ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Цярплівасць – ключ да радасці

Дзіцячы куточак

Дарагія сябры! Цярплівасці не хапае многім з нас. Часта вынікі здаюцца вельмі неістотнымі, а рух наперад ідзе настолькі павольна, што ў параўнанні з ім чарапаха здаецца балідам Формулы 1. Аднак, доўгая і карпатлівая праца ў адным кірунку – гэта ключ да поспеху.
Таму хачу расказаць Вам дзве невялікія прыпавесці, якія могуць дапамагчы зразумець мудрасць цярплівасці.
Цярплівы ганчар
Даўным-даўно жыў на свеце ганчар. І была ў яго мара – аднавіць забытую тэхналогію вытворчасці старажытнага глазураванага фарфору, які пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі.
   Год за годам ён цэлымі днямі сядзеў каля печы, спрабуючы розныя варыянты складу гліны. Але ўсе яго спробы заставаліся безвыніковымі.
   Родныя і сябры пачалі лічыць яго вар’ятам і папракалі за тое, што ён, як ім здавалася, дарма марнуе час.
   Ганчару даводзілася нават прыпыняць працу, таму што не хапала матэрыялаў, але як толькі яны з’яўляліся, праца закіпала зноў.
   І вось, надышоў дзень, калі ў яго не засталося нават дроў, каб падпаліць печ. Тады ганчар узяўся за мэблю. Дамачадцы абураліся і крычалі, але ён усё пакідаў у агонь. Усё да апошняй трэскі было спалена...
   А калі ганчар адкрыў печ, то ўбачыў, што яна напоўнена ярка-глазураваным фарфорам – тым самым, формулу якога ён спрабаваў аднавіць.
    Ганчар адразу стаў знакамітым. Хоць многія і не ведалі, што на гэта спатрэбілася некалькі гадоў жыцця і цярплівасць. Цярплівасць і настойлівасць – магутная сіла, таму што ўсе вялікія рэчы – гэта вынік невялікіх, але нязменных намаганняў.

Дрэва зімой
Неяк суровай зімой у нас скончыліся дровы. Бацька пайшоў у сад, знайшоў мёртвае дрэва і ссек яго.
    Увесну ён убачыў, што з пня ссечанага ім дрэва прабіваюцца парасткі.
   – Я быў упэўнены, – сказаў бацька, – што гэта мёртвае дрэва. Тады было так холадна, што ад марозу яго галіны трэскаліся, ламаліся і валіліся на зямлю, як быццам у яго ў каранях не заставалася і кроплі жыцця. Зараз я бачу, што ў гэтым ствале яшчэ тлела жыццё.
   Павярнуўшыся да мяне, бацька сказаў:
   – Запомні гэты ўрок. Ніколі не сячы дрэва зімой. Ніколі не прымай рашэнні, калі знаходзішся ў дрэнным стане. Чакай. Будзь цярплівей, дрэнныя хвіліны пройдуць. Памятай, што вясна вернецца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.