ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Чацвер, 23 лістапада 2017 года
«Бог стварыў неба і зямлю для ўсіх.
На жаль, людзі збудавалі межы»
/ Папа Францішак /

Мы забываем, дзе наша айчына

Слова рэдактара

Мы пачынаем змагацца за "вечнае" зямное жыццё, якога няма. Няма паклікання да таго, каб быць палякам ці беларусам, багатым ці бедным, але ёсць пакліканне, каб быць Божым дзіцём.

   Сёння ўсё часцей падкрэс­ліваецца, як цяжка дастукацца да сэрцаў людзей, каб данесці да іх Добрую Навіну. Гэта звязана не толькі з тым, што сучасны свет закіданы рознага тыпу інфармацыяй, але перш за ўсё з тым, што чалавек, які перажывае крызіс жыцця і каштоўнасцей, закрываецца на ўсё, нават на Бога. Адсутнасць веры ў Бога прыводзіць да таго, што такія людзі блукалі і будуць блукаць па сваім жыцці, так і не знайшоўшы сабе адпаведнага месца. Адна легенда расказвае пра глухога чалавека, які ўбачыў перад сабой святло. Ён хацеў пайсці ў бок святла, але ім кіраваў страх. Ён не мог пачуць голас, які адказваў яму на пытанне “куды?”. Зрок ужо так часта падводзіў яго, што ён баяўся згубіцца. У яго не было каму даверыцца.
Мы часта становімся глухімі і сляпымі, нам здаецца, што ўжо няма куды ісці і, што яшчэ горш, што ў нас няма каму даверыцца. Мы спрабуем растлумачваць усё такім чынам: “Псуецца, бо мы сапсаваныя”. Чаму так? Ці тысячы людзей, якія ўдзельнічаюць у штодзённым жыцці Касцёла, таксама падвяргаюцца гэтаму? Чаму мы слухаем тое, што гаворыць свет, а забываемся пра Божую навуку?
    Забываючыся аб тым, што наша айчына знаходзіцца ў небе, мы становімся жыхарамі гэтай зямлі да канца і поўнасцю. Мы пачынаем змагацца за “вечнае” зямное жыццё, якога няма. Няма паклікання да таго, каб быць палякам ці беларусам, багатым ці бедным, але ёсць пакліканне, каб быць Божым дзіцём. А ў нас усё часцей бывае наадварот. Мы так моцна ўцягнуты ў вір штодзённага жыцця і жывём так, як быццам вечнага жыцця не існуе. У гэтых жыццёвых спаборніцтвах мы рознымі спосабамі хочам заняць першае месца. Несумненна, кожны хацеў бы мець сучасны аўтамабіль, дом, самае прыгожае адзенне ці найлепшае харчаванне, павышэнне на працы ці выігрыш у латарэі, але, безумоўна, нельга гэтым авалодваць любой цаной. Нельга прадаць душу дзеля зямнога жыцця. Захопленасць жыццём прыводзіць да таго, што мы становімся католікамі толькі на святы, што ўжо не выхоўваемся на Бібліі, што ўвогуле не пранікаемся тым, што Хрыстос нам скіроўвае. На мяжы такога жыццёвага шляху мы самі ў стане здагадацца, што нас можа чакаць, чаго мы заслужылі.
    Дастаткова часта ксяндзы ў казаннях прыгадваюць вернікам, што тут, на зямлі, мы знаходзімся як у пілігрымцы, якая нідзе надоўга не затрымліваецца, але імкнецца да вызначанай мэты. Гэтай мэтай для хрысціяніна з’яўляецца вечнае жыццё на небе. Чалавек увесь час патрабуе навяртання, аднаўлення. Патрабуе святла, якое выведзе яго са штодзённай цемры граху і непатрэбных людскіх заняткаў. Гэтым святлом для кожага з нас з’яўляецца сам Езус Хрыстус. Мы, па прыкладзе Апосталаў, павінны гаварыць пра Яго іншым людзям. Давайце не будзем забывацца пра гэта. Гаворачы пра Хрыста, мы ўзгадваем, дзе знаходзіцца айчына кожнага чалавека.
    Ёсць новы свет, ёсць новыя людзі, але Евангелле тое самае. Евангелле нашага жыцця сёння таксама моцна звязана з Евангеллем Хрыста. Калі чалавек пастараецца гэта зразумець і прыняць, тады тыя, часта замкнутыя, дзверы зямнога сэрца адкрыюцца на Езуса, адкрыюцца для вечнага жыцця ў небе.
    На заканчэнне варта пры­весці фрагмент Хрыстовай навукі: “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць. Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё” (Мц 6, 19-21). У зямным жыцці чалавечае сэрца можа стаць духоўным банкам, скарбы якога ашчаслівяць іх уладальніка ў небе.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  39

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.