ГРОДНА
Серада,
27 кастрычніка
2021 года
 

Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках

Парафіі і святыні

Дэканат Ашмяны
У летапісных крыніцах вёска згадваецца ў ХIII ст. Касцёл пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла заснаваны каля 1495 г. ці трошкі пазней – у XVI ст. У 1503 г. Мікалай Бутрым, уладальнік маёнтка, упрыгожыў інтэр’ер святыні. У 1510 г. сп. Ядзвіга, дачка шляхціца Юрыя Юхновіча, павялічыла пачатковы фундуш. А Барбара Бутрым, удава Мікалая, у 1518 г. “са згоды караля Жыгімонта I падняла Граўжышкі да статусу мястэчка”. У 1547 г. касцёльны фундуш павялічыла Ядзвіга Зяновіч. У 1650 г. на сродкі Яўстафія Кердзея, род якіх валодаў Граўжышкамі з 1641 г., быў узведзены новы касцёл. Аднак, мяркуючы па фотаздымках ХХ ст., гэтая святыня змяняла знешні выгляд і пазней – у XVIII, XIX, ХХ стст. У першай палове ХIХ ст. пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.
У сярэдзіне ХХ ст. касцёл уяўляў сабою прамавугольны ў плане аб’ём са слаба выяўленым трансептам і шырокай падоўжанай пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі. Галоўны фасад, магчыма, калісьці быў дзвюхвежавы, але напрыканцы ХIХ ст. яго завяршаў трохвугольны франтон пад невялікай вежачкай накшталт сігнатуркі. Кампазіцыя храма, вертыкальна ашаляваная і ўмацаваная вертыкальнымі сцяжкамі, накрывалася адзіным двухсхільным гонтавым дахам. Інтэр’ер упрыгожвалі тры барочныя алтары і прэзбітэрый. Яны былі перакрыты адзіным люстраным скляпеннем, якое падтрымлівалі дзве калоны, утвараючы бакавыя навы пад плоскай столяй. Папярочная бэлька ў праёме прэзбітэрыя была ўпрыгожана разьбяным рэнесансным арнаментам у выглядзе вінаграднай галінкі. Касцёльны ўчастак абгароджаны бутавым мурам з цаглянай брамай, у правым вугле агароджы змешчана трох’ярусная драўляная званіца.
    Перад II Сусветнай вайной граў­жышская парафія налічвала амаль 5500 вернікаў, капліц не было. У 1951 г. касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і прыстасаваны пад стайню, потым пад збожжасховішча. Апошні ксёндз быў арыштаваны. З часам храм ператварыўся ў руіны, аднак быў аб’яўлены помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства з рысамі барока.
    У 1990-х гг. парафія адрадзілася. У 1992 г. перад мясцовымі могілкамі пабудаваны новы невялікі касцёл з сілікатнай цэглы і асвечаны пад тытулам Маці Божай Ружанцовай. Гэты абраз, які некалі займаў цэнтральнае месца ў галоўным алтары ў старым касцёле, сёння ўсталяваны над алтаром. Таксама ў новым касцёле змешчаны канфесіяналы, лаўкі і табернакулюм са старой святыні. А ролю званіцы выконвае пакуль што старая званіца (трэці ярус страчаны) на старым месцы.
   
Клявіца
Вёска вядома з пачатку XVI ст. як двор Васіля Глінскага, потым належала Глябовічам, Грабскім, а ў ХIХ ст. Умястоўскім.
    Касцёл св. Антонія быў узведзены тут Умястоўскімі ў 1799 г. з дрэва і прыпісаны да нарвілішскай парафіі (цяпер Літва) у якасці філіяльнага (у другой палове ХIХ ст. капліца была далучана да сурвілішскай парафіі Вішнеўскага дэканата). Гэта быў выцягнуты па падоўжанай восі бязвежавы зальны аб’ём з трохгранным прэзбітэрыем. Справа перад уваходам стаяла званіца, абнесеная бервяной агароджай. Руіны касцёла захоўваліся яшчэ ў 1980-я гг. Сёння ацалелі толькі парослыя хмызняком падмуркі (прыблізна 7 на 18 м) на закінутым пагосце на поўдзень за вёскай, злева ад шашы на Літву.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  66

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.