ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Свята для маленькіх вернікаў: як навучаць дзяцей веры ў Бога?

З жыцця Касцёла

кс. Юрый Марціновіч
У раннім дзяцінстве закладаюцца асновы асобы чалавека. Гэта той падмурак, які будзе прадвызначаць трываласць або крохкасць сцен, перакрыццяў, даху ўсёй чалавечай асобы. Калі падмурак у чалавека грунтоўны, яму будзе лягчэй утрымацца пад націскам жыццёвых бед і спакус. Такі падмурак могуць закласці клапатлівыя бацькі, адорваючы дзіця любоўю, навучаючы веры ў Бога, дзелячыся з ім радасцю і міласэрнасцю. Дапамагчы ўмацаваць гэтыя вартасці можа Касцёл праз належную навуку і рэлігійнае выхаванне. Усведамляючы, як важна прывучаць дзіця з самых ранніх гадоў да шчырай пабожнасці, Гродзенская дыяцэзія ўжо другі год будзе ладзіць Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Яго галоўным арганізатарам з’яўляецца кс. Юрый Марціновіч, які разам з аднадумцамі, галоўным чынам з парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ у Паўднёвым, ужо з зімы прыдумляе, як найцікавей правесці свята для маленькіх вернікаў у першы дзень лета. Мы папрасілі кс. Юрыя падзяліцца цікавосткамі арганізацыі Дня дзіцяці, хоць усе сакрэты ксёндз выдаць адмовіўся.

   – Кс. Юрый, чым найперш з’яўляецца Дзень дзіцяці для Вас як арганізатара і святара?
    – Для мяне як маладога святара Дзень дзіцяці з’яўляецца яшчэ адной нагодай, калі я магу выйсці да людзей, асабліва тых маладых, каб у чарговы раз здзяйсняць словы Хрыста: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы дзіцяці іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа” (Мц 28, 19). Проста гэта маё жыццё, якое заключаецца ў службе іншаму чалавеку, каб рэалізаваць сваё штодзённае пакліканне, якім я быў адораны самім Богам без ніводнай маёй заслугі.

    – Навошта ў дыяцэзіі пачалі ладзіць Дзень дзіцяці? Ці не дастаткова розных забаўляльных праграм на 1 чэрвеня ў горадзе?
    – Галоўнай мэтай гэтай сустрэчы з’яўляецца сабраць дзяцей, каб яны бліжэй пазналі Бога, каб адкрылі Яго ў іншым чалавеку, сваім аднагодку. Таксама праз гэтую сустрэчу мы хочам падрыхтаваць сучасных апосталаў, якія пасля прыезду дахаты, у свае парафіі, школы і мястэчкі будуць распавядаць іншым пра Езуса, не саромеючыся сваёй прыналежнасці да Касцёла. Дзеці – гэта будучыня Касцёла, таму трэба ўжо сёння клапаціцца пра гэтую будучыню. “Вы з’яўляецеся будучыняй свету! Вы з’яўляецеся надзеяй Касцёла! Вы – мая надзея!” – казаў падчас свайго пантыфікату бл. Ян Павел II. У значнай ступені ад сучаснага пакалення, а гэта значыць, ад дзяцей і моладзі, залежыць, якое будзе аблічча зямлі і нашага краю праз некалькі дзясяткаў гадоў. Таму вельмі добра, што наша Гродзенская дыяцэзія ўжо 20 гадоў развіваецца і абвяшчае ўваскрослага Хрыста людзям, асабліва дасягаючы многіх дзіцячых і маладых сэрцаў.

    – Якія моманты леташняга Дня дзіцяці Вы лічыце самымі ўдалымі?
    – Самым радасным быў момант прыезду і прывітання дзяцей, якія прыязджалі з усёй дыяцэзіі разам з душпастырамі і катэхетамі. Самым прыемным было тое, што наша запрашэнне на I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці дайшло да вялікай колькасці святароў і манаскіх сясцёр, якія арганізавалі прыезд дзяцей. А на першы раз іх прыехала дзесьці 983 чалавекі.

