ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Дзякуй Богу за свята ў любое надвор’е: адбыўся ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці

З жыцця Касцёла

 Паўтары тысячы дзяцей сабраў ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, які арганізавалі маладыя сем’і на чале з кс. Юрыем Марціновічам у парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ. Дзеці прыязджалі цэлымі аўтобусамі з блізкіх і далёкіх мястэчак: Ліды, Навагрудка, Дзятлава, Іўя, Астраўца, Геранёнаў, а таксама з Маладзечна, Вілейкі і Віцебска. Парафія ў Паўднёвым рыхтавалася да гэтага свята паўгода: праграма ў выніку атрымалася надзвычай насычанай і яркай. Аднак значныя змены ў ход дзіцячага свята ўнесла надвор’е: дождж скасаваў тыя моманты праграмы, якія меліся праводзіць на вуліцы. Але кс. Юрый у такой сітуацыі сказаў проста: “Дзякуй Богу і за гэтае надвор’е”. А дзеці, якія ўмеюць радавацца ўсяму цікаваму пры любым надвор’і, цалкам сканцэнтраваліся на тым, што адбывалася ў гэты дзень. Гэтак разважым і мы: чым пералічваць, што ў праграме не ўдалося паказаць з-за дажджу, лепш узгадаем тыя яркія і кранальныя моманты, якіх на ІІ Дыяцэзіяльным дні дзіцяці было дастаткова.
Уся тэрыторыя каля касцё­ла была ўпрыгожана і добра прыстасавана да дзіцячага свята. Колькі слоў варта сказаць пра сцэну: у гэтым годзе дзякуючы спонсарам спецыяльна да дзіцячага свята ўдалося набыць усю зборную канструкцыю сцэны, якая будзе служыць на ўсе наступныя Дыяцэзіяльныя дні дзіцяці.
На самым пачатку мера­пры­емства да дзяцей звярнуўся кс. Юзаф Трубовіч:
   – Дарагія дзеці, усе мы Божыя стварэнні: Бог хацеў, каб мы нарадзіліся, каб мы радаваліся з гэтай Божай дабрыні і любілі адзін аднаго. Будзем удзячныя Богу і нашым бацькам, апекунам, святарам за тую радасць, якую мы сёння асаблівым чынам перажываем на гэтым свяце.
Пасля невялікага канцэрта хора “Журавушка” ўсе дзеці сабраліся ў касцёле на канферэнцыю і спевы. Вось тут асобнае дзякуй за вытрымку і знаходлівасць трэба выказаць а. Сяргею Ангуру CSR, пробашчу з Геранёнаў. Ці лёгка ўтрымаць увагу тысячы дзяцей хаця б з паўгадзіны? А святару ўдалося нават больш!
   А. Сяргей прыгадаў галоўную тэму сёлетняга свята для дзяцей: “Хачу быць апосталам Езуса Хрыста!”
   – Якім павінен быць апостал? А ці згаджаецеся Вы быць апосталамі? Гэта вельмі адказная справа. Апостал – гэта значыць той, каму Езус давярае. Ці хачу я быць такім?
   Дзеці хорам крычалі: “Так!”
   Разам з кс. Юрыем Марціновічам а. Сяргей з гітарай у ру­ках спяваў розныя рэлігійныя песні. Дзеці актыўна падпявалі, прытанцоўвалі і ахвотна развучвалі новыя творы. Моцна дапамагалі сёстры і святары, якія прывезлі дзяцей на свята. Яны без перапынку падтрымлівалі ў дзяцей святочны настрой, спяваючы і танцуючы разам з імі.
   Дзеці таксама адобрылі выс­туп клерыкаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Клерыкі падрыхтавалі сцэнку, у якой журналіст бярэ інтэрв’ю ў апостала Пятра. Апостал выглядаў даволі пераканаўча: у адмысловай вопратцы, з ключамі ад Нябеснай Брамы і добрай усмешкай. Дзеці выслухалі яго расповед пра тое, што кожнае дзіця можа вырасці апосталам і святым чалавекам. Апостал Пётр нават прывёў у прыклад гісторыю аднаго хлопчыка, які стаў святым. Таму, калі клерыкі вынеслі кошычкі з інструкцыямі, што трэба рабіць, каб стаць апосталам, дзеці гурбой кінуліся за паперкамі.
    А пасля маленькіх вернікаў прывіталі клаунэсы. Дзеці ахвотна адгукаліся на ўсе забавы і конкурсы, хоць глядзець на выступ даводзілася каля сцэны на паветры, хаваючыся пад парасоны і дажджавікі.
   Асобнае дзякуй трэба сказаць парафіянкам за палявую кухню. Яны налівалі тонны гарбаты і кампоту, наразалі тысячы бутэрбродаў. Арганізацыя звычайнага абеда для больш чым тысячы дзяцей патрабавала ад арганізатараў шмат высілкаў і цярпення.
