ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Чалавека трэба мераць мераю сэрца”

На шляху да святасці

18 мая каталіцкая супольнасць згадвала Дзень нараджэння бл. Яна Паўла II. У гэты дзень гродзенская моладзь з АД “OPEN” падрыхтавала чуванне ў гонар вялікага святара.
Вячэрнюю св. Імшу ў катэдры, пасля якой адбылося чуванне, праводзіў кс. Антоні Грэмза, кіраўнік душпастырства моладзі. У гаміліі ксёндз распавёў пра дзіцячыя гады Караля Вайтылы, будучага Папы. Кожны дзень з самага ранку хлопчык Караль уставаў, каб ісці на св. Імшу і прыслужваць у касцёле пры алтары. Ён лепш за ўсіх вучыўся і вельмі любіў спорт. За адкрытасць, усмешлівасць і пачуццё гумару хлопчыка Караля называлі Лёлікам.
   – Чаму я вам расказваю пра дзіцячыя гады Папы? – звяртаўся да моладзі падчас св. Імшы кс. Антоні. – Таму што я хачу давесці вам, што будучы Папа ў дзяцінстве быў звычайным хлопчыкам, але ён жыў у хрысціянскай радасці. Гэтая радасць ішла ад яго любові – да Бога, да людзей побач. Гэтая вялікая любоў дазволіла яму стаць тым вялікім чалавекам, якога сёння ведае і шануе ўвесь свет.
Чуванне ў катэдры пачалося са спецыяльнай малітвы Касцёла ў інтэнцыі хуткай кананізацыі бл. Яна Паўла II, каб Бог зрабіў цуды праз малітву да гэтага блаславёнага, што дазволіла б прылічыць яго імя да ліку святых.
Ян Павел II ішоў доўгай дарогай да святасці. Час, абставіны і людзі не рабілі яе лёгкай. Але гэты чалавек усім сваім жыццём паказваў, колькі любові можа дарыць чалавечае сэрца, якое поўніцца верай у Бога і Яго міласэрнасць. Вялікі Папа меў, што сказаць людзям пра любоў, сяброўства, пра адносіны паміж людзьмі, паміж Богам і чалавекам. Падчас чування моладзь выкарыстоўвала самыя яркія і трапныя выказванні бл. Яна Паўла II, якія дэманстравала на вялікім экране ўсім прысутным вернікам. Семінарыйны гурт “AVE” сваімі спевамі дадаваў чуванню яшчэ больш пранікнёны настрой.

   “Чалавек вялікі не праз тое, што мае, але праз тое, кім з’яўляецца, не праз тое, што мае, а праз тое, чым ён дзеліцца з іншымі”.

   Адным з цікавых расповедаў, якія падрыхтавалі на чуванні ўдзельнікі АД “OPEN”, была гісторыя сяброўства Яна Паўла II і Ежы Клюгера, “яўрэйскага сябра Папы”. Яны вучыліся ў адным класе. Менавіта ад яго Караль многае даведаўся пра яўрэяў і юдаізм. Біёграфы кажуць, што асоба Ежы Клюгера аказала вялікі ўплыў на адносіны папы Яна Паўла II з юдэямі. Калі з пачаткам II Сусветнай вайны сябры згубілі сляды адзін аднаго, то ўбачыцца ім давялолся толькі праз 27 гадоў. Тады, падчас той сустрэчы, Ежы Клюгер звярнуўся да кракаўскага арцыбіскупа Караля Вайтылы “Ваша Эксцэленцыя” і пачуў у адказ: “Называй мяне Лёлік, як у дзяцінстве...” Сваё сяброўства яны ўжо захавалі да самай смерці Яна Паўла II у 2005 годзе.
   Даць свой прыклад любові да бліжняга і зрабіць камусьці падарунак моладзь прапанавала ўсім удзельнікам чування. Кожны прысутны атрымаў картку, на якой пазначыў сваё імя. Пасля ўсе карткі змяшалі, а напрыканцы кожны выцягнуў картку з нейкім імем.
– Вы можаце падарыць гэтаму чалавеку, імя якога ўжо ведаеце, самае дарогае – малітву, – моладзь прапанавала, каб кожны штодня на працягу тыдня маліўся ў інтэнцыі чалавека, імя якога атрымаў. Чалавек будзе адчуваць, што дзесьці ёсць асоба, якая за яго моліцца і просіць у Бога апекі для яго.
   Акрамя картак усе ўдзельнікі чування атрымалі невялікія жоўтыя і белыя стужачкі, якія ў канцы сустрэчы звязалі ў адну доўгую стужку, якую пасля разам трымалі – такі жэст можа сімвалічна пераказваць з’яднанне людзей у хрысціянскай любові.
Ян Павел II не павучаў людзей, але ён навучаў усім сваім жыццём, даючы сведчанне годнай хрысціянскай паставы. Калі Папа казаў пра любоў і сяброўства, то ён любіў і сябраваў. Калі ён казаў пра веру да Бога, то найперш сведчыў аб ёй праз учынкі. Падалося, што гродзенская моладзь змагла гэта давесці ўсім удзельнікам чування памяці бл. Яна Паўла II.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.