ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

А. Караль Барнась CSsR адзначаны медалём “Pro Ecclesia et Pontifice”

З жыцця Касцёла

А. Караль Барнась CSsRА. Караль Барнась CSsR aтрымаў крыж за заслугі “Pro Ecclesia et Pontifice”, які быў прызначаны Святым Айцом Бенедыктам XVI па прапанове гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча ў доказ прызнання заўзятай апостальскай працы ў Беларусі. Такім чынам ксёндз біскуп хацеў адзначыць яго 20-гадовы ўклад у жыццё Гродзенскай дыяцэзіі, падкрэсліваючы, што даручаныя яму задачы а. Караль выконваў з вялікім запалам.
Айцец Барнась працаваў пробашчам у Вялікіх Эйсмантах і Занявічах у Беларусі на працягу 20 гадоў. Быў таксама дзеканам дэканата Вялікая Бераставіца. Такімі словамі ўспамінае ён пачатак сваёй службы на Гродзеншчыне: “Я прыехаў 27 мая 1990 года ў шляхецкую парафію Вялікія Эйсманты, якая знаходзіцца ў 50-ці км на поўдзень ад Гродна. У плябаніі на той час месцілася бальніца, таму я пасяліўся ў цёткі Камілы. У мяне было два пакоі – спальня і зала. Да гэтага часу прыязджаў святар з суседняй парафіі. Праз пару дзён я атрымаў у дадатак яшчэ дзве парафіі – Занявічы і Вялікую Бераставіцу (раённы цэнтр). Гэтыя тры парафіі складаюць звыш 60 км у даўжыню. На дадзенай тэрыторыі было каля 3500 католікаў. Дадайце да гэтага яшчэ дзве капліцы, дзе св. Імша праводзілася кожную нядзелю і святы. (...) Парафіі Вялікія Эйсманты і Занявічы шляхецкія, гэта значыць, людзі лічаць сябе палякамі, размаўляюць на польскай мове, прывязаны да Касцёла, захоўваюць звычаі і традыцыі свайго народа”.
Праз год працы а. Караль пабудаваў плябанію ў Эйсмантах, а ў парафію Вялікая Бераставіца прыехаў новы пробашч а. Раман Цесляк СSsR.
    Трэба дадаць, што абедзве парафіі а. Ка­раля бага­тыя на паклі­канні. За 20 гадоў працы а. Барнась арганізаваў восем пры­міцый. З па­рафіі ў Эйсмантах паходзяць некалькі святароў, а з парафіі Заня­вічы, якая за­­раз не налічвае і 200 асоб, – дзесяць. Найбольшай радасцю для парафіі і для а. Караля было пасвячэнне і першая св. Імша а. Андрэя Ядкоўскага, рэдэмптарыста з Занявіч.
    Летам 2010 года, пражыўшы 75 гадоў, мінуўшы 50 гадоў службы і 20 гадоў ахвярнай і плённай працы ў Гродзенскай дыяцэзіі, а. Караль вярнуўся ў Польшчу. З таго часу ён працуе ў супольнасці рэдэмптарыстаў у Тухаве.
    Крыж за заслугі “Pro Ecclesia et Pontifice” быў устаноўлены папам Леонам XIII 17 ліпеня 1888 года апостальскім пісьмом “Quod Singulari Dei Concessu”. Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якую Святы Айцец можа прызначыць кансэкраванай асобе, якая не можа прыняць званне каноніка ці прэлата па прычыне манаскага стану. Гэтую адзнаку могуць атрымаць таксама манаскія сёстры і свецкія асобы.
    Ад усяго сэрца віншуем а. Караля з такой асаблівай узнагародай!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.