ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Вялікі Пантыфікат сціплага Папы – што далей?

З жыцця Касцёла

Нагадаем, што 11 лютага Бенедыкт XVI паведаміў аб сваім рашэнні пакінуць пасаду Біскупа Рыма. Рашэнне ўступіла ў сілу 28 лютага а 20 гадзіне, і сталіца св. Пятра вызвалена (sede vacante), пасля чаго неабходна склікаць канклаў для выбару новага Папы. Дарагія Чытачы, мы хочам коратка прадставіць Вам, што ў гэтыя апошнія дні адбываецца ў Ватыкане, а таксама што цяпер робіць Бенедыкт XVI.
18 лютага Святы Айцец Бенедыкт ХVI зацвердзіў некаторыя змены ў рытуале, які змяшчае парадак цэлебрацый на пачатак служэння новаабраных Пантыфікаў. Змены датычаць галоўным чынам інаўгурацыі новага Біскупа Рыма, якая звычайна адбываецца на плошчы Св. Пятра, і яго ўваходу на Пасад св. Пятра ў базіліцы св. Яна на Латэране. З гэтага моманту ўсе тыповыя для гэтых абрадаў жэсты будуць здзяйсняцца па-за самой цэлебрацыяй святой Імшы і адбудуцца ў асноўным перад ёй. Акт паслушэнства новаабранаму Пантыфіку будуць здзяйсняць усе кардыналы, прысутныя на інаўгурацыйнай цэлебрацыі. Таксама адбыліся некаторыя змены ў вызначэнні часу візіту новага Папы ў дзве рымскія базілікі: св. Паўла за Мурамі і Санта Марыя Маджорэ. Цяпер новаабраны Пантыфік можа наведаць іх у найбольш спрыяльны для яго момант, нават па прашэсці значнага перыяду пасля свайго абрання, і ў форме, якую палічыць найбольш адпаведнай. Змены ўнесены і ў выкарыстанне літургічнай музыкі пры пачатку Пантыфікату: цяпер выбар спеваў будзе больш вольным і дазволіць выкарыстоўваць увесь багаты рэпертуар музыкі Касцёла на працягу ўсёй яго гісторыі.
25 лютага быў апублікаваны Апостальскі ліст Бенедыкта XVI адносна некаторых змен у парадку выбараў Папы. Цяпер для пачатку канклава не абавязкова чакаць прашэсця 15 дзён пасля пачатку перыяду sede vacante, як было ўстаноўлена да гэтага часу. Паводле новага дакумента, Калегія кардыналаў можа вырашыць пачаць канклаў раней, калі ўсе яго ўдзельнікі прысутныя. Бенедыкт XVI пацвердзіў таксама, што для абрання новага Папы неабходна, каб за яго было аддадзена “прынамсі дзве трэці галасоў з прысутных выбаршчыкаў, якія прымалі ўдзел у галасаванні”. Калі кардыналы на працягу пэўнага часу не могуць выбраць Пантыфіка, яны могуць прысвяціць адзін дзень малітве, разважанню і дыялогу. Затым выбар будзе здзяйсняцца паміж двума кандыдатамі, якія набралі большасць галасоў у папярэдніх галасаваннях. Яны, у сваю чаргу, не маюць права голасу.
    Пасля сыходу з пасады Наступніка святога Пятpа Папу будуць называць “Яго Святасць Бенедыкт XVI”, “Папа на пенсіі” або “Рымскі Пантыфік на пенсіі”.
    Пасля заканчэння свайго Пантыфікату, Папа будзе апранаць белую сутану без пелярыны, але не будзе ўжо насіць ботаў чырвонага колеру. Таксама Бенедыкт XVI не будзе насіць пярсцёнак Рыбака, а замест яго – свой біскупскі пярсцёнак.
    28 лютага Бенедыкт XVI пакінуў Ватыкан і прыбыў у летнюю рэзідэнцыю рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа. У дворыку ватыканскага Апостальскага палаца сабраліся супрацоўнікі ватыканскіх ведамстваў і ўстаноў. У 17.07 па рымскім часе верталёт са Святым Айцом на борце ўзняўся ў неба. Ён зрабіў кола над Ватыканам і накіраваўся ў бок Кастэль Гандольфа. Там Пантыфік звярнуўся да прысутных вернікаў і блаславіў іх.
