ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Маленькая парафія найдаўжэй захоўвала абраз Езуса Міласэрнага

З жыцця Касцёла

Вернікі нясуць абраз  Езуса Міласэрнага  ў эўхарыстычнай працэсііСамая маленькая парафія ў Новай Рудзе ледзь ці не ўпершыню ў сваёй гісторыі сабрала такую вялікую колькасць вернікаў з розных мясцовасцей. 24 чэрвеня там адбылося ўрачыстае заканчэнне перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага, які за год трапіў ва ўсе касцёлы нашай дыяцэзіі. Уласна арыгінал абраза, напісаны Яўгенам Казіміроўскім у 1934 годзе паводле містычных бачанняў св. Фаўстыны Кавальскай, вельмі доўга захоўваўся ў касцёле ў Новай Рудзе. 30 гадоў абраз Езуса Міласэрнага знаходзіўся паміж прэсбітэрыем і нефам высока на сцяне, пасля ўдалося патаемна вывезці яго ў Вільню. Некаторыя ўдзельнікі той складанай аперацыі таксама прысутнічалі на ўрачыстай св. Імшы з нагоды заканчэння перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага. Літургію ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, які мае непасрэднае дачыненне да тых гістарычных падзей і які зрабіў шмат для пашырэння культу Божай Міласэрнасці.
На ўрачыстасці ў Новай Рудзе прысутнічалі шматлікія святары, манаскія сёстры, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, шматлікія пілігрымы з розных мясцовасцей нашай дыяцэзіі. Асаблівымі гасцямі на ўрачыстасці былі сведкі тых падзей, якія стваралі гісторыю, захоўваючы абраз Езуса Міласэрнага ад знішчэння і перапраўляючы яго ў Вільню. Кс. Андрэй Шчупал прывітаў с. Цэцылію Абухоўскую, якая перадавала абраз непасрэдна ў віленскі касцёл, сп. Ядзвігу Хітрушка, якая мела ключ ад касцёла ў Новай Рудзе, сп. Аўгустына Хоцяна, які дапамог з дэмантажом дошак сцяны, дзе вісеў абраз. Вяночак да Божай міла­сэр­нас­ці перад св. Імшой правёў кс. прэлат Ежы Левінскі. Некалькі разоў святар паўтарыў словы бл. Яна Паўла II “Будзьце апосталамі Божай міласэрнасці”. Гэтае выказванне набывае сваё канкрэтнае значэнне праз добры ўчынак, добрыя словы падтрымкі і малітву. Гамілію падчас св. Імшы абвясціў а. Юзаф Генза CSsR, рэктар супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў у Беларусі. “Тут асаблівым чынам мы дакранаемся да Бога, Які схіляецца над кожным з нас”, – падкрэсліў у казанні асаблівасць гэтага месца а. Юзаф. Ён заахвоціў звяртацца да Езуса Міласэрнага ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, асабліва тады, калі мы адчуваем сябе самотнымі. На заканчэнне св. Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам біскуп Гродзенскі даверыў Езусу Міласэрнаму ўсіх вернікаў дыяцэзіі, прачытаўшы акт аддання. Пасля адбылася ўрачыстая эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Літургію спевамі ўпрыгожваў хор гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля «Vox Domini». Пасля набажэнства зладзіўся канцэрт касцёльнай музыкі гэтага хору, а таксама аркестра музычнай школы з Парэчча.
      
