ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Звычайны поліэтыленавы пакет

Дзіцячы куточак

Вы заўважалі, што ў крамах вельмі шумна? І ў адным вядомым супермаркеце таксама заўсёды стаяў звычайны гандлёвы гам. Але калі б усе людзі раптам замоўклі, то аднойчы яны змаглі б пачуць вельмі незвычайную гутарку. Чаму незвычайную? Хоць бы таму, што яе ўдзельнікамі былі тры пакета з поліэтылену, якія самотна ляжалі на прылаўку.
    – Дзіўна, чаму сёння нас толькі трое? – здзіўлена спытаў пакет з намаляванай на ім вялікай чырвонай бутэлькай кетчупу.
    – Мабыць, сёння не наш дзень.
    – Не сумуйце, спадар Хайнц, – пагадзіўся другі пакет з намаляваным на ім флаконам парфумы вядомай французскай фірмы. – Вядома, купяць менавіта нас, таму што нас упрыгожваюць вядомыя брэнды.
    – А як вы думаеце, спадарыня Шанэль, каго з нас купяць у першую чаргу? – пацікавіўся спадар Хайнц.
    – Баюся, што буду нясціплым, але я ўпэўнены, што мяне.
    – Ха-ха-ха, як бы не так! Ваш чырвоны колер цяпер не ў модзе. Паглядзіце на мяне, я болей прывабна размалявана.
    – Што вы такое гаворыце, вядома, першым купяць мяне! – не сумняваўся спадар Хайнц.
    – Я не хацела вас засмучаць, але ў вас дзірка на правым боку! – сказала спадарыня Шанэль.
    – А ў вас...
Стоп! Чакайце, давайце цяпер забудземся на хвілінку пра нашых знаёмых, пакуль яны высвятляюць адносіны, і прыгадаем, што мы пачыналі расказваць пра тры пакеты. Дзе ж яшчэ адзін?
    Трэцім быў самы звычайны празрысты поліэтыленавы пакет. Ён ляжаў трохі збоку і з сумам слухаў сваіх суседзяў. “Ах, як бы я хацеў, каб хто-небудзь купіў мяне, – марыў ён, – але хто я такі ў параўнанні з імі...”
    Калі, нарэшце, спадару Хайнцу і спадарыні Шанэль надакучыла спрачацца, яны звярнулі ўвагу на звычайны пакет.
    – Што ж, урэшце нас абодвух абавязкова купяць, – сказаў спадар Хайнц, пераводзячы погляд на звычайны пакет, – а вось нашаму маленькаму сябру не пашанцавала.
    – Так, напэўна ён нікому не спадабаецца, – з’едліва пацвердзіла спадарыня Шанэль, – ён такі нецікавы.
    – Такі просты! Такі празрысты! Ніводнай маляўнічай плямкі! Нават імя ў яго няма, небарака...
    У спадарыні Шанэль і спадара Хайнца было яшчэ шмат чаго сказаць адзін аднаму, але раптам да іх данесліся галасы:
    – Мама, мне патрэбен пакет, каб пакласці маю...
    – Хтосьці ідзе, – ажывіўся спадар Хайнц і хутчэй схаваў сваю дзірку. Тым часам спадарыня Шанэль какетліва пахіліла ручку бліжэй да касы, жадаючы прыцягнуць да сябе ўвагу. Звычайны пакет таксама паціху прашамацеў, таму што аднекуль падзьмуў вецер. Перад прылаўкам апынуўся хлапчук са сваёй мамай.
    – Тут тры пакета, выбірай! – прапанавала мама. Некалькі хвілін панавала напружаная цішыня.
    – Вось гэты, калі ласка! – прамовіў хлопчык і паказаў на празрысты пакет.
    Спадар Хайнц і спадарыня Шанэль нават пазелянелі ад зайздрасці.
    – Нядрэнны выбар, – пахваліла хлопчыка мама, выходзячы з крамы. Хлопчык раскрыў пакет і паклаў туды сваю... Біблію. “Якое шчасце! – падумаў пакет. – Праз мяне цяпер усяму свету свеціць Божае Слова!”
    – Ты ведаеш, – звярнулася мама да сына, – мы таксама павінны быць падобныя на гэты поліэтыленавы пакет. Самі па сабе мы нічога не вартыя. Хай лепш людзі зважаюць не на нас, а на Езуса ў нашым сэрцы. Калі Ён жыве ў нас, то іншыя будуць бачыць праявы Божай любові і міласэрнасці праз нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.