    Увечары 28 лютага, прыбыўшы ў Кастэль Гандольфа, Бенедыкт XVI прывітаў вернікаў з акна Апостальскага палаца і звярнуўся да іх з кароткай прамовай, якая стала апошнімі словамі яго Пантыфікату: “Дарагія сябры, я цешуся, што магу быць з вамі, атачоны прыгажосцю стварэння і вашай любоўю, якая з’яўляецца для мяне вялікім падмацаваннем. Дзякую вам за вашу прыхільнасць і любоў. Вы бачыце, што мой сённяшні дзень ужо іншы, чым усе папярэднія: з 20 гадзін я ўжо не з’яўляюся Папам, найвышэйшым кіраўніком каталіцкага Касцёла. З гэтага часу я буду ўжо толькі пілігрымам, які распачынае апошні этап сваёй зямной вандроўкі”.
    “Дзякую за вашу любоў і падтрымку. Жадаю, каб вы заўсёды адчувалі радасць, калі ставіце Хрыста ў цэнтр вашага жыцця”. З такімі словамі Бенедыкт XVI звярнуўся да вернікаў праз “Твітэр”.
    У Кастэль Гандольфа Пантыфік будзе знаходзіцца на час sede vacante, а пасля накіруецца ў кляўзуровы кляштар на тэрыторыі Ватыкана. У ватыканскай базіліцы св. Пятра праходзіць пастаянная эўхарыстычная адарацыя, падчас якой моляцца ў інтэнцыі Касцёла і будучага канклава. Менавіта малітва кіруе Касцёлам у перыяд sede vacante. Перад Найсвяцейшым Сакрамантам, выстаўленым у ватыканскай базіліцы, на малітоўнай варце змяняюць адна адну тры прадстаўніцы кантэмпляцыйных ордэнаў з Мексікі.
    Cайт Святога Пасаду www.vatican.va дорыць магчымасць перагарнуць старонкі гістарычнага Пантыфікату Бенедыкта XVI. Онлайн-фотаальбом, прысвечаны Пантыфікату Бенедыкта XVI, мае 62 старонкі.
    28 лютага камерленга, якім з’яўляецца Дзяржаўны сакратар кардынал Тарчызіо Бертонэ, апячатаў апартаменты Папы ў Апостальскім палацы, а ў 20.01 Дзяржсакратар скіраваў пасланне да ўсіх папскіх прадстаўнікоў, каб абвясціць пачатак перыяду sede vacante.
    1 сакавіка, у першы дзень sede vacante, кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў, абвясціў аб скліканні першай агульнай кангрэгацыі, як прадугледжана Апостальскай Канстытуцыяй “Universi Dominici Gregis”. Яна адбылася 4 сакавіка ў 9.30 у Зале Сіноду Біскупаў.
    Другая агульная кангрэгацыя, як паінфармавала Ватыканскае радыё, адбылася таксама 4 сакавіка ў 17.00. Іерархі пачалі абмяркоўваць пытанні, звязаныя з арганізацыяй канклава.
    Кардынал Джовані Баціста Рэ ўзначаліць пасяджэнні канклава, таму што дзекан і віцэ-дзекан Калегіі кардыналаў ужо маюць па 80 год і не могуць у ім удзельнічаць. На найбліжэйшым канклаве кард. Рэ будзе самым старэйшым стажам кардыналам біскупам.
    “У гэты асаблівы момант прашу вас маліцца за мяне і за Касцёл, давяраючы, як заўсёды, Божаму Провіду”, – напісаў у “Твітэры” Святы Айцец Бенедыкт XVI. Гэта быў адзін з апошніх запісаў Папы на яго старонцы ў інтэрнэце.
    Сабраныя ў Ватыкане кардыналы накіравалі Бенедыкту XVI тэлеграму, у якой ад імя ўсяго каталіцкага Касцёла выражаюць удзячнасць за нястомную працу ў Вінаградніку Пана. У тэлеграме кардыналы дзякуюць Папе на пенсіі за “светлую паслугу Пятра і прыклад шчырага пастарскага клопату аб дабры Касцёла і ўсяго свету”.
    У сераду ў Ватыканскай базіліцы ўсе змаглі прыняць удзел у спецыяльнай малітве за Касцёл. У сувязі з падрыхтоўкай да канклава з другой паловы сённяшняга дня (серада) Сіксцінская капэла закрыта для наведвальнікаў.
    Матэрыял сабраны на 7.03.2013 г.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.