 а. д-р Андрэй Шчупал CSsRЦікавую гісторыю абраза Езуса Міласэрнага распавёў на пачатку ўрачыстасці а. д-р Андрэй Шчупал CSsR, пробашч парафіі св. Юрыя ў Новай Рудзе.
Абраз Езуса Міласэр­нага прывёз з Вільні ў Новую Руду кс. Юзаф Грасевіч у 1956 годзе. Яго павесілі на сцяне паміж прэсбітэрыем і нефам, унізе змясцілі надпіс “Езу, давяраю Табе”. Пад абразом таксама павесілі найкаштоўнейшы вотум – залатую пласціну з надпісам “Езус, Валадар Міласэрнасці, давяраю Табе”. На сённяшні дзень невядома, куды знікла гэтая пласціна пасля таго, як касцёл закрылі. Дзесьці праз год кс. Грасевіча накіравалі ў 8-тысячную парафію ў Каменку, а духоўна апекавацца парафіянамі ў Новай Рудзе пачаў кс. Фелікс Сарока, святар з недалёкага Парэчча. Аднак за адмову хаваць на могілках самазабойцу, святара адсылаюць у Адэльск. І Новая Руда на доўгі час застаецца без апекі душпастара. Кс. Міхал Сапоцька не пераставаў клапаціцца, каб пераправіць абраз Езуса Міласэрнага з Новай Руды ў нейкае больш бяспечнае месца – у касцёл, дзе ёсць святар. Гэтую місію ён даручае кс. Грасевічу, які намаўляе мастака Сергіевіча намаляваць копію абраза, каб змясціць яе ў Новай Рудзе, а арыгінал перавезці ў бяспечнейшае месца. Парафіяне ўвесь гэты час працягвалі хадзіць у сваю святыню маліцца да цудатворнага абраза і так прывязаліся да яго, што нават чуць не хацелі, каб перадаць абраз у іншае месца.
    Праз нейкі час улады пастанавілі зрабіць з касцёла ў Новай Рудзе склад, што і было здзейснена ў 1970 годзе. Да касцёла пад’ехалі тры грузавікі, акружылі яго і пачалі выносіць усе рэчы. Адной з жанчын, маці с. Тэрэзы (Сафіі Грынь), удалося прарвацца ў касцёл, дзе яна ўзняла крык. Напалоханыя рэакцыяй жанчыны спусташальнікі перасталі разбіраць алтар. Такім жа цудоўным чынам удалося захаваць абраз Езуса Міласэрнага ў святыні – быццам не знайшлося драбін патрэбнай даўжыні, каб зняць яго са сцяны.
    Тагачасная палітычная сіту­ацыя была напружанай: заставалася небяспека знішчэння абраза, драўляны касцёл у Новай Рудзе маглі лёгка падпаліць. Кс. Міхал Сапоцька прапанаваў вярнуць абраз у Вільню і выставіць яго ў святыні, у якой для публічнага культу ён быў выстаўлены ўпершыню – у Вострай Браме. Аднак толькі ў 1982 годзе кс. Юзаф Грасевіч звярнуўся да вастрабрамскага вікарыя, сённяшняга арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Той адкінуў гэтую канцэпцыю, бо, па-першае, па палітычных прычынах ні касцёльныя, ні свецкія ўлады на гэта не пагадзіліся б. Справа ў тым, што абраз Езуса Міласэрнага разглядалі як прыклад польскага нацыяналізму: промні, якія выходзілі з грудзей Хрыста, інтэпрэтаваліся як польскія нацыянальныя колеры. Былі і іншыя прычыны немагчымасці змясціць абраз у Вострай Браме. Кс. Тадэвуш прапанаваў змясціць абраз Езуса Міласэрнага ў адзіным у Вільні выключна польскім касцёле Святога Духа, дзе ён калісьці захоўваўся. Так кс. Грасевіч трапіў да кс. Аляксандра Кашкевіча, тагачаснага пробашча віленскага касцёла і сённяшняга гродзенскага біскупа. Кс. Аляксандр Кашкевіч у выніку абраў адзін з алтароў, на якім павінен быў змясціцца абраз Езуса Міласэрнага. Аднак узнікалі цяжкасці з тым, каб пераправіць абраз з Новай Руды ў Вільнію – улады маглі перахапіць яго і знішчыць.
    Мастачка з Гродна Марыя Шоцік зрабіла копію абраза ў Новай Рудзе. Пасля гэтага пачалася складаная аперацыя па перадачы арыгінала абраза ў Вільню. Ёй кіраваў кс. Юзаф Грасевіч, з Адэльска з усім неабходным прыбылі с. Тэрэза Грынь з Інстытута Маці Божай Міласэрнасці, с. Цэцылія Абухоўская, сп. Ядзвіга Хітрушка, с. Тэрэза і кіроўца сп. Вацлаў. Уначы гэтыя ахвярныя людзі накіраваліся ў касцёл, дзе праз гарышча дэмантавалі частку драўлянай сцяны, уцягнулі абраз і павесілі замест яго копію. Скручанае ў рулон палатно абраза ўначы вывезлі ў Гродна. Так праз 30 гадоў абраз Езуса Міласэрнага быў вернуты ў Вільню, аднак не афіцыйна. Яго кс. Аляксандру Кашкевічу перадала с. Цэцылія Абухоўская падчас споведзі ў канфесіянале. Пасля гэтага абраз быў змешчаны ў падрыхтаваным алтары. Пазней рашэннем вільнюс­кага кардынала Башкіса абраз быў перанесены ў касцёл Святой Тройцы, дзе быў створаны першы ў Літве санктуарый Божай Міласэрнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.