ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Жыць, вучыць і выхоўваць па-хрысціянску

Лісты чытачоў

23 чэрвеня ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Лідзе адбылася ІІ Дыяцэзіяльная сустрэча настаўнікаў, на сённяшні дзень такая важная і неабходная. Мерапрыемства пацвердзіла, што яно запатрабавана, што знайшло водгук у сэрцах тых, хто імкнецца пачуць Божае слова, хто хоча жыць і працаваць па Божых законах. Тое, што настаўнікі і выхавацелі сабраліся другі раз, дае надзею і ўпэўненасць у тым, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі, будуць аб’ядноўваць кожны год усё больш і больш удзельнікаў і што ўсё большая колькасць педагогаў будзе звяртацца да Евангелля як да асноўнай крыніцы выхавання маладога пакалення.
На сустрэчу сабралася каля 200 настаўнікаў, выкладчыкаў і выха­вацеляў, якія прыехалі абмяняцца вопытам і думкамі наконт таго, як выхоўваць дзяцей і весці іх да Хрыста, як перадаваць сваім выхаванцам глыбокую веру. Праграма мерапрыемства была насычанай і цікавай. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Юзаф Станеўскі, які адзначыў, што сапраўдны настаўнік не толькі фарміруе веды, але і выхоўвае сваёй любоўю, шчырасцю, адказнасцю і, перш за ўсё, глыбокай верай, той, якая “зыходзіць з табэрнакулюма”. З вуснаў рэктара ўсім прысутным былі перададзены прывітальныя словы і пажаданні плённай працы ад біскупа дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча.
З увагай і цікавасцю быў выслуханы даклад прафесара гродзенскай семінарыі кс. доктара Мікалая Ціхановіча “Настаўнік і Выхавацель – сведкам веры”. У выступленні было адзначана, што добры настаўнік павінен быць чалавекам веруючым, назаўсёды паяднаным з Хрыстом і выразнікам Яго ідэй. Разам з тым, веруючы настаўнік павінен памятаць пра пяць асноўных момантаў у сваім жыцці – вера ў Бога, вера ў свае сілы, вера ў моц Духа Святога, уласны прыклад у навучанні, навучанне ў праўдзе.
    Вельмі важны момант сустрэчы – удзел у Крыжовым шляху, які даў магчымасць спыніцца на хвіліну і паразважаць пра нашае імклівае жыццё з яго шматлікімі і бясконцымі клопатамі. Спыніцца і яшчэ раз узгадаць дарогу смерці Езуса Хрыста. Гэта дарога цярпення, роздуму, пакуты… Дарога жудасная, страшная, бо разам з Хрыстом мы яшчэ і яшчэ раз перажываем Яго боль і мукі і думаем пра тое, як Ён узяў чужы крыж і панёс яго дзеля збаўлення чалавецтва.
    Кульмінацыйным пунктам стала ўрачыстая святая Імша, якую цэлебравалі ксёндз Павел Галіньскі, што наведаў нас з санктуарыя Маці Божай у Тракелях, і айцец Казімір Мараўскі – з санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.
    Надзвычай насычанай аказалася заключная частка сустрэчы, дзе з паведамленнем і прэзентацыяй выступіў ксёндз Антоні Грэмза, які з 2004 года з’яўляецца душпастарам настаўнікаў і выхавацеляў. Ён засяродзіў увагу на тым, што выхаванне праўды і любові з’яўляецца асноўнай каштоўнасцю чалавечага развіцця. Кожны педагог павінен асабістым прыкладам заахвочваць выхаванцаў прытрымлівацца гэтых каштоўнасцей. Настаўнікі і выхавацелі адыгрываюць асаблівую ролю ў фарміраванні жыццёвай паставы маладых людзей і таму праз навучанне, выхаванне і асабісты прыклад павінны несці дзецям і моладзі Божую праўду і хрысціянскія правілы паводзін.
    Праз нашу дыяцэзіяльную газету хочацца звярнуцца да ўсіх настаўнікаў і выхавацеляў: не бойцеся збірацца разам і абмяркоўваць свае праблемы і набыткі! Выхаванне дзяцей і моладзі – гэта вельмі складаны працэс. І перш за ўсё тыя людзі, якія ўключаны ў яго, павінны быць самі добра выхаваны. Выхаваны на хрысціянскіх каштоўнасцях, у духу бязмежнай любові і адданасці Хрысту, Яго вучэнню. А для гэтага трэба ўвесь час удасканальваць сябе, узмацняць сваю веру. І ў гэтым, безумоўна, могуць дапамагчы нашыя агульныя сустрэчы. Душпастарства настаўнікаў і выхавацеляў можа дзейнічаць не толькі ў абласным цэнтры. Такія суполкі варта арганізаваць і ў меншых гарадах. Гэта прынясе карысць, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць значных поспехаў. І няхай трэці дыяцэзіяльны з’езд стане своеасаблівай падзеяй, на якой сваім вопытам у выхаванні будуць дзяліцца дэлегацыі настаўнікаў з усіх раённых цэнтраў нашай вобласці.
    Безумоўна, каб гэта ўсё здзейснілася, неабходны ініцыятыўныя, адважныя, глыбока адданыя Божай справе людзі. І як добра, што яны знаходзяцца, што аб’ядноўваюць вакол сябе іншых і працуюць дзеля Божай хвалы! Менавіта такім і з’яўляецца наш душпастар ксёндз Антоні Грэмза, якому хочацца выказаць глыбокую ўдзячнасць, шчырую падзяку за ўсё тое, што ён рабіў на працягу года, а таксама за цудоўна арганізаваны і праведзены другі з’езд і пажадаць шмат Божых ласкаў у такой цяжкай, але адначасова прыгожай і блаславёнай працы. Нязменным кіраўніком і натхняльнікам усіх спраў з’яўляецца Людміла Гапонік, якая так умела аб’ядноўвае вакол сябе сваіх калег. Няхай і надалей Бог дапамагае ёй працягваць гэтую неабходную і карысную справу. Шчырыя словы падзякі хочацца выказаць і пробашчу парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе кс. Андрэю Зноску, які так гасцінна вітаў удзельнікаў сустрэчы, арганізаваў пачастунак і натхняў сваім добрым словам, а таксама кс. Паўлу Галіньскаму і а. Казіміру Мараўскаму за цэлебрацыю Імшы і за шчырыя запрашэнні на сёлетнія ўрачыстасці ў сваіх парафіях.
    Усё наша жыццё – гэта школа, а галоўны настаўнік у ёй – Сам Бог. Хай стане Ён правобразам кожнага педагога і вызначае ўсе яго сапраўдныя рысы і якасці, тыя, якія здольны перадаваць любоў і праўду, а таксама навучаць сапраўдным маральным і духоўным каштоўнасцям.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.