Місіі, тым больш новых праектаў мы зможам рэалізаваць, а гэта значыць, занесці Добрую Навіну патрабуючым.
    Наша Місія маладая, таму і валанцёраў пакуль што не вельмі шмат. Самае галоўнае, што ёсць моладзь, якая жадае служыць бліжняму бескарысліва – працай і малітвай.
   
    Дзелячыся міласэрнасцю і дапамогай, што Вы і члены Місіі чакаеце ўзамен?
    Спецыяльнай падзякі мы не чакаем, але мы яе заўважаем у радасных усмешках, светлых вачах і моцных абдымках дзяцей і моладзі, з якімі мы сустракаемся на сцэне, на стадыёне, у дзіцячых дамах. Чаго яшчэ жадаць, калі бачыш, што тваё служэнне напаўняе святлом і цяплом сэрца бліжняга.
   
    Вялікі пост – гэта час для міласэрнасці. А якое пасланне Місіі “Чыстае сэрца” на гэты перыяд?
    “Разам мы можам зрабіць больш” – гэта наш дэвіз, гэта наша пасланне. Місія дзеля таго і створана, каб аб’яднаць людзей неабыякавых да цяжкасцей і патрэб іншых.
   
    Ці можна назваць Місію “Чыстае сэрца” спосабам новай евангелізацыі? Што трэба рабіць, каб у Касцёле ў Беларусі было шмат такіх важных акцый?
    Безумоўна, міласэрнасць – гэта адзін са спосабаў новай евангелізацыі. Сучасны чалавек хоча бачыць учынкі, а не слухаць словы, за якімі нічога не стаіць. Наша вера павінна быць моцная ўчынкамі. Таму дастаткова толькі адчыніць сваё сэрца для бліжняга і адразу адчуеш прысутнасць і Божае бласлаўленне ў сваім жыцці.
    Больш падрабязна пра нашу дзейнасць, а таксама пра тое, як дапамагчы нашай Місіі, Вы можаце даведацца на нашым сайце http://serca.by/ альбо па тэлефонах: +37529-6572357 (velcom), +37529-7955351 (мтс).
    Прашу Вас аб маліве за нашу Місію і за ўсіх тых, каго мы сустракаем у нашым служэнні.
   
    Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.