ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Якая вера, такая ахвяра...

З жыцця Касцёла

кс. Максім Бачарнікаў SCJКожнай кансэкраванай асобе сёння прысвечана малітва ўсёй Супольнасці, якая дзякуе Богу Айцу, даўцы ўсялякага дабра, за дар гэтага паклікання і з верай заклікае яго нанова.
   З прамовы Бенедыкта XVI, 2 лютага 2012 г.
Вельмі хутка пра­мільг­нулі святы Божага Нараджэння, яслі і прыгожа аздобленыя елачкі паволі пакідаюць нашыя святыні, у касцёлы завітаў час, які ў літургіі называецца звычайным перыядам, у якім (калі так можна сказаць) мы пасля радаснага святкавання вяртаемся да нашых звычайных штодзённых спраў. Як у літургіі Касцёла, так і ў нашым жыцці, большая частка нашага часу – гэта не незвычайныя прыгоды і феерверкі, а дні, напоўненыя звычайнымі “шэрымі” што­дзённымі абавязкамі.
   
2 лютага мы дзякуем Богу за ўсіх, хто нягледзячы на шматлікія спакусы гэтага свету з энтузіязмам адказвае на голас Хрыста: “Ідзі за мной”. Мы дзякуем Богу за сотні жанчын і мужчын, якія ў нашай краіне належаць да вялікай сям’і асоб, што вядуць кансэкраванае, манаскае жыццё. Асабліва за тых, хто вядзе ўтоенае жыццё і ў маўчанні пераймае сваім жыццём Хрыста, які моліцца.

    На саракавы дзень пасля Божага Нараджэння, г.зн. 2 лютага, Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. У гэты дзень у літургіі Касцёла ўспамінаецца падзея, калі ў святыню ў Ерузалеме Марыя і Юзаф прынеслі 40-дзённага малога Езуса і ахвяравалі Яго Богу, згодна з пра­віламі Закону Маі­сея. Сама цырымонія выкупу паводле Яўрэйскага Закону працягвалася нядоўга. Бацька клаў хлопца на паднос і даваў святару. Той пытаў, што ён хоча зрабіць: ці пакінуць свайго сына на службу ў святыні, ці выкупіць яго. Бацькі, якія не паходзілі з пакалення Левія (Юзаф паходзіў з роду цара Давіда), адказвалі: “Я хачу яго выкупіць”. Пачуўшы гэтыя словы, святар тройчы паўтараў: “Твой сын выкуплены”. Бацькі Езуса былі веруючымі людзьмі і захоўвалі наказы Закону Маісея, таму Езус, Сын Божы, спачатку сам быў выкуплены паводле правіл Закону. Дзякуючы гэтаму Ён з’явіўся ў святыні як “сын першародны”, якім быў насамрэч. Што праўда, Ён сам – як Бог – не патрабаваў ніякага выкупу, але, прымаючы наша чалавецтва, прыняў на сябе ўсе патрабаванні Закону Маісея.
    У свята Ахвяравання Езуса ў святыні паўсюдны Касцёл адзначае Дзень кансэкраванага жыцця. Гэты асаблівы дзень малітвы і рэфлексіі павінен дапамагчы нам, вернікам, ацаніць дар паклікання многіх мужчын і жанчын да службы Езусу і Яго Касцёлу ў розных манаскіх супольнасцях. У сцэне Ахвяравання Святое Пісанне паказвае Езуса ахвяраванага, прысвечанага Богу, які прыйшоў, каб выканаць волю Айца (“Вось, іду – на пачатку кнігі напісана пра Мяне – каб выканаць, Божа, волю Тваю”, Гбр 10,7). Дзякуючы гэтаму сённяшняе свята стала дасканалым сімвалам поўнага самаахвяравання тых, хто ў Касцёле і свеце прагне пераймаць Езуса чыстага, убогага і паслухмянага волі Айца.
    На фоне гэтых разважанняў аб манаскім жыцці хацелася б Вам, дарагія Чытачы, прапанаваць разам засяродзіцца над нашым ахвяраваннем Богу. Кожны з нас быў ахвяраваны Пану Богу ўжо праз сакрамант святога хросту, цяпер жа нам застаецца пацвярджаць нашае ахвяраванне ў асабістым і грамадскім жыцці.
    Як хрысціяне дапамогу іншаму чалавеку мы чэрпаем з прыкладу Хрыста і Яго дапамогі ў нашым асабістым жыцці. Ходзячы, напрыклад, на св. Імшу, мы заўсёды спавядаемся, прымаем св. Камунію. Бо гэта ж Хрыстос у Камуніі ахвяруе сябе, становячыся ежай для нас, каб мы мелі вечнае жыццё. Ён дае сябе і хоча, каб я таксама ахвяраваў сябе іншым людзям, Яго братам.
    Жыццё чалавека па сваёй прыродзе павінна быць ахвяравана як дар для іншага, накіравана на іншую асобу. Вельмі добра ведаюць аб гэтым маці і бацька, якія могуць дзеля сваіх дзяцей, як гаворыцца, “закасаўшы рукавы”, браць па некалькі прац адначасова. Яны ведаюць, што робяць гэта для дабра сваіх дзяцей. Калі адбылася драма, і дзеці загінулі, напрыклад, у аўтакатастрофе, бацькі становяцца бездапаможнымі і кажуць, што не маюць для каго жыць. Кожная св. Імша прыгадвае нам, што Хрыстос жыве для нас. Калі мы Яго прымаем, Ён гаворыць нам: “Паглядзі, колькі існуе патрабуючых, колькі тых, хто чакае тваёй дапамогі, тваіх моцных рук, твайго часу, тваіх талентаў, ахвяруй іх Мне. Бо “Я быў галодны, і вы не накармілі мяне; хацеў піць, і вы не падалі Мне вады; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне...”
    Мне здаецца, што некаторыя з нас, хрысціян, католікаў, “прывыклі” да сваёй веры і сталі “хрысціянамі ў цёплых пантофлях”. Мы ўсё радзей і радзей адважваемся, напрыклад, на нейкую працу над сабой, адрачэнне, духоўную барацьбу, пост. Мы ў першую чаргу хочам добра ўладкавацца ў жыцці.
    На шчасце, ёсць шмат хрысціян, якія гэта разумеюць і робяць так, як рабіў беатыфікаваны ў 1990 г. у Рыме П’ер Джорджо Фрасаці, італьянскі студэнт, які раптоўна памёр ва ўзросце 24 гадоў. Ён быў сынам сенатара і рэдактара газеты ў Турыне, глыбока пабожны, часта прыступаў да св. Камуніі. Калі яго знаёмая даведалася, што ён часта наведвае ўбогія сем’і, яна сказала са здзіўленнем: “Як гэта магчыма, каб хлопец з такой заможнай сям’і так прыніжаў сябе, наведваючы гэтую беднату”. Ён з усмешкай запярэчыў: “Езус кожную раніцу прыходзіць да мяне ў св. Камуніі, гэта я аддзячваю Яму сціплым і даступным мне чынам – наведваю Яго бедных”.
    Гэта праўда, што толькі з глыбока перажываемай веры ў Хрыста і ў цеснай еднасці з Ім паўстаюць учынкі любові да іншых. Тады можна смела сказаць: “якая вера, такая ахвяра”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.