ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Чаму трэба спавядацца перад ксяндзом?

Задай пытанне

romanowskiЧаста таксама і сярод католікаў можна пачуць пытанні, якія датычаць сакраманту пакаяння. А дакладней, ці абавязкова трэба прызнавацца ў сваіх грахах перад ксяндзом, калі і так дараванне дае толькі Пан Бог? Ці не прасцей было б расказаць свае слабасці Богу і папрасіць Яго аб прабачэнні? Такое мысленне характэрна для пратэстанцкіх Цэркваў, якія не прызнаюць неабходнасці сакраментальнай пакуты, а толькі вызнаюць грахі перад Богам і выклікаюць акт жалю. Аднак у каталіцкім Касцёле абавязвае іншая практыка. Чалавек, які прыступае да сакраманту пакаяння, вызнае свае грахі перад Богам, прызнаючыся ў іх перад святаром, які з’яўляецца бачным пасярэднікам паміж чалавекам і Богам.
    Сакрамант пакаяння ўстанавіў Пан Езус, калі скіраваў да сваіх апосталаў такія словы: “Ідзіце і адпускайце грахі, каму адпусціце, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 23). У іх мы ўжо бачым перадачу ўлады адпушчэння грахоў, якую Хрыстос удзяліў сваім апосталам. Гэта менавіта яны сталі пасярэднікамі ў сакраманце пакаяння паміж чалавекам і Богам, які прабачае. Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што гавораць дакументы Касцёла аб сакраманце споведзі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць: “Пакаянне, як і ўсе сакраманты, з’яўляецца літургічнай справай.
У яго звычайна ўваходзяць наступныя элементы: прывітанне і бласлаўленне ксяндза, чытанне Божага слова, каб асвятліць сумленне і выклікаць раскаянне, заклік да жалю, споведзь, якая з’яўляецца вызнаннем грахоў і прызнаннем у іх перад ксяндзом, прызначэнне і прыняцце пакуты, адпушчэнне грахоў святаром, малітва падзякі, адпраўленне з бласлаўленнем святара” (ККК 1480). Далей чытаем: “Індывідуальная і інтэгральная споведзь і адпушчэнне грахоў з’яўляюцца адзіным звычайным спосабам, праз які вернікі атрымліваюць паяднанне з Богам і Касцёлам, хіба што іх ад гэтага вызваляе фізічная ці маральная немагчымасць” (ККК 1484). Сакрамант пакаяння ў такой форме, якую мы маем сёння, прыняты ў Касцёле ўжо даўно. І часта менавіта такая форма адбівае ў некаторых ахвоту карыстацца гэтым сакрамантам. Але трэба памятаць, што саграшыць і парушыць Божую запаведзь часам вельмі лёгка і гэта не патрабуе ад нас вялікіх намаганняў. А індывідуальнае прызнанне сваіх грахоў патрабуе ад чалавека намаганняў і зразумення самога сябе для таго, каб змяніць існуючую сітуацыю. Бо менавіта сакрамант пакаяння дапамагае чалавеку зразумець грэшнасць яго ўчынку і стаць у пакоры перад Богам, усведамляючы неабходнасць паляпшэння. Чалавек, які ўчыніў цяжкі грэх, патрабуе дапамогі, каб устаць і далей выконваць Божыя запаведзі. Дапамогай у гэтым павінен быць святар, які сядзіць у канфесіянале і гатовы дапамагчы чалавеку сваёй парадай і малітвай. Трэба памятаць, што святар з’яўляецца інструментам у руках Бога і мастом, які злучае чалавека з Богам у сакраманце пакаяння.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.