ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Дзень святога Валянціна

На шляху да святасці

Незвычайныя падарункі і прыўзняты настрой, прыемныя ўсмешкі і чаканне цуда, чымсьці падобнага да навагодняга, пісьмовыя прызнанні ў каханні – усё гэта шматлікія прыкметы надыходзячага Дня закаханых, які адзначаецца ў дзень успаміну св. Валянціна – 14 лютага.
Гэты адносна новы для Беларусі звычай, асабліва папулярны сярод моладзі, атрымаў шырокае распаўсюджанне ў свеце дзякуючы, у першую чаргу, сучасным сродкам масавай інфармацыі. Яго карані – у заходнееўрапейскай культурнай традыцыі.
    Лічыцца, што першыя пісь­мовыя валянцінкі з’явіліся ў ХV ст. у Англіі. У ХVII ст. яны пісаліся ў выглядзе верша, першыя літары якога складалі імя адрасата, і аздабляліся ма­люнкамі. З вынаходніцтвам у ХIХ ст. друкаванай паштовай картачкі сталі распаўсюджвацца валянцінкі, надрукаваныя масавымі тыражамі з тэкстамі рознага зместу і малюнкамі, якія размалёўваў сам уладальнік. Першая картачка, прысвечаная дню св. Валянціна, была надрукавана ў 1848 г. у ЗША. Існуе думка, што традыцыя “свята закаханых” узыходзіць да старажытнарымскага звычаю абіраць імёны нарачоных напярэдадні свята багіні Юноны, якая лічылася апякункай шлюбу і закаханых. Гэтае язычніцкае свята адзначалася 15 лютага і з цягам часу аб’ядналася ў народнай свядомасці з днём памяці св. Валянціна.
У каляндарных спісах свя­тых 14 лютага ўзгаданы два Валянціны. Абодва першахрысціянскія мучанікі – рымскі святар і біскуп Цярні каля Рыма, якія былі пазбаўлены жыцця ў III ст. у перыяд ганенняў на хрысціян. Невядома, ці гэтыя два Валянціны былі адной асобай ці рознымі, якія ўшаноўваліся ў адзін дзень.
    Паводле легенд, св. Валянцін вельмі прыхільна ставіўся да закаханых, мірыў тых, хто пасварыўся, дарыў ім кветкі са свайго саду. Бласлаўлёныя ім жылі доўга і шчасліва ў сапраўдным каханні. Адно з паданняў гаворыць, што св. Валянцін пацярпеў за тое, што насуперак волі рымскага імператара патаемна бласлаўляў шлюбы легіянераў-язычнікаў з хрысціянкамі. За гэта ён быў схоплены, зняволены і асуджаны на смяротнае пакаранне. Перад смерцю Валянцін паспеў перадаць ліст, адрасаваны дзяўчыне, якую ён вылечыў ад слепаты. У пасланні стаяў подпіс “твой Валянцін”. У памяць пра гэтую рамантычную падзею і нарадзілася традыцыя “валянцінак” – пісьмовых прызнанняў у каханні, якія аўтары падпісваюць ад імя святога Валянціна.
    Паводле іншай легенды, св. Валянцін вылечваў людзей ад хвароб, быў таленавітым прапаведнікам і навярнуў у хрысціянскую веру мноства язычнікаў, за што быў схоплены і пазбаўлены жыцця. Перад смяротным пакараннем перадаў адной дзяўчыне ліст, які меў форму сэрца. Таму і сёння закаханыя дасылаюць сваім абраннікам паштоўкі ў форме сэрца. Да таго ж, акружанымі ўвагай у гэты дзень могуць быць не толькі нарачоны альбо нарачоная, але і кожны, хто нам дарагі і да каго мы маем пэўную сімпатыю. Толькі не трэба забываць, што Дзень закаханых – свята сучаснай масавай культуры і ставіцца да яго трэба з пэўнай доляй гумару.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.