ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Дом, у якім ніхто не жыў

Дзіцячы куточак

У адным горадзе ста­яў вялікі дом з ка­мен­нымі сценамі і парадным уваходам. Побач з ім раскінуўся гарадскі парк, дзе любілі гуляць дзеці. Часта яны пыталі:
    – Мама, а хто жыве ў гэтым доме?
    – Напэўна, ніхто.
    І сапраўды, у дамах побач жылі людзі, а ў гэтым доме ніхто не жыў. Яго вокны былі шчыльна завешаны фіранкамі, а на дзвярах вісеў замок. Людзі даўно туды не ўваходзілі, таму балюча было глядзець на яго, ён здаваўся вельмі занядбаным і непрыступным. Людзі здзіўлена паглядалі ў яго бок:
    – Што за дзіўны дом? Такі сумны і пануры.
   
А дом вельмі крыўдзіўся і здзіўляўся, чаго ж ўсе ад яго хочуць:
    – Стаю сабе, нікога не чапаю... Што ім яшчэ не падабаецца? Можа, у мяне фарба на падаконніках абадралася? Ці флюгер пакрывіўся?
    Вы і самі маглі б упэўніцца, што ў доме было ўсяго дастаткова: у кухонных шафах было досыць посуду, у сервантах – горы сервізаў, у пакоях для гасцей стаялі акуратна засланыя ложкі, а на ўсіх сталах былі засцелены абрусы. І цішыня. Толькі стол спрабаваў часам развесяліць прыгожы посуд:
    – А ну, талеркі, станавіцеся ў шэраг!
    – Для каго? – пыталі талеркі. – Хто нас напоўніць?
    – Свечкі, злазьце з паліц!
    – Для каго? Хто нас запаліць?
    Тады стол пачынаў будзіць вялікую крыштальную люстру ў гасцінай:
    – Люстра! Асвятлі хату! Бо ў цябе гэтулькі лямпачак, што і не злічыць.
    – Няма каму мяне ўклю­чыць, – адказвала люстра.
    У хаце было так сумна і тужліва, што пачаліся сваркі. Лыжкі спрачаліся з відэльцамі, а крэслы з шафамі. Лесвіца буркліва рыпала на дывановую дарожку за тое, што тая збірае пыл, а ракавіна пакрыўдзілася на кран, бо з яго не лілася вада.
    Паглядзеў на ўсё гэта дом і зразумеў: трэба штосьці рабіць. Але што?
    – Можа, спытацца ў каміна? Ён вельмі мудры. Калі мяне будавалі, спачатку паставілі яго, а потым ужо ўсё астатняе.
    Але камін так моцна спаў, што нічога не чуў і не заўважаў. Тады дом папрасіў мэблю і посуд дапамагчы яму пабудзіць камін:
    – Давайце разам будзіць камін, каб ён падказаў нам, што рабіць. Шуміце гучней!
    Што тут пачалося... Заляскаталі талеркі, зацокалі падсвечнікі, забразгалі нажы і нават вялікая люстра зазвінела сваімі крышталікамі. І камін прачнуўся.
    – Што здарылася? Чаму вы пабудзілі мяне? – спытаў ён, пазяхаючы.
    – Мне патрэбна твая рада, – звярнуўся да каміна дом. – Штосьці ў мяне не так, а што – я і сам не ведаю.
    – Гэта вельмі проста, – адказаў камін. – Ты мог бы і сам здагадацца.
    – У чым жа справа?
    – Ёсць залатое правіла: дзяліся цяплом з усімі. Паглядзі на мяне. Я ніколі не затрымліваю цяпло ў сабе, а адразу аддаю яго іншым. Усе дамы ў горадзе таксама дораць цяпло і ўтульнасць сваім жыхарам. А ты стаіш адзін-адзінюткі і нікога да сябе не запрашаеш. Таму табе і сумна.
    Дом вельмі здзівіўся і вырашыў добра запомніць гэтае правіла.
    На наступны дзень дом з самай раніцы адчыніў вокны, рассунуў фіранкі і праветрыў пакоі. Люстэрка не магло паверыць, што ў ім адлюстроўваецца сонечнае святло. Адразу спыніліся ўсе спрэчкі.
    – Шчоткі! Анучы! Вёдры! Памыйце падлогі і пратрыце пыл! Ды не шкадуйце вады!
    Хутка ў хаце ўсё зазіхацела ад чысціні.
    – Стол, рыхтуйся прымаць гасцей!
    Тут жа талеркі павыстрой­валіся на бялюткім абрусе, відэльцы, лыжкі і нажы ляглі побач з імі, шклянкі акуратна сталі на свае месцы. Сталу хацелася нават танцаваць ад шчасця!
    Да абеду дом адчыніў насцеж парадныя дзверы. Людзі здзіўляліся, бо яны яшчэ ніколі не бачылі такога прыгожага і ветлага дома. Калі яны заходзілі ўнутр, то адчувалі, што тут іх чакаюць.
    – Паглядзіце! – ускрыкнула адна дзяўчынка. – Нават стол накрыты!
    Дом вельмі добра запомніў правіла, якое яму падказаў камін, – “дзяліся цяплом з усімі!” Хутка ў доме, як і ў іншых дамах, з’явіліся жыхары.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.