ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Абвяшчаць Божае слова ў знаках сучаснай эпохі: у Гродне асвяцілі новых святароў

З жыцця Касцёла

 Чатыры дыяканы Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі 26 мая, у вігілію Спаслання Святога Духа, атрымалі святарскія пасвячэнні з рук ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. Ад гэтага моманту новапасвечаныя святары будуць выконваць найгалоўнейшыя абавязкі: абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць сакраманты і апекавацца даручаным ім Божым людам. Улічваючы, што ў Беларусі дагэтуль назіраецца недахоп святароў, для ўсёй каталіцкай супольнасці не толькі дыяцэзіі, але і краіны, гэтыя пасвячэнні сталі сапраўды радаснай падзеяй.
На самым пачатку св. Імшы ў гродзенскай катэдры кандыдаты, апранутыя ў альбы і падпяразаныя пасам, былі прадстаўлены біскупу: Віталь Бяленік, Генрык Яблоньскі, Валерый Спірыдон і Ян Раманоўскі. Гэтая прыгожая літургія, падчас якой ксёндз біскуп праз ускладанне рук і малітву пасвячае кандыдатаў у святары, стала вынікам вялікай духоўнай і разумовай працы маладых людзей падчас усяго навучання ў семінарыі. 5-дзённыя рэкалекцыі напярэдадні пасвячэнняў пад кіраў­ніцтвам духоўнайга айца семінарыі кс. Тадэвуша Крыштопіка мусілі канчаткова даць дыяканам усведамленне характару свайго паклікання.
У гаміліі ксёндз біскуп заахвоціў кандыдатаў да святарства яшчэ раз паразважаць над сваім пакліканнем. Гэты дар “з’яўляецца таямніцай Божай любові”, а таму трэба з любоўю і пакорай прасіць Хрыста аб тым, каб Ён даў патрэбныя ласкі для трывання ў гэтым пакліканні, а таксама дзякаваць Богу за гэтую “незаслужаную ласку абрання”.
   – Як кансэкраваны хлеб і віно падчас св. Імшы даюць Божае жыццё, так і кансэкраваны чалавек праз святарскае пасвячэнне павінен даваць звышнатуральнае жыццё братам і сёстрам у веры і ўмацоўваць яго праз сакраментальнае служэнне і абвяшчэнне Божага слова, – казаў ксёндз біскуп Аляксандр.
   Гэтае служэнне людзям святары павінны выконваць у духу любові, як гэта рабіў Хрыстос.
Біскуп падкрэсліў, што сёння, калі ў свеце шмат зла, патрэбны святыя святары. Толькі святар, які жыве глыбокай верай і гатовы на штодзённую ахвяру, можа адказваць на патрэбы людзей згубленых, слабых, збунтаваных супраць Бога, тых, што страцілі сэнс жыцця і шлях да сапраўднага шчасця. Для таго, каб быць святым, святару, як адзначыў біскуп, патрэбна малітва. Святар павінен пачынаць і завяршаць малітвай кожную душпастырскую справу. Кожны дзень у жыцці святара павінны прысутнічаць разважанне, малітва Брэ­віярыя, вывучэнне Святога Пісання, Ружанец і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. У гаміліі ксёндз біскуп таксама звярнуўся да бацькоў кандыдатаў да святарства:
   – Сёння вы складаеце Богу сваіх сыноў, як дар вашага сэрца, на службу Богу і людзям. [...] З узрушэннем прыміце Хрыста ў Эўхарыстыі з рук вашых сыноў-святароў.
   Ксёндз біскуп па­дзякаваў бацькам за хрысціянскае выхаванне і прыклад веры і заклікаў іх маліцца за сваіх дзяцей, каб тыя годна здзяйснялі пастырскае служэнне ў сваіх парафіях.