    – Што цікавага арганізатары рыхтуюць для дзяцей на II Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці?
    – У Евангеллі паводле св. Марка чытаем: “І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім. Бачачы гэта, Езус абурыўся на іх і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго». І туліў іх да Сябе, і ўскладаў на іх рукі, і бласлаўляў іх” (Мк 10, 13-16).
    Таму сёлета будуць запрошаны святары неапрэзбітэры, якія па прыкладзе самога Езуса ўскладуць свае святарскія рукі на галовы дзецям, каб удзяліць ім прыміцыйнае бласлаўленне.
    Акрамя гэтага, Дзень дзіцяці будзе праводзіцца ў духу апостальскіх часоў, калі Езус хадзіў па зямлі і навучаў людзей. У сустрэчы прымуць удзел 12 апосталаў, якія будуць суправаджаць сустрэчу і дапамагаць у рэалізацыі вызначанай праграмы.
    Для забавы арганізатары падрыхтуюць шацёр-галерэю, дзе дзеці змогуць паказаць свае артыстычныя, выяўленча-мастацкія і пластычныя здольнасці.
    Але, канешне, мы не можам раскрыць усіх цікавых момантаў, якія плануем правесці. Каб убачыць усё гэта на ўласныя вочы, запрашаем 1 чэрвеня да ўдзелу ў Дні дзіцяці.

    – А наколькі бацькі дапамагаюць Вам ладзіць гэтае свята?
    – У падрыхтоўцы гэтай сустрэчы дапамагаюць маладыя сужэнцы з парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ, якія працуюць над канчатковай праграмай Дня дзіцяці, а таксама над арыгінальнымі і цікавымі момантамі. Безумоўна, да супольнай творчасці запрашаем усіх ахвотных, якія могуць штосьці прапанаваць. Мы надалей адкрытыя на прапановы. Дастаткова пазваніць ці напісаць.

    – Як у святле размоў пра новую евангелізацыю варта сёння распавядаць дзецям пра Бога, пра хрысціянскую любоў, міласэрнасць? Як заахвочваць чытаць Біблію?
    – Казаць дзецям пра Бога трэба простай мовай. Гэты пераказ, я лічу, павінен быць жывым. Гэта значыць, ён павінен пацвярджацца ўласным прыкладам, стаўленнем, сапраўднай любоўю да Бога і бліжняга. Трэба быць перакананым у тым, што абвяшчаеш. А таму, калі ты хочаш паказваць іншым шлях да Езуса, ты павінен сам найперш адкрыць Яго ў сваім жыцці. Трэба пазнаць Бога, палюбіць Яго і толькі тады дзяліцца Ім з іншымі.
    Біблія – гэта слова самога Бога. Гэта ліст, які Бог Айцец скіраваў да нас, сваіх дзяцей. Калі мы атрымліваем ліст ад сяброўкі ці калегі, то хутка адкрываем канверт, каб прачытаць гэтыя прыгожыя і цёплыя словы, якія да нас напісаў блізкі нам чалавек. А як жа з тым лістом, аўтарам якога з’яўляецца сам Бог? Не можа ж ён ляжаць некранутым!

    – Наколькі актыўна дзеці пачалі ўдзельнічаць у конкурсе па перапісванні тэкстаў Святога Пісання?
    – Зацікаўленых гэтым конкурсам-заданнем, які палягае на перапісванні Новага Запавету Бібліі, ужо вельмі шмат. У гэтую справу ўключыліся дзеці з усёй Беларусі, якія перапісваюць чарговыя раздзелы Новага Запавету. Цешыць той факт, што заангажавалася шмат дзяцей з іншых парафій, якія сочаць за інфармацыяй да Дзён дзіцяці. Аднак, хацелася б, каб многія дзеці маглі скарыстацца гэтым запрашэннем і прыехаць 1 чэрвеня 2012 года ў Гродна. Мы ўжо сёння гарантуем, што на гэтай сустрэчы дзяцей чакае цэлы набор забаў у апостальскім духу: малітва, добрае баўленне часу, конкурсы, а на заканчэнне – салодкі сюрпрыз.
    І ўжо на самы канец хочацца падзяліцца з Вамі сваёй марай: я хацеў бы, каб гэты Дзень дзіцяці з часам пераўтварыўся ў вялікі сямейны фэст нашай дыяцэзіі, на які будуць прыязджаць дзеці разам са сваімі бацькамі, каб супольна ў малітве і засяроджанні перажыць гэты час, а таксама падзарадзіць свае батарэі.

    – Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.