ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Юбілей 100-годдзя касцёла ў Вялікай Бераставіцы

З жыцця Касцёла

2012 год з’яўляецца асаблівым для парафіі Перамянення Пана. Мінула дакладна стагоддзе ад моманту асвячэння святыні ў Вялікай Бераставіцы. У сувязі з гэтым, пасля місій, якія адбыліся ў парафіі і якія яе ажывілі, адбыўся доўгачаканы юбілей 100-годдзя асвячэння касцёла. Падрыхтоўка да святкавання гэтага вялікага дня трывала ўжо некалькі гадоў.
Кульмінацыйным пун­ктам святкавання была ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч. Уся парафія вітала Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Перад касцёлам быў змешчаны надпіс: “Вітаем Арцыпастыра”. Ганаровага госця вернікі сустрэлі з хлебам і соллю, а малодшыя парафіяне падарылі яму цудоўныя кветкі.
Пасля кароткай малітвы ў суправаджэнні святароў перад алтаром адбыўся невялікі канцэрт, арганізаваны мясцовымі настаўнікамі музыкі, а таксама вернікам была прадстаўлена гісторыя святыні і парафіі. Варта ўзгадаць некаторыя фрагменты. Першы драўляны касцёл у Бераставіцы быў ужо ў 1495 г. Гэта быў касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл Перамянення Пана быў вымалены вернікамі гэтай мясцовасці пасля доўгіх гадоў жыцця без святыні. У ваенныя часы ён быў зачынены, з’яўляючыся месцам складу збожжа, ажно пакуль пасля многіх гадоў а. Казімір Жыліс пры зачыненых дзвярах не адправіў там св. Імшу, а ўжо 10 лістапада 1991 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў касцёл пад гістарычнай назвай Перамянення Пана. У гісторыю ўвайшоў і наш час. Сённяшнім пробашчам касцёла з’яўляецца а. Вальдэмар Слота, які ў 2006 г. распачаў рамонт плябаніі і касцёла. У святыні з’явіліся новыя вокны, а ў прэзбітэрыі – вітражы з вобразамі святых апосталаў Пятра і Паўла. Быў куплены новы арган. У будынку плябаніі зараз знаходзіцца катэхетычная зала. Таксама там адбываюцца сустрэчы дзяцей, моладзі і міністрантаў, якіх у Вялікай Бераставіцы пры алтары збіраецца вельмі шмат.
    На ўрачыстую св. Імшу прыбыло шмат гасцей. Святары з дыяцэзіі, айцы рэдэмптарысты, якія працуюць у Беларусі, а таксама браты з Польшчы, нашчадкі сям’і Касоўскіх з ЗША, фундатараў касцёла, і сотні вернікаў.
    На пачатку св. Імшы віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. Антоні Грэмза зачытаў ліст кс. б-па Аляксандра, у якім пастыр нашай дыяцэзіі павіншаваў усіх прысутных з юбілеем, падкрэсліваючы вялікую справу адбудавання святыні і яе духоўны рост. Пастыр дыяцэзіі падзяліўся радасцю з прысутнымі, адзначаючы, што дом Божы дагледжаны і прыгожы, што там збіраюцца людзі, каб слухаць Божае слова і прымаць сакраманты. Як адзначыў кс. бп Аляксандр, “мы вучымся жывой веры, а святыня з’яўляецца вялікім дарам”.
    Пасля зачытвання ліста кс. абп Тадэвуш далучыўся да віншаванняў і адзначыў, што гэтая святыня “перажыла сваю Кальварыю ў ХХ ст.”. Дзякуючы пробашчу за запрашэнне, Мітрапаліт узгадаў тыя цяжкія часы, калі людзі прыходзілі да яго і прасілі дапамагчы вярнуць святыню. Мітрапаліт заахвоціў усіх да супольнай малітвы, каб разам адспяваць “Te Deum” Касцёла.
    Супольны дух парафіі ў гэты дзень асабліва адчуваўся. Усе разам ўсхвалялі Пана. Моладзь прыгожа праводзіла літургічны спеў, дзеці, ахвяруючы свой танец і сэрцы, склалі саміх сябе для Хрыста, напоўненая вернікамі святыня ўслухоўвалася ў кожнае слова Мітрапаліта.
    Ксёндз арцыбіскуп падчас казання падзяліўся з усімі сваім сведчаннем веры, сведчаннем веры тых людзей, якія жывуць на гэтых землях. Ён прыгадаў вернікам, што гэта менавіта іх продкі ўжо ў XVI ст. у гэтым мястэчку хацелі мець месца для Бога, і сцены старой святыні пра гэта надалей нагадваюць. Мітрапаліт звярнуў увагу ўсіх на тое, што святыня не з’яўляецца толькі помнікам архітэктуры, але гэта муры, “дзе паўстае жывы Касцёл”. У гаміліі ён таксама заахвоціў вернікаў слухаць Божае слова і сустракацца з Хрыстом ў святых сакрамантах. На заканчэнне казання кс. абп Тадэвуш прасіў не забываць дарогу ў касцёл, а, змяняючы сваё жыццё пры Богу, змяняць краіну, змяняць увесь свет.
    Таксама быў час для пажаданняў і падзякі. Не ўдасца пералічыць усіх, але цёплыя словы падзякі былі скіраваны ўсім прысутным, пачынаючы ад Мітрапаліта і да самага малодшага парафіяніна. Вернікі дзякавалі арцыбіскупу за прыезд, пробашчу за духоўную апеку, шмат добрых слоў прысутным вернікам сказаў дзекан праваслаўнай царквы, а настаяцелі Супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў таксама падзяліліся супольнай радасцю перажывання гэтых урачыстасцей. Прыгожая ўрачыстасць на гэтым не скончылася. Працэсія, а таксама бласлаўленне напрыканцы літургіі былі для вернікаў вялікім знакам прысутнасці Бога на бераставіцкай зямлі. Пазней усе перайшлі на пляцоўку перад касцёлам, дзе Мітрапаліт і настаяцель айцоў рэдэмптарыстаў пасадзілі два дубы на памяць пра юбілей. Затым кожны вернік мог яшчэ ўбачыць выставу мясцовага мастака, прысвечаную касцёлу, а самыя малодшыя маглі пакаштаваць салодкія булачкі.
    Кожная святыня з’яўляецца жывым знакам прысутнасці Бога на зямлі. Сустракаючы Хрыста ў нашых святынях, мы можам быць упэўнены, што вера ў нашым народзе, на нашай зямлі жывая. Багатая гісторыя гэтай святыні, а таксама моцная вера гэтых людзей з’яўляецца сведчаннем гэтага. 100 гадоў для чалавека гэта шмат, для касцёла – мала. Хочацца пажадаць, каб гэтая прыгожая жывая супольнасць Касцёла ў Вялікай Бераставіцы развівалася надалей, а сваім сведчаннем веры прыцягвала да Хрыста іншых. Праспяваны ў гэты дзень “Te Deum” быў для ўсіх чарговай нагодай, каб падзякаваць Богу за Яго вялікія дары для кожнага з нас, за дар прыгожай святыні ў Бераставіцы, святароў і сясцёр, якія там працуюць, а таксама за вернікаў гэтай мясцовасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.