   Непасрэдна моманту пасвячэння ў святары папярэднічала супольна адспяваная ўсімі вернікамі Літанія да ўсіх святых. У гэты час кандыдаты кладуцца на падлогу крыжам тварам уніз – гэта пастава глыбокай пакоры і поўнай адданасці Богу. У Літаніі вернікі просяць заступніцтва ўсіх святых за будучых святароў. Пасля гэтай малітвы ў поўным маўчанні ксёндз біскуп ускладвае рукі на галаву кожнага кандыдата. Ускладанне рук з’яўляецца абрадам, праз які біскупы, паслядоўнікі апосталаў, перадаюць з пакалення ў пакаленне пастырскую ўладу ў Касцёле. У цішыні біскуп звяртаецца да Святога Духа, каб Ён напаўняў пасвечаных, перамяняў іх і даваў сілы для пакорнага здзяйснення служэння. За біскупам усе прысутныя святары ўскладваюць рукі на кожнага пасвечанага. Затым гучыць кансэкрацыйная малітва. Падчас яе разам з біскупам святары выцягваюць рукі над кандыдатамі і трымаюць іх так да канца малітвы пасвячэнняў. Затым прысутныя святары дапамагаюць новапасвечаным памяняць спосаб нашэння стулы з дыяканскага на святарскі і апрануць арнат.
   Яшчэ адзін важны і прыгожы момант святарскіх пасвячэнняў – намашчэнне алеем хрызма далоняў новапасвечаных святароў. Гэта сімвалізуе ўдзяленне Святога Духа, каб Той умацоўваў святара, які будзе асвячаць “хрысціянскі люд і складаць Богу Ахвяру”. Далей ксёндз біскуп Аляксандр перадаў кожнаму новапасвечанаму святару патэну з гостыяй і келіх з віном, пасля чаго ўдзяліў пацалунак супакою.
Пасля гэтага новыя святары поруч з ксяндзом біскупам канцэлебравалі літургію. Свае прыміцыйныя св. Імшы ў родных парафіях новапасвечаныя святары адправілі на наступны дзень, 27 мая.
   Пасля св. Імшы новапрэз­бітэры выказалі падзяку ўсім тым шмат­лікім людзям, якія спрычыніліся да таго, што ў іх жыцці надыйшоў момант святарскіх пасвячэнняў:
   – Тое, што столькі гадоў было прагай нашых сэрцаў і нашай марай, сёння стала рэальнасцю. Мы сталі святарамі. Хрыстос кажа: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас”. Пан Бог нас абраў сярод тысяч маладых людзей, каб зрабіць рыбакамі людскіх сэрцаў. Мы сёння дзякуем Богу, які адарыў нас такім вялікім дарам, як сакрамант святарства. Слова ўдзячнасці кіруем таксама той, якую называюць Маці святароў – Марыі. Дзякуем за тое, што Яна была з намі ў хвіліны спакусы, смутку і радасці, і застаецца з намі надалей. Дзякуем нашым бацькам за тое, што перадалі жыццё, выхоўвалі і былі для нас першым Касцёлам. Дзякуем Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Аляксандру за прызнанне нас годнымі гэтай святой паслугі і ўдзяленне нам пасвячэнняў прэзбітэрату.
   Маладыя святары таксама дзякавалі ксян­дзам пробашчам з родных парафій за тое, што ўгледзелі ў іх іскру паклікання, дзякавалі ксяндзам прафесарам ВДС у Гродне на чале з ксяндзом рэктарам Юзафам Станеўскім, духоўнаму айцу кс. Тадэвушу Крыштопіку за сталую духоўную падтрымку і навучанне на дарозе да святарства, усім іншым духоўным асобам за дапамогу і падтрымку, усім вернікам за малітву.
   Пасля пасвячэнняў нова­прэз­бітэраў чакалі шмат­­лікія родныя, блізкія і сябры з кветкамі і падарункамі, каб павін­шаваць з самай важнай падзеяй у іх жыцці. У першую чаргу кожны новапасвечаны святар пацалаваў руку маці ў знак глыбокай падзякі і павагі, што выхавала свету святара.
   Напэўна, святары ні­колі не прыходзілі ў лёгкія часы. Кожная эпоха і час маюць свае асаблівасці і складанасці. Увогуле, дай­сці да чалавечага сэрца і перамяніць яго – місія нялёгкая. А сёння, калі мы шмат кажам пра новую евангелізацыю, маладым святарам давядзецца шмат клапаціцца пра тое, каб знайсці словы, формы, учынкі, якія б даносілі Божае слова і праўду да людзей у адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняй эпохі. Свет вельмі пільна ўглядаецца ў сённяшняга святара: ці не аджылі ўжо свой век тыя ісціны і каштоўнасці, якія ён прамаўляе? І сучаснаму маладому святару трэба пакласці ўсяго сябе, каб даказаць вялікую надзённасць і патрэбу чалавецтва ў навуцы Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.