   Вельмі прыгожым момантам стала св. Імша з удзелам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, святароў і чатырох новапрэзбітэраў.
   – Дарагія, любімыя дзеці, сардэчна вітаю вас на гэтым свяце! Цешуся, што нягледзячы на дождж, вы вясёлыя і добра выглядаеце. Я радуюся, што гэты храм запоўнены вамі – вы з’яўляецеся маладым Касцёлам, які дае вялікую на-дзею. Асабліва вітаю кс. Юрыя, які з’яўляецца арганізатарам гэтага мерапрыемства, і вітаю моладзь, якая дапамагае ксяндзу, бо ўтрымаць такое войска вясёлых, поўных энергіі дзяцей – нялёгка.
   Св. Імшу сваім спевам аздаблялі вернікі парафіі Божай Міласэрнасці з Вішняўца.
   Кс. Максім, вікарый гэтай парафіі, у размове перад св. Імшой, выказаў думку, чаму такія мерапрыемствы надзвычай сёння актуальныя:
   – Свой адбітак на сучаснае дзіця і яго паводзіны накладае вялікая колькасць розных гаджэтаў. Дзеці размаўляюць па тэлефоне і праз інтэрнэт, а з жывым чалавекам не ўмеюць дамовіцца, у іх губляецца навык жывой камунікацыі. Атрымліваецца, што сёння ў дзяцей не хапае жывога кантакта, каб вучыцца размаўляць з чалавекам, а праз гэта – у малітве з Богам. Таму такія падзеі, як дыяцэзіяльнае свята для дзяцей, вельмі патрэбныя хаця б для таго, каб дзеці сустракаліся з аднагодкамі з розных мясцовасцей і размаўлялі, разам спявалі і маліліся.
   Часам улагодзіць дзіцячы шум і гул было цяжкавата. Аднак на св. Імшы усе сцішыліся і ўважліва слухалі Божае слова, маліліся. Алтар дзеці абляпілі проста з усіх бакоў. Калі ксёндз біскуп выйшаў удзяляць камунію, дзеці гурбой абступілі Яго Эксцэленцыю. Кожнаму хацелася атрымаць Эўхарыстыю з рук біскупа.
   Напрыканцы літургіi­ нова­асве­чаныя святары ўдзялілі дзецям прыміцыйнае бласлаўленне. Чатыры маладыя святары пады­ходзілі да кожнага дзіцяці і ўскладалі рукі на галаву. Некаторыя дзеці, атрымаўшы бласлаўленне ад аднаго святара, беглі на другі бок, каб яшчэ іншы святар усклаў ім на галаву рукі. Новапрэзбітэры таксама атрымалі свае падарункі падчас свята: кветкі і прыгожыя вышываныя святарскія стулы.
   Варта таксама ўзгадаць пра Біблію і конкурс, у якім дзеці з усёй Беларусі перапісвалі Евангелле.
   – Удалося перапісаць прак­тычна ўсе тэксты Новага Запавету за выключэннем некаторых лістоў, – распавёў кс. Юрый. – Дзеці перапісвалі тэксты на беларускай, рускай і польскай мовах. Тэксты ў 800 файлах уклалі ў асобную кнігу, якую падчас св. Імшы ўрачыста прынеслі да алтара.
   За ўдзел у гэтым і іншых конкурсах дзеці атрымаюць падарункі. Умовы не дазволілі зрабіць гэта ўрачыста падчас Дня дзіцяці, аднак усе падарункі дойдуць да сваіх адрасатаў праз святароў, запэўнілі арганізатары.
   А напрыканцы мера­пры­емства быў вялізны торт з феерверкам і салютам. Пакуль дзялілі торт, на сцэну выйшаў дзіцячы хор з парафіі Квасоўка.
Пасля некалькіх песень кс. Юрый прапанаваў скончыць кан­цэрт, бо слухаць пад дажджом не надта добра. На што дзеці каля сцэны хорам адказалі    “Не!” і запатрабавалі працягу канцэрта.
   Замест высноў кс. Юрый, галоўны арганізатар Дня дзіцяці, сказаў наступнае:
   – Нам вельмі дапамагалі. Спонсары шмат зрабілі для свята дзяцей. Я ўжо не кажу пра ахвярную працу маладых сямей з парафіі ў Паўднёвым. Шкада, што нейкія вельмі яркія і цікавыя моманты не ўдалося сёння зрабіць, але як ёсць. Для нас гэта ўсё вопыт, і мы ўжо маем розныя цікавыя планы на наступны год, улічваючы сёлетнюю арганізацыю свята. Нам падалося, што дзеці падчас свята шчыра радаваліся, а гэта галоўнае.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.