ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 23 мая 2018 года
«Зарадзіце батарэю свайго сэрца
і заставайцеся на сувязі з Хрыстом!»
/ Папа Францішак /

Новая рэчаіснасць катэхізацыі ў Беларусі

Слова рэдактара

Бацькі, якія даюць дзіцяці жыццё, абавязаны выхоўваць яго ў веры і любові. Касцёл спадарожнічае сям’і ў выхаванні дзяцей і ахоўвае яе правы.

   Я памятаю, як адзін з прафесараў нашай семінарыі дастаткова часта паўтараў, што катэхізаваць, значыць абвяшчаць Хрыста. У пачатку школьнага і катэхетычнага года варта больш паразважаць над гэтым. Тым больш, што ў пілігрымцы ў Капцёўку з нагоды распачацця катэхетычнага года ўдзельнічала шмат сем’яў нашай дыяцэзіі.
    На жаль, за многія гады я яшчэ не сустракаў катэхета, які быў бы задаволены колькасцю дзяцей, што прыходзяць на ўрокі рэлігіі. Гэта адвечная праблема. Не так даўно, госцячы ў пэўнай парафіі, я пачуў, як ксёндз пробашч падчас парафіяльных аб’яў падаў статыстыку, што датычыла ўдзелу дзяцей у катэхізацыі. Як адзначыў святар, на тэрыторыі парафіі знаходзіцца 5 школ, у якіх вучыцца каля 5000 дзяцей. Сярод іх, па даных пробашча, больш за 1000 дзяцей – католікі, а на ўрокі рэлігіі запісалася толькі каля 50-ці вучняў. Святар заклікаў бацькоў да парадку, прыгадваў пра абавязак выхоўвання дзяцей у каталіцкай веры, каб яны пазнавалі Бога не толькі да моманту прыступлення да Першай святой Камуніі.
Думаю, што кожнаму з нас, пачынаючы ад ксяндза біскупа праз святара і катэхета, аж да бацькоў дзіцяці, трэба браць пад увагу новую рэчаіснасць катэхізацыі ў Беларусі. Ужо прайшлі тыя часы, калі не хапала катэхетаў, катэхетычных класаў, калі да Першай св. Камуніі рыхтаваліся на працягу некалькіх месяцаў, а часам тыдняў, ды яшчэ і таемна, калі ўсе веды пра Бога і Евангелле заканчваліся прыняццем Першай Камуніі. Сёння ў нас ёсць адукаваныя катэхеты, катэхетычныя класы, добрыя ўмовы для рэлігійнага выхоўвання дзяцей, таму ўсё залежыць ад нас саміх.
    Кожнае дзіця ў момант Першай Камуніі з Богам праходзіць этап адкрыцця таго, кім з’яўляецца Бог, што такое св. Хрост і г.д. Але гэта не канец пазнання Бога, таму што ніхто з дзяцей не скажа, што ўжо ўсё пра Яго ведае. Большую ўвагу трэба звярнуць на навучанне і выхаванне. Апошняе магчыма толькі пры актыўным удзеле бацькоў. На маю думку, менавіта гэтаму трэба прысвяціць больш часу і ўвагі. Бацькі, якія даюць дзіцяці жыццё, абавязаны выхоўваць яго ў веры і любові. Касцёл спадарожнічае сям’і ў выхаванні дзяцей і ахоўвае яе правы. На жаль, сёння пэўная колькасць сем’яў, якія называюць сябе каталіцкімі, уводзяць і прымаюць каштоўнасці, якія не маюць нічога агульнага з Касцёлам. У першую чаргу тут трэба прыгадаць аб тым, што пасля прыняцця Першай св. Камуніі дзіця перастае наведваць урокі рэлігіі, якую, пасля розных спартыўных секцый, танцавальных кружкоў і музычных заняткаў, ставяць на апошняе месца. А ў выбары дадатковых заняткаў дзецям дапамагаюць бацькі. У сувязі з гэтым, можа, трэба пачаць ад катэхізацыі сем’яў, дарослых людзей?
    Адзін з раздзелаў адгартацыі на тэму катэхізацыі ў наш час (“CATECHESI TRADENDAE”) называецца “Радасць веры ў складаным свеце”. Я лічу, што менавіта гэта правільны адказ на ўсе нашы складаныя пытанні. Катэхеты, якія пасланы ў гэты складаны свет, паказваюць радасць веры, якой кожны з нас можа дзяліцца з іншымі. Але ў мяне ўзнікае ўпэўненасць, што жыхар нашых тэрыторый часам забывае або ўвогуле нічога не ведае пра радасць, якая выцякае з веры. Ён павінен зразумець, што вера прыносіць радасць, а не смутак, суцяшэнне, а не боль. Чалавек, які жыве з Богам, шчаслівы. Не трэба змяшчаць Бога толькі на тых старонках свайго жыцця, якія для Вас цяжкія ці катастрафічныя і патрабуюць ад Бога ратунку. Давайце запамятаем, што вера робіць хрысціяніна адукаваным чалавекам і дазваляе яму “ўмець жыць у свеце”.
    У нас наперадзе вялікая рэлігійная падзея, якая, бясспрэчна, накрэсліць нам правільны накірунак у рэлігійным выхаванні чалавека, што жыве на нашых землях. Год веры, які неўзабаве абвясціць Святы Айцец Бенедыкт XVI, адкрые ў нас “брамы нашай веры” на занятках рэлігіі. Давайце адкрыем нашыя сэрцы на пазнанне Бога, які нас любіць, а тады ў Беларусі мы сустрэнем яшчэ больш людзей, якія клапоцяцца аб фарміраванні паставы веры і маральнасці, якая з яе выцякае.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  223

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.