ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Што такое новая евангелізацыя? Хто і як яе праводзіць?

Задай пытанне

Каб зразумець, што такое новая евангелізацыя, трэба спачатку ведаць, што такое евангелізацыя. Евангелізацыю можна акрэсліць як паказванне Хрыста тым, хто не ведае Яго, праз навучанне, катэхізацыю, асвячэнне. Евангелізацыя – гэта нясенне Добрай Навіны ва ўсе колы чалавечага роду, каб яна пранікала іх сваёй моцай знутры, каб стварала з іх новае чалавецтва. Мэтай евангелізацыі з’яўляецца менавіта гэтае ўнутранае змяненне. Асноўнае пытанне кожнага чалавека гучыць: “Як гэта здзейсніць – як стаць чалавекам? Як навучыцца мастацтву жыцця? Якая дарога вядзе да шчасця? Евангелізаваць – значыць указваць гэтую дарогу – вучыць мастацтву жыцця” (“Новая евангелізацыя”, кард. Ё. Рацынгер).
    У энцыкліцы “Redemptoris misio” (№ 33) Яна Паўла II былі ўказаны тры тыпы евангелізацыі, якую праводзіць Касцёл:
    – місійная дзейнасць сярод няверуючых,
    – душпастарская дзейнасць сярод хрысціян,
    – новая евангелізацыя, ці рэевангелізацыя сярод ахрышчаных, якія згубілі жывы сэнс веры або проста не лічаць сябе членамі Касцёла.
    Новая евангелізацыя не азначае “новага Евангелля”, бо Хрыстос той самы на вякі, яна азначае адэкватны адказ на знакі часу, на патрэбы сучасных людзей і народаў, на новыя кантэксты, якія фарміруюць культуру.
Паняцце “новая евангелізацыя” ўпершыню ўжыў бл. Ян Павел II падчас сваёй пілігрымкі ў Польшчу ў 1979 г. На канферэнцыі Епіскапата Лацінскай Амерыкі ён скіраваў да Касцёла вядомы заклік да Новай Евангелізацыі: “Глядзіце ў будучыню, здзяйсняючы новую евангелізацыю, новую ў сваім запале, новую ў сваіх метадах і новую ў сродках выражэння” (Гаіці, 9.03.1983). “НОВАЯ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ” з’яўляецца новай:
    У сваёй НОВАЙ СТАРАННАСЦІ – гаворка аб тым, каб хрысціяне ажывілі ў сабе адказнасць за перадачу Евангелля, каб былі гатовы з гэтым Евангеллем на самай справе пайсці да іншых і апостальстваваць, каб хрысціянства было дынамічным, адкрытым, каб яно было пошукам новых людзей.
    Ва ўжыванні НОВЫХ МЕТАДАЎ – гэта значыць, у пошуку новых спосабаў прыходу з Евангеллем да сённяшняга чалавека, адпаведных сучаснай сітуацыі. Папа пералічвае тут такія новыя сродкі як: тэлебачанне, радыё, прэса, інтэрнэт – сродкі, якія будуць больш адпавядаць ментальнасці сучаснага чалавека, яго мове.
    Ва ўдзеле НОВЫХ СУБ’ЕКТАЎ – маецца на ўвазе, каб да справы евангелізацыі далучыць усіх, а перш за ўсё, каб адказнасць за евангелізацыю адчулі свецкія. Новыя суб’екты – гэта таксама свецкія асобы, рухі і таварыствы, якія павінны падумаць, якія ініцыятывы неабходна распачаць.
    “Няўменне адчуваць радасць з’яўляецца вынікам і адначасова крыніцай няўмення любіць, яно нараджае зайздрасць, хцівасць і ўсе адмоўныя рысы, якія сеюць знішчэнне ў жыцці асоб і ў свеце. Таму нам неабходна новая евангелізацыя: калі мастацтва жыцця застаецца невядомым, усё іншае расчароўвае. Гэтае мастацтва, аднак, не з’яўляецца суб’ектам навуковых даследаванняў: яго можа перадаць толькі той, хто мае жыццё, хто з’яўляецца ўвасобленым Евангеллем” (“Новая евангелізацыя”, кард. Ё. Рацынгер).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.