ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Касцёл Беззаганнага Зачацця НПМ у в. Кашубінцы

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Усход
Драўляны касцёл пад тытулам Маці Божай Беззаганнага Зачацця быў заснаваны тут у 1750 г. гродзенскімі езуітамі, якія распачалі пры святыні сваю місію. З часам вакол касцёла ўтварыліся могілкі. У ХIХ ст., калі вёска належала роду Багаткаў, святыня мела статус капліцы ад Азёрскай парафіі. Абраз Маці Божай Снежнай у галоўным алтары лічыўся цудадзейным, існаваў яшчэ ў 1939 г., але да нашых дзён не захаваўся. У тыя часы колькасць парафіян перавышала 1500 вернікаў, да парафіі належала капліца ў Скідзелі. У 1962 г. касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і з часам пераўтварыўся ў руіны. Будынак былой плябаніі быў прыстасаваны пад жылы дом. У 1989 г. касцёл нарэшце быў вернуты парафіянам, пачалася яго рэстаўрацыя, а праз некалькі гадоў ён быў ізноў асвечаны пад гістарычным тытулам Маці Божай Беззаганнага Зачацця.
    У апошнія гады парафія налічвае крыху больш за 100 вернікаў, якія ў 2009 г. разам з пробашчам а. Пятром Марцінцам CMF распачалі рамонт святыні.
Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай алтарнай часткай і адзінай сакрыстыяй, вуглы галоўнага фасада завершаны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі. Святыня перакрыта высокім двухсхільным шыферным дахам з вальмамі над апсідай. Побач з касцёлам раней стаяла званіца (не захавалася). Перад бакавым уваходам у касцёл стаіць фігура Маці Божай з маленькім Езусам, перавезеная сюды з в. Котра.
    Залавы інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю, упрыгожваюць тры алтары. У галоўным змешчаны тытульны абраз Маці Божай Беззаганнай (абраз мае подпіс па-польску: “Супольнасць АА. Місіянераў, Сыноў Беззаганнага Сэрца Марыі – аа. кларэтыны. А. Станіслаў Гаўлік. Мастак Відмантас Велювіс, 1991”) у акружэнні абразоў свв. Яўхіма (злева) і Ганны. Над алтаром знаходзіцца надпіс “AMEN ALLELUJA”, а над аркай прэсбітэрыя – “Вочы мае будуць адчынены, і вушы мае гатовыя да малітвы таго, хто будзе на тым месцы маліцца”. Бакавыя алтары двух’ярусныя. У левым над абразом св. Мікалая, біскупа, змешчаны абраз Езуса Міласэрнага, у правым над абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Над нартэксам зроблены арганныя хоры, але ад старажытнага аргана захаваўся толькі каркас-фасад. Цяпер хоравая агароджа ўпрыгожана рознымі варыянтамі польскага дзяржаўнага герба.
    Некалі ў в. Котра дзейнічала рыма-каталіцкая парафія. У 1550 г. як ужо дзейны, адзначаны касцёл Гродзенскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. Але пазнейшых звестак аб святыні ў Котры пакуль не знойдзена. Магчыма, касцёл быў знішчаны падчас “шведскага патопу” і больш не адрадзіўся. У ХIХ ст., калі вёска належала Багаткам, тут дзейнічала капліца ад Азёрскай парафіі. Да 1839 г. на могілках дзейнічала грэка-каталіцкая капліца ад Скідзельскай уніяцкай парафіі (магчыма, гаворка ідзе пра тую самую святыню). У міжваенны час капліца тут ужо не згадвалася, яна магла знікнуць падчас Першай сусветнай вайны. Да 1939 г. вернікі ў Котры збіраліся пры паліхромнай фігуры Панны Марыі з маленькім Езусам, якая стаяла ў панскай сядзібе. Чырвонаармейцы скінулі фігуру Маці Божай з пастамента, тады вернікі перавезлі яе ў сад каля в. Гушчыцы. У 1990-я гг. статуя была перавезена ў Кашубінцы, дзе ўсталявана перад уваходам у касцёл.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.